На гэты раз лідэры ЭЗ будуць працаваць над плянамі для ўзмацненьня абароннай аўтаноміі Эўропы на фоне пастаянных сумненьняў адносна абавязаньняў ЗША абараняць эўрапейскія краіны і падтрымліваць ваенную дапамогу Ўкраіне.
Напярэдадні саміту, 17 сакавіка, міністры замежных спраў блёка абмеркавалі апошнюю прапанову кіраўніка зьнешняй палітыкі ЭЗ Каі Калас па пошуку сродкаў для Кіева. А 19 сакавіка Эўрапейская камісія прадставіць белую кнігу пра будучыню абароны Эўропы.
Чакаецца, што ў дакумэнце будуць прадстаўлены ідэі аб тым, як стварыць належны інтэграваны абаронны рынак Эўропы і канкрэтызаваць плян «ReArm Europe» Эўрапейскай камісіі, паводле якога выканаўчы орган ЭЗ атрымае да 800 мільярдаў эўра (872 мільярды долараў) на выдаткі на абарону на працягу наступных чатырох гадоў.
У Брусэлі, як заўсёды, сумняваюцца, наколькі ўсё гэта насамрэч заслугоўвае даверу. Дыпляматы, зь якімі размаўляў карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, пагаджаюцца, што гэта добры першы крок, але, як сказаў адзін высокапастаўлены чыноўнік ЭЗ, «д’ябал заўсёды хаваецца ў дэталях, і дʼяблаў тут шмат».
Калі паглядзець бліжэй, то выяўляецца, што сума ў 800 мільярдаў вельмі амбіцыйная з мноствам вялікіх «калі». Калі — і як хутка — гэтая прапанова можа быць ператвораная ў новыя зброю і боепрыпасы. І калі што-небудзь з гэтай зброі трапіць ва Ўкраіну.
Факты відавочныя. Камісар ЭЗ па абароне Андрус Кубілюс адзначыў на мінулым тыдні ў Эўрапейскім парлямэнце, што ў Эўропы на гэты момант ёсьць недахоп сродкаў на абарону як найменей 500 мільярдаў эўра і не хапае «тысячаў танкаў і баявых машын пяхоты».
Прэзыдэнтка Эўрапейскай камісіі Уршуля фон дэр Ляен, таксама зьвяртаючыся да сэсіі ў Страсбуры, адзначыла, што ў сярэднім краіны ЭЗ выдаткоўваюць на абарону крыху менш за 2% ад валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Вашынгтон настойвае на 5%, у той час як NATO, паводле крыніц у ваенным альянсе, абмяркоўвае ідэю зрабіць 3,7 працэнта афіцыйнай мэтай на сваім афіцыйным саміце ў Гаазе ў чэрвені.
Тым ня менш, нават пры істотным і хуткім павелічэньні выдаткаў на абарону, як кажуць эўрапейскія дыпляматы прыватна, Эўропе можа спатрэбіцца дзесяцігодзьдзе, каб ажыцьцяўляць буйныя ваенныя апэрацыі без дапамогі ЗША. У Эўропе цяпер амаль усе аспэкты збору інфармацыі, назіраньня, выяўленьня цэляў і разьведкі забясьпечваюцца выключна Злучанымі Штатамі.
Пераўзбраеньне Эўропы?
ReArm Europe імкнецца ліквідаваць залежнасць Эўразьвязу ад Злучаных Штатаў, прымусіўшы краіны ЭЗ павялічыць свае абаронныя бюджэты. Але ці зробяць яны гэта? З 800 мільярдаў эўра, якія фон дэр Ляен спадзяецца сабраць, 650 мільярдаў могуць быць атрыманы шляхам спрашчэньня правілаў выдаткаў на абарону для дзяржаў-членаў ЭЗ на працягу наступных чатырох гадоў. Гэты плян дазволіць кожнай краіне выдаткаваць яшчэ па 1,5% ад свайго ВУП на вайсковыя патрэбы. Хоць гэты крок вітаецца, мала хто верыць, што ўрады краінаў ЭЗ зробяць яго.
Іншыя 150 мільярдаў эўра — гэта схема крэдытаў, забясьпечаная нявыкарыстанымі бюджэтнымі сродкам ЭЗ, якія могуць выкарыстоўваць 20 краін блёка без крэдытных рэйтынгаў ААА. Гэтыя крэдыты павінны быць выкарыстаныя для пакупкі ваеннай прадукцыі ў эўрапейскіх вытворцаў, хаця не зусім ясна, ці павінны ўсе кампанэнты ў такой тэхніцы быць з краін ЭЗ ці яны могуць быць з краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, такіх як Нарвэгія, Швайцарыя і Турэччына.
