Турэцкія СМІ са спасылкай на Мінабароны Турэччыны паведамляюць, што 15-16 красавіка ў Анкары пройдзе сустрэча па бясьпецы ў Чорным моры, дзе будуць прысутнічаць украінскія і расейскія прадстаўнікі. Ва Ўкраіне інфармацыю пра ўдзел у сустрэчы абвяргаюць.
На сустрэчы ў штабе вайскова-марскіх сіл у Анкары, у якой прымуць удзел вайсковыя прадстаўнікі замежных краін, будуць абмяркоўваць ваенна-марскія пляны для падтрыманьня мірнай абстаноўкі ў Чорным моры, гаворыцца ў нядзельнай заяве міністэрства, піша агенцтва Anadolu са спасылкай на заяву Мінабароны Турэччыны.
Хто менавіта будзе ўдзельнічаць у сустрэчы і ці будзе яна прамой, не ўдакладняецца.
Турэцкая служба CNN са спасылкай на крыніцы Мінабароны Турэччыны паведаміла, што на сустрэчы ў пытаньнях бясьпекі ў Чорным моры чакаецца ўдзел прадстаўнікоў Расеі і Ўкраіны. Пра сустрэчу са спасылкай Мінабароны піша і турэцкае выданьне Daily Sabah.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга, аднак, не пацьвердзіў інфармацыю пра ўдзел прадстаўнікоў Украіны ў сустрэчы ў камэнтары ТСН, заявіўшы, што «нічога такога не плянавалася».
У Маскве інфармацыю пакуль не камэнтавалі.
Пытаньні суднаходзтва ў Чорным моры 12 красавіка на Антальскім дыпляматычным форуме абмяркоўвалі кіраўнікі МЗС Расеі і Турэччыны Сяргей Лаўроў і Хакан Фідан.
- У ліпені 2022 году ў Стамбуле Расея і Ўкраіна паасобку заключылі з ААН збожжавае пагадненьне. У ліпені 2023 году Расея выйшла з так званай «збожжавай ініцыятывы», спаслаўшыся на невыкананьне дамоўленасьцяў заходнімі краінамі.
- У канцы сакавіка 2025 году Расея заявіла, што спыніць агонь у Чорным моры толькі пасьля адмены санкцыяў супраць Рассельгасбанка і расейскіх вытворцаў і экспартэраў прадуктаў харчаваньня і ўгнаеньняў.
- Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў заявы Масквы маніпуляцыяй. Вашынгтон удакладніў, што Белы Дом вывучае ўмовы, вылучаныя Крамлём.
Форум