Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вераніка Цапкала паскардзілася на парушэньне правоў яе дзяцей падчас канфіскацыі і продажу яе дому


Дом сям’і Цапкалаў у Менску. Архіўнае фота
Дом сям’і Цапкалаў у Менску. Архіўнае фота

9 красавіка на ўжо чацьвёртым аўкцыёне продажу дому ў Менску, які належыць сям’і Цапкалаў, будынак прадалі за цану амаль удвая меншую, чым прапаноўвалі падчас першага аўкцыёну.

Вераніка Цапкала накіравала заяву генэральнаму пракурору Беларусі «аб парушэньні канстытуцыйных правоў непаўналетніх дзяцей, перасьледзе з палітычных прычынаў» у сувязі з тым, што дом, у якім зарэгістраваная яна зь дзецьмі, прадалі на аўкцыёне.

У заяве генэральнаму пракурору Андрэю Шведу, якую Вераніка Цапкала апублікавала ў Фэйсбуку, яна паведамляе, што ёй стала вядома аб продажы 9 красавіка з аўкцыёну яе дому, які ёсьць «адзіным месцам жыхарства і рэгістрацыі яе і яе непаўналетніх дзяцей».

«Прычынай канфіскацыі паслужыў удзел майго мужа ў прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году і яго адкрытая палітычная пазыцыя, якая палягае ў адстойваньні права народу Рэспублікі Беларусь абіраць уладу шляхам свабодных і справядлівых выбараў, як гэта прадугледжана артыкулам 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», — піша яна.

Паводле Веранікі Цапкалы, у адказ на падачу яе ранейшай скаргі ў сувязі з продажам кватэры, якая належыць сям’і, супраць яе была сфабрыкаваная крымінальная справа.

Вераніка Цапкала піша, што гэтым продажам улады парушылі шэраг законаў і Канстытуцыю Беларусі, а менавіта:

  • артыкул 48 Канстытуцыі — «Ніхто ня можа быць адвольна пазбаўлены жыльля»
  • артыкул 32 Канстытуцыі — «Мацярынства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы»
  • артыкул 29 Канстытуцыі — «Жыльлё недатыкальнае. Ніхто ня мае права пранікаць у жыльлё супраць волі асобаў, якія ў ім жывуць»
  • артыкул 67 Кодэксу аб шлюбе і сям’і — дзяржаўныя органы абавязаны прымаць меры для абароны правоў і інтарэсаў дзіцяці
  • артыкул 4 Закону «Аб правах дзіцяці» — дзяржава забясьпечвае абарону правоў і законных інтарэсаў дзіцяці
  • і іншыя палажэньні.


«Пакараньне маці і непаўналетніх дзяцей за палітычную пазыцыю мужа павінна быць расцэненае як баязьлівы акт асабістай помсты, накіраваны супраць заведама невінаватых сямейнікаў. Падобныя дзеяньні, прыкрытыя фасадам закону, ня толькі злачынныя, але і ганебныя з гледзішча чалавечага сумленьня, яны дэманструюць подласьць і маральную нізасьць тых, хто стаіць за іх ажыцьцяўленьнем», — піша Вераніка Цапкала.

Яна таксама папярэджвае тых, хто купіў яе дом па заніжанай цане: падобная ўгода можа трактавацца паводле артыкулу 210-1 КК Беларусі як крадзеж з выкарыстаньнем службовага становішча.

Як прадавалі дом Цапкалаў

Дом сям’і Цапкалаў знаходзіцца ў мікрараёне Сьляпянка ў Менску.

9 красавіка дом Цапкалаў прадалі за 1 157 200 беларускіх рублёў (каля 337 тысяч эўра ці амаль 368 тысяч даляраў паводле курсу Нацыянальнага банку Беларусі). Да гэтага яго яшчэ тройчы спрабавалі прадаць з аўкцыёну — 26 лютага, 15 студзеня 2025 году і 19 сьнежня 2024 году. Першы раз пачатковая цана лоту была 2 104 000 рублёў, другі раз цану зьнізілі да 1 683 200 рублёў, трэці раз да 1 262 400 рублёў. Усе тры разы таргі не адбыліся — не знайшлося ахвотнікаў купіць дом.

У лот уваходзілі двухпавярховы будынак плошчай амаль 420 м² на вуліцы Цяплічнай, № 7 у Менску (унутры ёсьць часткова мэбля і прадметы інтэрʼеру), а таксама зямельны ўчастак 0,1411 га з будынкамі. У доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей.

У аб’яве на продаж адзначана, што нерухомасьць пад арыштам, суд забараніў зьдзяйсьняць зь ёю рэгістрацыйныя дзеяньні. Таксама ўказана, што ў доме зарэгістраваныя тры чалавекі, у тым ліку двое непаўналетніх дзяцей. Даўжніком лічыцца Цапкала Валер Вільямавіч, ён жа і ўладальнік маёмасьці.

Паводле беларускага заканадаўства, нельга забіраць жыльлё, у якім жыве даўжнік або ягоная сям’я. Аднак улады Беларусі сканфіскавалі і прадалі на аўкцыёне кватэры Ціханоўскіх і Цапкалаў, нягледзячы на тое, што ў іх былі зарэгістраваныя непаўналетнія дзеці.

У красавіку 2024 году з другой спробы прадалі трохпакаёвую кватэру сям’і Цапкалаў ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага ў Менску. Першыя таргі таксама праваліліся — ахвочых не было. Пры другой спробе, пасьля паніжэньня цаны, яны зьявіліся.

Калі Вераніка Цапкала даведалася, што ўлады выставілі кватэру на продаж, яна заявіла, што кватэра належыць яшчэ і непаўналетнім дзецям, а гэты факт, згодна з законам, не дазваляе адчужаць маёмасьць. Яна заклікала пракуратуру і Сьледчы камітэт правесьці расьсьледаваньне, а таксама паабяцала, што калі вернецца ў Беларусь, запатрабуе з пакупніка арэндную плату за ўвесь час карыстаньня кватэрай.

Хто такія Валер і Вераніка Цапкалы

Вераніка і Валер Цапкалы падчас пікету для збору подпісаў за Валера Цапкалу ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, Бараўляны, 4 чэрвеня 2020 году
Вераніка і Валер Цапкалы падчас пікету для збору подпісаў за Валера Цапкалу ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі, Бараўляны, 4 чэрвеня 2020 году

Валер Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналёгіяў. Для ўдзелу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году ён сабраў ініцыятыўную групу. Аднак ЦВК адмовіла яму ў рэгістрацыі, бо нібыта сабраных подпісаў пасьля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусьцілі да ўдзелу ў выбарах, ягоная жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай.

Сам палітык пакінуў краіну ў ліпені 2020 году, баючыся крымінальнага перасьледу. Пазьней да яго ў Латвію пераехалі жонка і дзеці.

6 студзеня 2021 году Валер Цапкала абвясьціў аб стварэньні Беларускага дэмакратычнага форуму, які меўся быць супрацьвагай арганізаванаму Лукашэнкам «Усебеларускаму нацыянальнаму сходу».

У красавіку 2023 году Менскі абласны суд завочна прысудзіў яму 17 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 1000 базавых велічыняў, а таксама пазбавіў яго права 5 гадоў займаць арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG