Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінабароны Беларусі папярэдзілі аб гучных стрэлах у Менску і Берасьці і паведамілі аб чарговых вучэньнях


Стэла «Менск — горад-герой», ілюстрацыйнае фота
Стэла «Менск — горад-герой», ілюстрацыйнае фота

У Беларусі падтрымалі акцыю «Стрэл памяці», якую ў Расеі праводзяць у горадзе Калач-на-Доне з 2017 году да чарговай гадавіны контрнаступу савецкіх войскаў пад Сталінградам. У Менску і Берасьці яе прымеркавалі да 80-й гадавіны перамогі ў другой усясьветнай вайне.

У беларускай сталіцы каля стэлы «Менск — горад-герой» і ў мэмарыяльным комплексе «Берасьцейская крэпасьць-герой» а 12-й гадзіне 2 красавіка прагучыць «Стрэл памяці» — адзіночны халасты стрэл з артылерыйскага ўзбраеньня.

«Зьвяртаем увагу жыхароў Менску і Берасьця, што ў дзень правядзеньня акцыі а 12-й гадзіне будзе чутны гучны стрэл. Просім захоўваць спакой. Мерапрыемства праводзіцца пад кантролем і кіраўніцтвам Узброеных сіл», — адзначаецца ў паведамленьні Міністэрства абароны Беларусі.

Адначасова ў вайсковым ведамстве Беларусі паведамілі, што 2-3 красавіка пад кіраўніцтвам начальніка кіраваньня тэрытарыяльнай абаронай — намесьніка начальніка Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі адбудзецца трэнаваньне па кіраваньні фарміраваньне тэрытарыяльных войскаў.

У вучэньнях возьмуць удзел супрацоўнікі Менскага абласнога і раённых выканкамаў, вайсковых камісарыятаў Менскай вобласьці і органаў кіраваньня. У часе трэнаваньня плянуюць адпрацаваць пытаньні збору і аналізу інфармацыі, ухваленьня рашэньняў, правядзеньня разьлікаў, а таксама падрыхтоўкі распараджальных дакумэнтаў.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў пэрыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэньні, трэнаваньні, зборы на фоне абвастрэньня адносін з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, у якой афіцыйны Менск падтрымлівае Крэмль.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG