У канцы студзеня 2025 году Вугоршчына пагражала накладаньнем вэта на паўгадавы працяг усіх эканамічных санкцыяў Эўразьвязу, уведзеных супраць Расеі з моманту поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ва Ўкраіну тры гады таму, піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Захады, у тым ліку забарона на імпарт расейскага вугалю, дыямэнтаў, золата і алюмінію, былі нарэшце падоўжаныя пасьля таго, як Будапэшт атрымаў некаторыя пісьмовыя запэўненьні ад іншых краін — чальцоў ЭЗ.
Нягледзячы на тое, што Вугоршчына не змагла дасягнуць сваёй канчатковай мэты — аднавіць транзыт расейскага газу праз Украіну, які Кіеў спыніў у пачатку году, – яна дамаглася абавязаньня Эўрапейскай камісіі ўзаемадзейнічаць з Украінай, Вугоршчынай і Славаччынай у пытаньні дастаўкі расейскіх энерганосьбітаў у ЭЗ.
Цяпер Будапэшт зноў спрабуе зьмякчыць санкцыі ЭЗ супраць Расеі, гэтым разам — замарожваньне актываў і візавыя забароны, накладзеныя за апошнія тры гады на больш чым 2400 асобаў і кампаніяў.
Гэтыя абмежаваньні распаўсюджваюцца на такіх асобаў, як прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў, а таксама некалькі алігархаў і бізнэсоўцаў, якіх абвінавачваюць у фінансаваньні або атрыманьні выгады ад ваенных дзеяньняў Масквы.
«Санкцыйны танец Эўразьвязу»
У той час як эканамічныя санкцыі падаўжаюцца ў студзені і ліпені кожнага году, індывідуальныя санкцыі, накіраваныя супраць асобаў і арганізацыяў, падаўжаюцца кансэнсусам штогод у сярэдзіне сакавіка і сярэдзіне верасьня.
Вугоршчына выкарыстоўвала пагрозу вэта практычна пры кожнай нагодзе, каб выключыць з санкцыйнага сьпісу некаторых асобаў. А зь мінулага году да яе далучылася Славаччына, якая ў значнай ступені падзяляе прыязную Маскве пазыцыю Будапэшту.
Брусэльскія дыпляматы называюць гэта «санкцыйным танцам Эўразьвязу», які бывае двойчы на год. Вугоршчына і Славаччына прапануюць выключыць са сьпісу ўплывовых расейскіх алігархаў, у той час як юрыдычная каманда Эўрапейскай рады займаецца іншым сьпісам падсанкцыйных прозьвішчаў, які называюць «справамі з слабой доказнай базай» — гэта азначае, што іх, хутчэй за ўсё, усё роўна выкрасьляць зь сьпісу праз брак дастатковых доказаў. Звычайна кампраміс дасягаецца, калі спалучаюць прапановы з абодвух бакоў, выкрэсьліваючы некалькі з прапанаваных імёнаў з санкцыйнага сьпісу.
Летась, напрыклад, са сьпісу былі выключаныя Аркадзій Волаж, сузаснавальнік расейскага інтэрнэт-гіганта «Яндэкс»; расейскі бізнэсмэн Сяргей Мндаянц; Ёзэф Гамбалэк, грамадзянін Славаччыны, кіраўнік расейскага нацыяналістычнага мотаклюбу «Начныя ваўкі» ў Эўропе; Нікіта Мазепін, былы пілёт Формулы-1 і сын расейскага алігарха Дзьмітрыя Мазепіна; і Віялета Прыгожына, маці загінулага расійскага бізнэсмэна і лідэра наймітаў ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына.
На гэты раз Вугоршчына вылучыла шэсьць бізнэсмэнаў, якіх спрабавала скрэсьліць са сьпісу раней: Дзьмітрыя Мазепіна, Алішэра Ўсманава, яго сястру Гульбахор Ісмаілаву, Міхаіла Фрыдмана, Вячаслава Мошэ Кантара і Пятра Авена. Акрамя таго, Будапэшт дадаў яшчэ аднаго бізнэсмэна, Мусу Бажаева, а таксама міністра спорту Расеі Міхаіла Дзегцярова.
Рада міністраў, наадварот, падала 7 сакавіка сустрэчную прапанову, з якою пазнаёмілася Радыё Свабода. Яны прапанавалі выключыць са сьпісу трох чалавек, якія нядаўна памерлі — вэтэрана расейскай палітыкі Мікалая Рыжкова і вайскоўцаў Андрэя Ярмішку і Аляксея Бальшакова. Хоць выкасаваньне памерлых звычайна стандартная практыка, ЭЗ часам захоўвае іх у сьпісе, каб гарантаваць, што актывы на іхнае імя застаюцца замарожанымі.
Да таго ж у дакумэнце таксама прапаноўвалася выключыць са сьпісу бізнэсмэна Ўладзіміра Рашэўскага, чыю справу ў Брусэлі лічаць «слабой», бо раней ён выйграў судовы працэс у Эўрапейскім судзе (ECJ) супраць накладзеных на яго санкцыяў. Аднак ён застаўся ў сьпісе, бо пастанова стасавалася толькі папярэдняга санкцыйнага пэрыяду, а з таго часу Брусэль аднавіў карныя захады.
Дэдлайн хутка набліжаецца
Галоўнае цяпер пытаньне — як на гэта адкажуць Вугоршчына і Славаччына. Калі паслы ЭЗ абмяркоўвалі гэтае пытаньне ў Брусэлі 10 сакавіка, Будапэшт запытаў больш часу, заявіўшы, што ня мае афіцыйнай пазыцыі наконт апошняй прапановы Эўрапейскай рады. Амбасадары зноў сустрэнуцца 12 і 14 сакавіка, крайні тэрмін для аднаўленьня санкцыяў — 15 сакавіка — небясьпечна набліжаецца, пакідаючы мала прасторы для далейшага манэўру.
Нешматлікія чыноўнікі, зь якімі размаўляла Радыё Свабода, мяркуюць, што Вугоршчына задаволіцца толькі чатырма выкрэсьленьнямі, прапанаванымі Радай. У рэшце рэшт, іншыя краіны — чальцы ЭЗ могуць вымушана пагадзіцца на дадатковыя выкрэсьленьні, каб забясьпечыць кампраміс.
Тым часам чыноўнікі шукаюць альтэрнатывы на выпадак поўнага правалу перамоваў. Адным з варыянтаў для большасьці дзяржаваў-чальцоў было б увядзеньне санкцый на нацыянальным узроўні.
Аднак гэты падыход сутыкаецца зь дзьвюма ключавымі праблемамі.
Па-першае, ня ўсе краіны Эўрапейскага Зьвязу маюць нацыянальныя сыстэмы санкцыяў, такія краіны разьлічваюць на меры на ўзроўні ЭЗ.
Па-другое, калі Вугоршчына і Славаччына адмовяцца падтрымліваць санкцыі, асобы з чорнага сьпісу ўсё роўна могуць трапіць у ЭЗ праз гэтыя краіны, а значыць, абмежаваньні будуць безвыніковыя.