«Сталічная міліцыя правяла ў Менску вучэньні для ўдзельнікаў народнага апалчэньня ў сярэдняй школе № 197 ім. Герояў 120-й дывізіі. Першы атрад павінны сфармаваць у верасьні ў адным з раёнаў горада. Удзельнікі, сярод якіх былі былыя вайскоўцы і звычайныя грамадзяне, разьбіралі і зьбіралі аўтаматычную зброю, напаўнялі магазыны патронамі, вучыліся прыёмам тактычнай мэдыцыны», — паведаміла дзяржаўнае выданьне «Мінская праўда».
Школа, у якой праводзілі вучэньні, знаходзіцца ў мікрараёне Ўручча, дзе з часоў СССР базуюцца буйныя вайсковыя часткі.
Начальнік аддзелу па абароне дзяржаўных сакрэтаў, мабілізацыйнай працы і пытаньнях абароны Менскага гарвыканкаму Юры Шубіч паведаміў, што «такія вучэньні стануць пастаяннымі і будуць праводзіцца раз у квартал». Паводле яго, у канцы верасьня ў Кастрычніцкім раёне Менску сфармуюць першы атрад народнага апалчэньня.
У склад такіх падразьдзяленьняў, паводле Шубіча, звычайна ўваходзяць людзі, якія не праходзяць у сілавыя структуры па стане здароўя або па якіх-небудзь іншых прычынах, але маюць жаданьне і матывацыю працаваць у сфэры бясьпекі. Акрамя таго, задзейнічалі вэтэранаў вайсковай службы і былых супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
Закон «Аб народным апалчэньні» Аляксандар Лукашэнка падпісаў 17 ліпеня 2023 году. Ім створаныя прававыя асновы для «добраахвотнага ўдзелу грамадзян у забесьпячэньні ваеннага стану, дадатковыя ўмовы для садзейнічаньня тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры выкананьні імі паўнамоцтваў і абароны маёмасьці ўсіх формаў уласнасьці ад злачынных і іншых замахаў».
«Асноўнай задачай для народнага апалчэньня застаецца абарона перш за ўсё свайго дома, сваёй маёмасьці і выкананае мерапрыемстваў па забесьпячэньні правапарадку сумесна зь міліцыяй», — казаў раней міністар абароны Віктар Хрэнін.
Паводле закону, добраахвотнікі, якія ўступілі ў шэрагі народнага апалчэньня, будуць знаходзіцца па месцы жыхарства і выконваць свае працоўныя функцыі. У наймальніка будзе права вызваляць іх ад працы з захаваньнем заробка і працоўнага месца. Таксама прадугледжана, што на добраахвотнікаў будуць распаўсюджвацца тыя ж сацыяльныя гарантыі, якія распаўсюджваюцца на вайскоўцаў па мабілізацыі.
Намесьнік міністра ўнутраных справаў, камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі Мікалай Карпянкоў ранейраспавёў, што аснову народнага апалчэньня складаюць мужчыны 60-70 гадоў — «сур’ёзныя мужыкі, якія служылі ў Савецкай арміі ў 70–80-я гады».
Форум