Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быццам на іншай плянэце». Як беларусы зьяжджаюць у эміграцыю ў непапулярныя краіны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларус расказаў, як пасьля турмы зьехаў жыць у Гішпанію і зь якімі складанасьцямі там сутыкнуўся. Кіраўнік фонду дапамогі беларусам расказаў пра складанасьці эміграцыі ў непапулярныя для пераезду краіны.

Самыя нярадасныя чаканьні

Беларус Яўген* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў Свабодзе, чаму абраў рэдкую для эміграцыі беларусаў краіну і зь якімі складанасьцямі там сутыкнуўся.

Яўгену больш за 30 гадоў. У Беларусі ён адседзеў тэрмін за палітыку і паехаў у Гішпанію.

«Зыходзіў з самых нярадасных сваіх чаканьняў, жаданьняў. Зыходзіў з таго, што магу не вярнуцца ў Беларусь», — кажа суразмоўца.

Ён кажа, што ніколі ня марыў зьехаць зь радзімы. Прычынай эміграцыі стаў палітычны перасьлед, які працягнуўся пасьля вызваленьня. Беларус раней нікуды далёка не выяжджаў. Людзі ў суседніх Польшчы, Літве, меркаваў ён, падобныя мэнталітэтам.

«Мне стала цікава, як яно агулам у тых краінах, якія вельмі адрозьніваюцца ад нашай: гарадзкая архітэктура, клімат, усё пакрысе — маштабныя адрозьненьні. Каб узбагаціць свой кругагляд, лепшай будзе краіна далейшая, зусім не знаёмая», — тлумачыць Яўген.

Папулярную сярод беларусаў Грузію ён не абраў, бо не пачуваўся б там у бясьпецы. Але Грузія была першай краінай, куды ён выехаў зь Беларусі на кароткі час, прайшоў там мэдычны агляд.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Быццам на іншай плянэце»

У Гішпаніі Яўген жыве ўжо каля паўгоду. Адзначае, што адаптацыя праходзіць няпроста.

«Няма ніякай канкрэтыкі, ніякага прывыканьня. Быццам на іншай плянэце. Бо я з турмы вызваліўся. Трэба да свабоды прывыкнуць, дык яшчэ і ў абсалютна іншай краіне, дзе іншая культура. Калі шчыра, пакуль досыць складана», — дзеліцца суразмоўца.

Яўген падаў дакумэнты на міжнародную абарону.

«Чатыры месяцы я быў у падвешаным стане, у рэжыме чаканьня навіны, прымуць мяне ці ня прымуць. Чатыры месяцы няпэўнасьці», — кажа ён.

Падчас чаканьня ён жыў ў гостэлі Чырвонага Крыжа з трохразовым харчаваньнем. Плаціць за гэта ня трэба было.

«Калі ў чалавека няма грошай, то з голаду ён не памрэ», — падсумоўвае ўцякач.

Праз чатыры месяцы Яўген трапіў у праграму адаптацыі і пераехаў у іншы горад. Дзякуючы праграме ён мае жытло на паўтара году. Гэта кватэра на некалькі пакояў, у кожным жывуць па 1-2 чалавекі. Вучыць гішпанскую мову чатыры дні на тыдзень.

«Мова вельмі няпростая, нават незвычайная», — мяркуе ён.

Пасьля вывучэньня гішпанскай беларус плянуе пайсьці на курсы перакваліфікацыі ў гэтай жа праграме адаптацыі. У яе ўваходзіць і працаўладкаваньне, але працу можна шукаць і самому. У Беларусі ён быў зварнікам, кіроўцам. Якую працу будзе шукаць у Гішпаніі, пакуль ня ведае. Яўген у Гішпаніі мае права на бясплатныя паслугі адваката, таксама можа бясплатна лячыць зубы.

Рашэньня аб міжнароднай абароне Яўген яшчэ не атрымаў. Калі яго можна чакаць, ён ня ведае. У Гішпанію стала прыяжджаць больш мігрантаў, і беларус мяркуе, што працэдура стане даўжэйшай. Ён чуў, што чакаць можна паўтара-два гады.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дзьвесьце эўра на ежу

Нават бяз працы графік Яўгена досыць шчыльны. Ён устае, а 5:30 на прабежку і заняткі спортам. Чатыры дні на тыдзень наведвае моўныя курсы, часам двойчы на дзень. Рэшта часу ідзе на хатнія справы, гатаваньне ежы, чытаньне, дадатковыя моўныя заняткі ўжо дома. На харчаваньне Яўген атрымлівае крыху больш за 200 эўра на месяц і раз на паўгоду 100 эўра на адзеньне.

«Дзьвесьце эўра — гэта выключна на ежу і больш ні на што. Калі, дапусьцім, зламаўся мабільны тэлефон, трэба шукаць у інтэрнэце нешта надта таннае, што аддаюць задарма. Або прасіць сяброў, знаёмых, каб дапамаглі. Каб нешта буйнейшае, то пра гэта і гутаркі няма», — кажа суразмоўца.

Каб паехаць у іншы горад ці паглядзець на акіян, трэба вельмі моцна эканоміць.

«Чалавек павінен быць гатовы адмовіцца ад шмат чаго, есьці, пэўна, адзін раз на дзень», — разважае ўцякач пра тое, чым давядзецца ахвяраваць з прычыны дадатковых выдаткаў.

Каб палепшыць умовы жыцьця, Яўген рабіў збор. Прасіў 1500 эўра, каб набыць ноўтбук, аплаціць мабільную сувязь і купіць адзеньне. Ён патлумачыў, што прасіў досыць невялікую суму, каб хапіла на самае неабходнае.

«Навошта мне прасіць у людзей, якія ходзяць на працу, зарабляюць грошы сваёй працай — каб хадзіць у рэстарацыі ці кавярні? Гэта на неабходнае, на тое, што для мяне скрайне важна і патрэбна менавіта цяпер. Далей, думаю, уладкуюся на працу і сам буду камусьці дапамагаць», — тлумачыць ён.

Яўген адзначае, што ня меў чаканьняў наконт жыцьця за мяжой, калі зьяжджаў зь Беларусі. Найбольш у эміграцыі яму бракуе ўласнага жытла. Ён заўважае, што не патрабуе шмат камунікацыі пасьля турмы, наадварот — адпачывае ад яе. Калі патрэбна з кімсьці пагаварыць, то можа сазваніцца зь сябрамі, знаёмымі. Беларусаў у горадзе, у якім жыве, пакуль не сустракаў, ня ведае, каб там былі беларуская дыяспара і беларускія імпрэзы.

З роднымі, мяркуе, добра, калі яны здолеюць сустрэцца раз на год. На думку беларуса, няма асаблівай розьніцы — жыць у суседняй зь Беларусьсю Літве або ў далёкай Гішпаніі. Сустрэцца з сваякамі, паводле яго, аднолькава складана, бо яны занятыя і цяжка знайсьці час на падарожжы.

Яўген кажа, што заўсёды памятае, за што сядзеў. І разумее, што далейшае ягонае жыцьцё стала наступствам гэтага, але ні разу пра гэта не шкадаваў.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Чым далей ад Беларусі, тым менш разуменьня ў чынавенства»

Сузаснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак расказаў Свабодзе, што апошнім часам у іхні фонд па дапамогу зьвярнуліся некалькі беларусаў, якія выехалі ў нетыповыя для эміграцыі беларусаў краіны.

«Было некалькі зваротаў ад людзей, якія спрабуюць замацавацца ў Гішпаніі. Часта гэта былыя палітзьняволеныя. Думаю, гэта зьвязана з тым, што Гішпанія — адна зь нешматлікіх эўрапейскіх краінаў, якая дагэтуль мае дастаткова лібэральнае міграцыйнае заканадаўства. У іх ёсьць мадэлі легалізацыі на прынцыпе аселасьці. Калі ты пэўны час знаходзісься на тэрыторыі краіны і даказваеш, што жыў, плаціў камунальныя платы», — кажа Стрыжак.

На ягоную думку, гішпанскае заканадаўства адно з самых ляяльных да мігрантаў сёньня. З словаў Стрыжака, у BySol таксама зьвяртаюцца беларусы, якія спрабуюць замацавацца ў Нямеччыне.

«Але, як правіла, праблема ў тым, што яны спрабуюць гэта зрабіць, маючы на руках польскія альбо літоўскія візы. Дзейнічае прынцып дублінскага пагадненьня — і людзей высылаюць у тыя краіны, візы якіх яны маюць. І гэта, як правіла, дастаткова драматычныя сытуацыі, якія дадаюць людзям праблемаў», — тлумачыць суразоўца.