Праблема ў тым, што гэта крэдыт, і многія краіны, асабліва ў паўднёвай Эўропе, якія павінны павялічыць свае расходы на абарону, маюць вялікія запазычанасьці. Таксама некаторыя паўночныя краіны ЭЗ сумняваюцца ў лёгіцы гэтай прапановы. Нядаўна Нідэрляндзкі парлямэнт ухваліў неабавязковую рэзалюцыю аб адмове ад пляну ReArm Europe, сьцьвярджаючы, што ён толькі павялічыць запазычанасьць блёка.
Ёсьць і трэцяя частка прапановы фон дэр Ляен, якая дазволіць краінам-членам выкарыстоўваць на абарону больш за 300 мільярдаў эўра сродкаў, якія застануцца ў бюджэце ЭЗ, якія звычайна выдзяляюцца для больш бедных рэгіёнаў блёка на інвэстыцыі ў інфраструктуру. Тут зноў жа пытаньне ў тым, што гэта добраахвотны крок. А гэта азначае, што хаця ён ня можа быць заблякаваны такімі краінамі, як Вугоршчына і Славаччына, якія падтрымліваюць Расею, бо гэта не патрабуе дзінагалоснага адабрэньня, але некаторыя краіны проста ня будуць гэтым займацца, калі іх не прымусяць.
Эўрабонды і базукі
А вось і Нямеччына. Новы канцлер, Фрыдрых Мэрц, паабяцаў сапраўдную «базуку расходаў», уключаючы прапанову, якая вызваляе абаронныя расходы звыш 1% ВУП ад канстытуцыйнага абмежаваньня на дэфіцыт у Нямеччыне. Гэты «тормаз» абмяжоўвае структурны дэфіцыт бюджэту да 0,35% ВУП, за выключэньнем надзвычайных сытуацый.
18 сакавіка нямецкія заканадаўцы прагаласавалі за тое, каб дазволіць значнае павелічэньне выдаткаў на абарону і інфраструктуру. Больш за дзьве траціны дэпутатаў бундэстагу, што неабходна для зьменаў, ухвалілі такое рашэньне. Закон вызваліць выдаткі на абарону і бясьпеку ад строгіх правілаў Нямеччыны наконт дзяржаўнага доўгу і створыць інфраструктурны фонд у памеры 500 мільярдаў эўра.
Гэта адкрывае для Нямеччыны магчымасьць рабіць вялікія абаронныя выдаткі, што ў Брусэлі вітаецца. А вось у іншых эўрапейскіх сталіцах ёсьць асьцярогі, што Нямеччына выдаткуе большую частку гэтых сродкаў на свае ўласныя кампаніі, што можа стварыць для яе несправядлівую перавагу.
Гэта можа ў сваю чаргу выклікаць новыя заклікі з боку паўднёвых эўрапейскіх краін да Брусэля, каб выдаць сумесныя эўрабонды, асабліва для абарончых інвэстыцый. Падобнае было зроблена для барацьбы з рэцэсіяй пасьля пандэміі каранавіруса. На выпуск сумесных аблігацый вельмі крытычна глядзіць большасьці паўночных краін, асабліва Нідэрлянды і Нямеччына, але з улікам таго, што Бэрлін відавочна паказвае, што павелічэньне выдаткаў на абарону неабходнае, прапанову могуць прыняць.
Ваенная мабільнасьць і дацкая мадэль
Эўрабонды, або «абарончыя аблігацыі», як іх цяпер называюць, верагодна, трапяць у «белую кнігу» Эўракамісіі пра будучыню абароны Эўропы. Але на што сапраўды варта зьвярнуць увагу, дык гэта на некаторыя дэталі прапановаў па ваеннай мабільнасьці. Гэта можа здацца ня самай тэрміновай справай, але чыноўнікі ЭЗ падкрэсьліваюць, наколькі важна хутка перамяшчаць ваенную тэхніку з адной краіны ЭЗ у іншую.
Цяпер гэта было б няпроста. У блёку няма гарманізаваных правілаў, напрыклад, для перамяшчэньня ваенных транспартных сродкаў з адной краіны ЭЗ у іншую ў выпадку надзвычайнай сытуацыі. Прапануецца таксама ўмацаваньне мастоў, чыгунак і дарог, каб яны маглі несьці больш цяжкую ваенную нагрузку.
