У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што на заключным этапе камандна-штабных вучэньняў у праверцы баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл выкарысталі штурмавую авіяцыю.
Як адзначаецца ў паведамленьні прэсавай службы ведамства, на гэтым этапе мэханізаваныя, танкавыя і артылерыйскія падразьдзелы, укамплектаваныя вайсковабавязанымі, адпрацавалі «тактычныя эпізоды з баявой стральбой і контратакамі ўмоўнага праціўніка».
«Авіяцыйную падтрымку выканала штурмавая авіяцыя, разьлікі БЛА вялі выведку і карэкціравалі агонь пры дапамозе розных тыпаў бесьпілётнікаў», — адзначылі ў Мінабароны Беларусі.
Першая ў 2025 годзе праверка баявой гатоўнасьці Ўзброеных сіл Беларусі праходзіць з 3 лютага.
Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Беларусь, пачынаючы з 2022 году, практычна ў бесьперапынным рэжыме праводзіць вайсковыя вучэньні на сваёй тэрыторыі, у Расеі і ў іншых краінах АДКБ.
Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Форум