Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасылак больш за 500 кіляграмаў». Сталі вядомыя дэталі справы Натальлі Ладуцькі, якую асудзілі за дапамогу палітвязьням


Натальля Ладуцька, архіўнае фота
Натальля Ладуцька, архіўнае фота

«Нашай ніве» сталі вядомыя дэталі крымінальнай справы супраць 60-гадовай менскай пэнсіянэркі Натальлі Ладуцькі, асуджанай на 4 гады пазбаўленьня волі за дапамогу палітвязьням.

Натальлю Ладуцьку затрымалі 23 студзеня 2024 году ў рамках рэйду сілавікоў за дапамогу палітвязьням. Адрозна ад многіх іншых затрыманых у тыя дні беларусак, яе пакінулі пад вартай і пасьля абвінавацілі паводле ч. 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). 11 лютага 2025 году судзьдзя Яўген Пісарэвіч прызнаў Натальлю вінаватай і прысудзіў ёй 4 гады пазбаўленьня волі і штраф у 25 200 рублёў.

«Наша ніва» даведалася, што канкрэтна судзьдзя Пісарэвіч палічыў злачынствам. Фармулёўка суду гучыць так: «бязвыплатныя пералічэньні грашовых сродкаў і адпраўленьняў прадуктаў харчаваньня, прадметаў адзеньня, сродкаў асабістай гігіены і іншых прадметаў асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай і ў месцах выкананьня пакараньня, зьвязанага з пазбаўленьнем волі». «Экстрэмісцкае фармаваньне», у садзейнічаньні якому абвінавацілі Натальлю, гэта Dissidentby.

У справе Натальлі Ладуцькі пералічана 177 эпізодаў — гаворка ідзе пра грашовыя пераводы і пасылкі. Некалькі прыкладаў таго, што ставілі ёй у віну: пералічыла 100 рублёў на турэмны рахунак вязьня, адправіла пасылку вагой 4 кіляграмы.

Згодна з матэрыяламі справы, Натальля Ладуцька рабіла грашовыя пераводы і слала пасылкі вязьням крыху больш за два гады: першае адпраўленьне адбылося ўлетку 2021 году, апошняе — у сьнежні 2023 году, за месяц да затрыманьня жанчыны. За гэты час, згодна з матэрыяламі справы, яна пералічыла больш як 4000 рублёў і адправіла пасылак вагой больш як на 500 кіляграмаў.

Пракурор Дзьмітры Хаваўка прасіў пакараць Натальлю Ладуцьку 4 гадамі калёніі і штрафам памерам у 500 базавых велічынь (21 тысяча беларускіх рублёў). Судзьдзя вырашыў павялічыць памер штрафу да 600 базавых (25,2 тысячы рублёў).

Цяпер Натальля Ладуцька знаходзіцца ў Гомельскім СІЗА і чакае апэляцыі ў сваёй справе.

  • У канцы студзеня 2024 году ў Беларусі прайшла масавая хваля перасьледу сем’яў палітвязьняў за атрыманьне імі прадуктовых перадач праз ініцыятыву IneedHelpBY, якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ператрусы, допыты і затрыманьні закранулі сама меней 287 чалавек. У пастановах на ператрусы пазначаныя крымінальныя артыкулы за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-2 КК) і «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК). Таксама пад перасьлед за салідарнасьць трапілі тыя, хто слаў палітвязьням невялікія грашовыя пераказы або лісты падтрымкі.
  • Пасьля гэтага на некаторых затрыманых завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязьняў невялікімі грашовымі пераказамі і перадачамі. На канец 2024 году праваабаронцам было вядома, што ў справе салідарнасьці з палітвязьнямі асудзілі прынамсі 37 чалавек, сярод якіх адзін мужчына, астатнія — жанчыны, пераважна ўзростам болей за 50 гадоў. На іх завялі крымінальныя справы за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. У гэтым артыкуле затрыманым пагражае да 7 гадоў калёніі.
  • Нягледзячы на тое, што затрыманыя дапамагалі палітвязьням з уласнага жаданьня і з уласных грашовых сродкаў, іх абвінавачваюць у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Істота абвінавачваньня ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю аб палітвязьнях на рэсурсах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Ідзецца пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый і ініцыятываў, якія публікавалі заклікі падтрымліваць палітвязьняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG