Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пасьля заявы Трампа прыпыняе контрзахады ў адказ на мыты ЗША, — кіраўніца Эўракамісіі


Урзуля фон дэр Ляен
Урзуля фон дэр Ляен

Эўразьвяз прыпыніць на 90 дзён свае захады ў адказ на мыты, уведзеныя прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, заявіла прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен. Раней Трамп таксама заявіў пра прыпыненьне новых мытных тарыфаў на 90 дзён.

«Мы прынялі да ведама заяву прэзыдэнта Трампа. Мы хочам даць перамовам шанец. Фіналізуючы контрзахады ЭЗ, якія атрымалі моцную падтрымку з боку нашых дзяржаў-чальцоў, мы прыпыняем іх на 90 дзён», — напісала Урзуля фон дэр Ляен сацсетцы X.

Фон дэр Ляен дадала: калі перамовы ня будуць пасьпяховымі, контрзахады пачнуць дзейнічаць:

«Працягваецца падрыхтоўчая праца па далейшых мерах супрацьдзеяньня. Як я ўжо казала раней, усе варыянты застаюцца на стале».

Раней яна вітала рашэньне прэзыдэнта Злучаных Штатаў Дональда Трампа аб прыпыненьні ўзаемных мытаў і назвала гэта «важным крокам да стабілізацыі сусьветнай эканомікі».

У той жа час, паводле слоў чыноўніцы, Эўропа працягвае працаваць над дывэрсыфікацыяй свайго гандлёвага партнэрства, супрацоўнічаючы з краінамі, на якія прыпадае 87% сусьветнага гандлю і «якія падзяляюць нашу прыхільнасьць да свабоднага і адкрытага абмену таварамі, паслугамі і ідэямі».

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 9 красавіка заявіў пра 90-дзённую паўзу і «істотнае зьніжэньне» ўзаемных мытаў з 75 краінамі на гэты пэрыяд. У той жа час, ён аб’явіў пра неадкладнае павышэньні мытаў на кітайскія тавары да 125%, абвінаваціўшы Пэкін у «адсутнасьці павагі» да сусьветных рынкаў.

  • 2 красавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў пра ўвядзеньне гандлёвых мытаў для пераважнай большасьці гандлёвых партнэраў Злучаных Штатаў. У прыватнасьці, мыта ЗША для тавараў з Кітаю склала 34%. Імпарт з краін Эўразьвязу ЗША абклалі 20-працэнтным мытам, для Вялікай Брытаніі вызначылі 10%, для шэрагу краін мыты дасягнуць 40 і больш працэнтаў.
  • Беларусі й Расеі ў сьпісе няма. Прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Левіт заявіла, што Расея не фігуруе ў гэтым сьпісе, бо санкцыі ЗША ўжо «выключаюць магчымасьць значнага гандлю», а «Куба, Беларусь і Паўночная Карэя — паколькі наяўныя тарыфы і санкцыі супраць іх ужо высокія».
  • Кітайскія ўлады ў адказ заявілі, што тарыфы, устаноўленыя ЗША, «на аснове субʼектыўных і аднабаковых адзнак», не адпавядаюць правілам гандлю, наносяць сурʼёзны ўрон законным правам і інтарэсам адпаведных бакоў і «зьяўляюцца тыповай практыкай аднабаковага запалохваньня». 4 красавіка Кітай абʼявіў пра ўвядзеньне мытаў у памеры 34% на ўсе амэрыканскія тавары.
  • 8 красавіка прэс-сакратарка Белага дома Кэралайн Левіт паведаміла, што прэзыдэнт ЗША прыняў рашэньне ўвесьці дадатковыя мыты ў 84% на ўвесь кітайскі імпарт, што павялічыць агульны памер мытаў да 104%. Новыя мыты на імпарт з Кітаю пачалі дзейнічаць 9 красавіка.
  • Кітай заявіў, што ў адказ на гэтыя меры павысіць мыты на амэрыканскія тавары да 84% з 10 красавіка.
  • 9 красавіка таксама стала вядома, што краіны Эўразьвязу прагаласавалі за прапанову Эўракамісіі аб увядзеньні гандлёвых контрмераў супраць ЗША, імі будуць абкладаць некаторыя віды тавараў, паведамляецца на сайце Эўракамісіі. Новыя мыты пачнуць спаганяць з 15 красавіка.
  • 9 красавіка Дональд Трамп заявіў «неадкладнае» павышэньне мытаў на імпарт тавараў з Кітаю да 125%. Разам з тым Трамп аб'явіў 90-дзённую паўзу з паніжаным мытам у 10% для краін, якія не ўжылі мераў у адказ супраць ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG