Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз ня здыме санкцыяў з Расеі. Пакуль што


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У апошнія тыдні Злучаныя Штаты, Расея і Ўкраіна прапануюць рамкі для спыненьня агню — адна з прапановаў тычыцца абароны энэргетычнай інфраструктуры, такой як электрастанцыі і лініі электраперадачаў, а другая факусуецца на зьмяншэньні баявых дзеяньняў у Чорным моры.

Піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Адзін зь вялікіх запытаў Масквы быў агучаны публічна: паслабленьне санкцый. У заяве Крамля, выдадзенай пасьля пагадненьня аб спыненьні агню ў Чорным моры 25 сакавіка, Масква абвясьціла, што будзе прытрымлівацца яго толькі тады, калі Захад часткова зьніме санкцыі, уведзеныя пасьля поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну больш чым тры гады таму. У патрабаваньні гаворыцца пра зьняцьце абмежаваньняў на экспарт угнаеньняў і на страхавыя кампаніі, якія даюць гарантыі такога экспарту, а таксама пра вяртаньне некалькім расейскім банкам доступу да глябальнай плацёжнай сыстэмы SWIFT.

Некалькі лідэраў краінаў Эўразьвязу ўжо адхілілі гэты запыт Масквы. Найбольш заўважна гэта было на сустрэчы ў Парыжы 27 сакавіка, дзе сабралася кіраўніцтва больш чым 30 краінаў, каб абмеркаваць гарантыі бясьпекі для Ўкраіны.

Калі я размаўляў са шматлікімі эўрапейскімі дыпляматамі, усё яны зьвярталі ўвагу на тое, што ў заяве Белага дому ў той жа дзень няма згадак пра паслабленьне санкцыяў. Як сказаў мне адзін з амбасадараў ЭЗ, спасылаючыся на нядаўнія перамовы ў Рыядзе аб перамір’і: «У Саудаўскай Арабіі не было дамовы, таму нам няма чаго вырашаць».

Важны кантэкст

Эўрапейцы, відавочна, не прысутнічалі на перамовах аб спыненьні агню, але яны маюць даволі вялікі ўплыў на санкцыі супраць Расеі. Па-першае, SWIFT — гэта бэльгійская кампанія, і на цяперашні момант ЭЗ «скасаваў SWIFT» для 23 расейскіх банкаў, у тым ліку буйных, такіх як «Сбербанк» і Банк «Открытие».

Яны таксама разумеюць, што гандлёвыя адносіны Расеі з Эўропай нашмат глыбейшыя, чым са Злучанымі Штатамі. Нават да поўнамаштабнага ўварваньня амэрыканскі экспарт у Расею займаў менш за 0,5% агульнага экспарту ЗША ў сьвеце. Для Эўразьвязу гэтая лічба была 6%, што адпавядае 250 мільярдам эўра (272 мільярдам даляраў).

Таму калі былі ўведзеныя шырокамаштабныя санкцыі ЭЗ, гэта ўдарыла па Маскве мацней. Паводле ацэнкі спэцпрадстаўніка па выкананьні санкцый ЭЗ Дэвіда О’Салівана, абмежавальныя меры пазбавілі Расею больш чым 450 мільярдаў эўра (490 мільярдаў даляраў) даходаў ад пачатку 2022 году.

Дык ці разглядаюць эўрапейцы хаця б частковае паслабленьне санкцый супраць Расеі? Адказ, які я чую ўвесь час, гэта простае «не» альбо «не, мы адмовімся».

Афіцыйныя асобы зьвяртаюць увагу на тое, што Расея працягвае атакі бесьпілётнікамі і ракетамі супраць Украіны, а таксама на высновы нядаўняга пасяджэньня ЭЗ, якія сыгналізавалі аб магчымым узмацненьні, а не паслабленьні ціску. Як гаворыцца ў Асноўных выніках пасяджэньня Эўрапейскай рады па Ўкраіне 20 сакавіка: «Эўразьвяз па-ранейшаму гатовы ўзмацніць ціск на Расею, у тым ліку праз далейшыя санкцыі і ўзмацненьне выкананьня існуючых мер».

Эўрапейская камісія пакуль што не запрасіла краіны ЭЗ на так званыя «санкцыйныя канфэсіяналы», каб абмеркаваць новы пакет санкцыяў, які стаў бы 17-м за тры гады, але яны разглядаюць такія рэчы як закрыцьцё шчылінаў, якія дазваляюць абыходзіць санкцыі.

Дадатковыя дэталі і высновы

Высновы сустрэчы Эўрапейскай Рады 20 сакавіка былі ўхваленыя 26 з 27 краінаў ЭЗ. Адзіная, хто не пагадзіўся, Вугоршчына, якая ўжо доўгі час крытыкуе эўрапейскія санкцыі.

Гэта важна з адной прычыны: зьняцьце сэктаральных санкцыяў ЭЗ патрабуе аднагалоснага рашэньня — а такога цяпер папросту няма. Як згадана вышэй, многія краіны заклікаюць да новых санкцыяў, а не да іх паслабленьня. Але тут ёсьць і праблема. Кожныя шэсьць месяцаў, у студзені і ў ліпені ўвесь пакет санкцыяў трэба працягваць — а гэта таксама патрабуе аднагалоснага ўхваленьня.

Якраз тут і можа згуляць Вугоршчына — і патэнцыйна іншыя краіны — каб пачаць паслабляць санкцыі. У студзені Будапэшт пагражаў працягу ўсіх санкцыяў і даў зялёнае сьвятло толькі тады, калі атрымаў пісьмовыя гарантыі, што расейская нафта будзе працягваць паступаць у Вугоршчыну.

Дыпляматы ЭЗ, зь якімі я размаўляў, ужо занепакоеныя тым, як можа выглядаць працяг санкцыяў у ліпені — і тым, на якія саступкі, магчыма, давядзецца пайсьці, каб агулам працягнуць санкцыі.

На чарговым саміце ЭЗ у канцы чэрвеня, хутчэй за ўсё, будзе інтэнсіўны гандаль на гэты конт: Вугоршчына разьлічвае на больш замарожаных сродкаў ЭЗ для сябе, а некалькі краін-чальцоў хочуць пачаць перамовы аб далучэньні да ЭЗ з Кіевам да лета — гэты крок Будапешт дагэтуль блякаваў.

Вяртаньне доступу да сыстэмы SWIFT для некаторых банкаў і дазвол на пастаўкі расейскіх угнаеньняў у Эўразьвяз выглядаюць тут відавочнымі спакусамі. Але гэта, вядома ж, будзе залежаць ад таго, як у той час будзе выглядаць сытуацыя ва Ўкраіне.

Аднак адна рэч тут відавочная: нягледзячы на хуткія адмовы эўрапейскіх дыпляматаў, Масква пасеяла зерне сумневу. Як сказаў мне адзін эўрапейскі дыплямат:

«Мне здаецца, гэта хітры мэтад гандлю па кавалачках. Ужо ў перамовах аб спыненьні агню яны вылучаюць далекасяжныя патрабаваньні, якім насамрэч месца ў дыскусіі аб паўнавартаснай мірнай дамове. На гэты раз нам трэба быць „транзакцыйнымі“ і адмаўляцца ад гэтага магутнага інструмэнта толькі за справядлівую цану».

Дык якой можа быць гэтая справядлівая цана? У нейкім сэнсе эўрапейскія афіцыйныя асобы будуць арыентавацца на меркаваньне Кіева ў гэтым пытаньні. Але паводле тых, з кім я размаўляў, агульная схема можа ўключаць у сябе абмежаванае паслабленьне санкцыяў узамен на замарожваньне баявых дзеяньняў па лініі фронту, адсутнасьць прызнаньня акупаваных тэрыторыяў расейскімі і працяг заходніх вайсковых паставак ва Ўкраіну, з магчымасьцю аднаўленьня санкцыяў, калі адбудуцца парушэньні. Пытаньне ў тым, ці змогуць Брусэль і Кіеў пераканаць Маскву пагадзіцца на такую зьдзелку, і як яе ацэняць Злучаныя Штаты.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG