«Спыненьне несправакаванай і неапраўданай агрэсіі Расеі ва Ўкраіне і безумоўны вывад усіх расейскіх войскаў з усёй украінскай тэрыторыі будзе адной з галоўных перадумоў для ўнясеньня зьмяненьняў або адмены санкцый», — заявіў 26 сакавіка прадстаўнік Эўракамісіі. У студзені і пачатку сакавіка краіны-сябры ЭЗ падоўжылі санкцыйныя рэжымы супраць Расеі яшчэ на шэсьць месяцаў. Зьмены ў іх магчымыя толькі пры аднагалосным ухваленьні ўсімі 27 краінамі блёка.
Напярэдадні Крэмль заявіў, што ня будзе выконваць дамоўленае спыненьне агню ў Чорным моры, пакуль ЗША ня здымуць санкцыі з «Россельхозбанка» і іншых структур, якія займаюцца гандлем прадуктамі харчаваньня і ўгнаеньнямі.
Вечарам 25 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, камэнтуючы вынікі перамоў у Эр-Рыядзе, заявіў, што Вашынгтон разглядае ўмовы Крамля па выкананьні пагадненьня аб спыненьні агню ў Чорным моры. «Мы зараз думаем пра іх». Ёсьць каля пяці-шасьці ўмоваў. «Мы разглядаем іх усіх», — сказаў Трамп, размаўляючы з журналістамі.
- 23-25 сакавіка прадстаўнікі ЗША правялі ў Эр-Рыядзе двухбаковыя перамовы на тэхнічным узроўні з украінскай дэлегацыяй.
- Таксама 24 сакавіка ў Эр-Рыядзе адбыліся перамовы дэлегацыі ЗША з прадстаўнікамі Расеі, якія працягваліся больш за 12 гадзін.
- Белы дом абвясьціў, што Саудаўская Аравія і Ўкраіна, сярод іншага, дамовіліся аб бясьпечным суднаходзтве ў Чорным моры і пра распрацоўку мэханізма забароны нападаў на энэргетычныя аб’екты.
Форум