Жыхары Менску за мінулы год зьелі больш гародніны і мяса, але менш хлеба, чым у папярэднім 2023-м, піша дзяржаўнае агенцтва «Минск-Новости» з спасылкай на зьвесткі галоўнага статыстычнага ўпраўленьня сталіцы аб выбарачным абсьледаваньні хатніх гаспадарак за 2024 год.
Як сьведчыць статыстыка, у 2024 годзе ў сярэднім адзін жыхар Менску зьеў на 2,4% больш гародніны і баштанных культураў у параўнаньні з 2023 годам. Таксама летась менчукі спажывалі больш малака і малочных прадуктаў (на 1,7%), мяса і мясных прадуктаў (на 1,2%), садавіны і ягад (на 1,2%), яек (на 0,8%).
А вось хлеба і хлебапрадуктаў, наадварот, летась у Менску спажылі на 3,2% менш.
На ранейшым узроўні засталося спажываньне рыбы і рыбапрадуктаў, алею, маргарыну і іншых тлушчаў, бульбы, цукру і кандытарскіх вырабаў, сьведчыць статыстыка.
Агулам менчукі сталі спажываць крыху менш калёрыяў: сярэдняя калярыйнасьць ежы, спажытай адным чалавекам за содні, летась склала 2428 ккал, што на 10 ккал менш, чым у 2023-м. Гэта адбылося за кошт меншага спажываньня менчукамі вугляводаў — на 1,6%, пры гэтым спажываньне тлушчаў узрасло на 0,5%, бялкоў — засталося на тым жа ўзроўні.
Адзначаюць, што пэўную долю прадуктаў менчукі вырошчваюць самі, а таксама «атрымліваюць у падарунак ад сваякоў і знаёмых» як матэрыяльную дапамогу. На першым месцы сярод вырашчанага і падоранага бульба, на другім — гародніна з баштаннымі культурамі, за імі — садавіна і ягады.
Форум