Іншы аспэкт, які верагодна будзе ўключаны ў пляны, гэта ідэя інтэграцыі абароннага рынку Ўкраіны ў рынак Эўразьвязу, паколькі краіна паступова, але ўпарта рухаецца ў бок членства ў ЭЗ. Многія эўрапейскія дыпляматы лічаць гэта сапраўднай перамогай для ЭЗ, бо Ўкраіна цяпер сапраўды валодае, пэўна, самай баяздольнай арміяй на кантынэнце і «вядзе нас па многіх пытаньнях, такіх як ваенныя бесьпілётнікі», як сказаў адзін чыноўнік ЭЗ, які знаёмы з гэтым пытаньнем.
Дакумэнт таксама будзе прапагандаваць так званую дацкую мадэль падтрымкі Ўкраіны. Гэты падыход заключаецца ў тым, каб краіны ЭЗ непасрэдна закуплялі абарончую тэхніку, вырабленую ў Украіне, або стваралі сумесныя прадпрыемствы з украінскімі абароннымі кампаніямі. Прапануецца таксама навучаньне ўкраінскіх салдат непасрэдна ва Ўкраіне, а ня толькі ў Эўразьвязе.
Дапамога Ўкраіне
Але ўсё гэта пляны на будучыню, і застаецца пытаньне, што Брусэль можа зрабіць для Украіны зараз. Кіеў паказаў, што можа спатрэбіцца да 33 мільярдаў эўра дадатковай ваеннай падтрымкі ў гэтым годзе. З улікам таго, што Злучаныя Штаты, магчыма, ня будуць асабліва спрыяць гэтаму, Эўразьвязу трэба тэрмінова знайсьці большую частку гэтых сродкаў.
На мінулым тыдні кіраўніца зьнешняй палітыкі ЭЗ Каі Калас прадставіла новы плян дзяржавам-членам ЭЗ, зь якім азнаёміўся журналіст Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода. Ён прапануе добраахвотную схему, якая заклікае дзяржавам-членам Эўразьвязу «даваць ваенную падтрымку Ўкраіне ў 2025 годзе з часовым абʼёмам ня менш за 20 мільярдаў эўра і патэнцыйнай магчымасьцю дасягнуць 40 мільярдаў эўра ў залежнасьці ад патрэб Украіны».
У тэксьце дадзены тэрмін да 30 красавіка для тых, хто ўдзельнічае ў пляне, каб заявіць, як яны плянуюць выканаць свае адпаведныя ўнёскі, і гаворыцца, што плацяжы павінны быць зробленыя не пазьней за 30 чэрвеня, каб забясьпечыць пастаўкі да канца гэтага году.
У пляне гаворыцца, што гэтыя грошы ў асноўным павінны пайсьці на боепрыпасы буйнакалібэрнай артылерыі, сыстэмы супрацьпаветранай абароны, ракеты, беспілотнікі, зьнішчальнікі і падрыхтоўку ўкраінскіх войскаў. Плян таксама павінен падтрымаць іншыя ўклады з боку дзяржаў-членаў, напрыклад, адпраўку войскаў ва Украіну ў выпадку мірнага пагадненьня.
Дакумэнт па-ранейшаму прапануе, каб краіны рабілі свой унёсак у залежнасьці ад іх эканамічнай вагі, што азначае валавы нацыянальны даход (ВНД). Гэтая ідэя раней выклікала гнеў у Францыі, якая сьцьвярджае, што трэкеры ваеннай падтрымкі Ўкраіны, такія як Кільскі інстытут сусьветнай эканомікі, памыляюцца, і што Парыж робіць шмат рэчаў таемна, таксама будучы гатовым адправіць сапраўдных салдат непасрэдна ва Ўкраіну для забесьпячэньня патэнцыйнага мірнага перамірʼя.
Погляд у будучыню
19 сакавіка Эўрапейская камісія прадставіць плян дзеяньняў па дапамозе сталеліцейнай прамысловасьці ў Эўрапейскім зьвязе. Гэта звычайна не выклікала б вялікай цікавасьці, але цяпер гэта іншая гісторыя, бо Злучаныя Штаты 12 сакавіка абʼявілі, што накладаюць тарыф у 25% на імпарт сталі (а таксама алюмінію) з блёка. Блёк прадставіць контрзаходы ў красавіку, але ёсьць засьцярогі, што можа пачацца поўнамаштабная трансатлянтычная гандлёвая вайна, якая нанясе сурʼёзны ўрон многім сэктарам эканомікі ЭЗ.
Форум