Міністры абароны Беларусі і Ірану Віктар Хрэнін і Азіз Насірзадэ падпісалі выніковы пратакол візыту, а ў часе перамоваў заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
Як паведаміла прэсавая служба беларускага абароннага ведамства, перамовы праходзілі ў Цэнтральным доме афіцэраў у Менску.
«Бакі абмяркоўваюць цяперашні стан двухбаковага вайсковага супрацоўніцтва, намячаюць шляхі яго інтэнсыфікацыі ў галінах, да якіх ёсьць узаемны інтарэс», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Іранскае інфармацыйнае агенцтва Mehr (MNA) паведаміла, што міністар абароны Ірану правядзе сустрэчы з «вайсковымі і невайсковымі асобамі Беларусі ў пытаньнях разьвіцьця двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сфэрах».
«Апроч таго, іранскія і беларускія афіцыйныя асобы абмяркуюць абароннае супрацоўніцтва і абмен тэхналёгіямі, а таксама вывучаць магчымасьці для пашырэньня ўзаемадзеяньня паміж дзьвюма краінамі. Гэты візыт накіраваны на ўмацаваньне стратэгічных дачыненьняў паміж Тэгеранам і Менскам, што сьведчыць аб рашучасьці дзьвюх краін павышаць узровень узаемнай супрацы», – адзначаецца ў паведамленьні агенцтва.
Летась дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведвала Беларусь тройчы. Менск і Тэгеран актывізавалі вайсковую супрацу ў лістападзе 2023 году, калі адбылося першае паседжаньне беларуска-іранскай міжведамаснай камісіі вайсковага супрацоўніцтва.
- У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сіл Ірану Сэед Галандары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў канцы красавіка — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Узброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
- 27 красавіка 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацоўніцтва з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
- У пачатку траўня стала вядома, што беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі 2024» у Тэгеране.
- 16 траўня ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту завязаньня беларуска-іранскіх дыпляматычных адносінаў (у 1993 годзе) акрэдытаваны вайсковы аташэ пры амбасадзе Ірану ў Расеі і Беларусі (па сумяшчальніцтве) — капітан першага рангу Рэза Хусраві Мугадам.
- Дыялёг паміж Менскам і Тэгеранам «на ўсіх узроўнях упэўнена пашыраецца», — заявіў Аляксандар Лукашэнка, віншуючы 6 ліпеня 2024 году Масуда Пэзэшкіяна зь перамогай на выбарах прэзыдэнта Ірану, і запрасіў яго ў Беларусь. Лукашэнка наведваў Іран у сакавіку 2023 году.
- 30 ліпеня старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігар Сергеенка прыняў удзел у інаўгурацыі новага прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна, а пасьля сустрэўся зь ім і абмеркаваў далейшае супрацоўніцтва.
- 31 ліпеня дэлегацыя Міністэрства абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацоўніцтва ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
- 7 жніўня камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану генэрал-маёрам Абдулрагімам Мусаві і камандзерам ВПС Ірану брыгадным генэралам Хамідам Вахэдзі.
Форум