Андрэй Стрыжак, архіўнае фота
Андрэй Стрыжак, архіўнае фота

Андрэй Стрыжак прыгадаў выпадкі журналіста зь Сьветлагорску Андрэя Ліпскага, які цяпер зьбірае грошы на паляпшэньне слыху, і Станіслава Брыкіна, які, імаверна, скончыў жыцьцё самагубствам у лягеры для ўцекачоў у Літве, куды прыехаў зь Нямеччыны.

Сузаснавальнік BySol камэнтуе, што беларусы эмігруюць у розныя краіны: Швэцыю, Італію, ЗША. Спэцыфічныя праблемы эмігрантаў у такіх далёкіх краінах вынікаюць ня толькі з Дублінскага пагадненьня.

«Чым далей ад Беларусі, тым менш разуменьня, пра што ідзецца, ў чынавенства ўвогуле, лякальнага чынавенства, міграцыйных чыноўнікаў, якія разглядаюць гэтыя справы і прымаюць рашэньні. У большасьці зь іх унівэрсальны падыход: ці ідзе ў краіне, зь якой прыехаў чалавек, вайна. Гэта самы жалезны аргумэнт, калі чалавек прыехаў з Сырыі, Лібіі, Эрытрэі, Эфіёпіі, Самалі. Там вайна, гэтыя людзі — уцекачы ад вайны», — тлумачыць Стрыжак.

Справы такіх мігрантаў разглядаюць прыярытэтна, кажа ён.

«А ў нас вайны няма. І гэта адразу ставіць беларусаў у дастаткова складанае становішча. Чаму менавіта вяртацца нельга? Чаму пагроза рэпрэсіяў у Беларусі небясьпечная для жыцьця і здароўя чалавека? Беларускіх выпадкаў няшмат чыста матэматычна, і нас менш, чым тых жа ўкраінцаў, жыхароў афрыканскіх альбо ўсходніх краінаў, то няма і выпрацаванай, стандартызаванай практыкі», — кажа Андрэй Стрыжак.

На ягоную думку, ня ўсе чыноўнікі хочуць разьбірацца ў нестандартных выпадках, калі ўцекачоў з пэўнай краіны ўсяго некалькі соцень у год.

«Другое — часта людзі спрабуюць шукаць лепшай долі ў больш заможных краінах Эўразьвязу і сутыкаюцца з тым, што яны не адны такія. Нагрузка, якая зараз кладзецца на міграцыйныя службы гэтых краін, вельмі вялікая. Хуткасьць разгляду гэтых заявак вельмі нізкая», — пералічвае суразмоўца.

Сярод іншых складанасьцяў — патрабаваньне жыць у закрытых лягерах, іншыя ўмовы, чым калі чалавек выяжджаў на адпачынак за мяжу як турыст.

«Мы, маючы шэнгенскія візы, езьдзілі па гэтай Эўропе, бачылі гэтыя гарады, гэтых людзей. А зараз мы раптоўна трапляем у зусім іншы для сябе статус. Статус, роўны шукальнікам уцякацкага статусу, напрыклад, з Эрытрэі. І гэта псыхалягічна бывае вельмі няпроста. Людзі трапляюць у складаныя для псыхікі сытуацыі, у дэпрэсію. Гэта прыводзіць да сур’ёзных праблемаў», — расказвае Стрыжак.

Кіраўнік фонду адзначыў, што ахвяруюць на зборы незалежна ад краіны жыхарства чалавека, для якога ладзяць збор, ці ад памеру беларускай дыяспары ў той краіне. Найбольш данацяць людзі з Польшчы, ЗША, Літвы.

«Тут хутчэй такая заканамернасьць, якую я прасачыў: калі, напрыклад, чалавек зь Ліды трапіў у бяду дзе-небудзь у Францыі, то на яго будуць данаціць не прадстаўнікі францускай дыяспары Беларусі, а лідзяне, расьцярушаныя па ўсім сьвеце. Вось ёсьць гэтае зямляцтва. Я дакладна магу адзначыць, што зямляцтва прасочваецца — незалежна ад таго, дзе чалавек знаходзіцца, дзе ён трапіў у бяду», — камэнтуе Андрэй Стрыжак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG