У форуме альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» бяруць удзел прадстаўнікі парлямэнтаў розных краін, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл, беларускія экспэрты і праваабаронцы, прадстаўнікі «народных амбасадаў». Форум праходзіць у будынку італьянскага парлямэнту ў Рыме.
Чакаецца, што дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, якая з 3 сакавіка наведвае Італію, выступіць з прамовай на канфэрэнцыі групаў «За дэмакратычную Беларусь».
Колькі групаў у альянсе
Дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паведаміў Радыё Свабода, што па стане на 6 сакавіка ў альянс «За дэмакратычную Беларусь» уваходзіць 23 дэпутацкія групы, але іх колькасьць можа павялічыцца.
«Цяпер 23. Але зазначу, што альянс дэпутацкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» — гэта жывая ініцыятыва, гэта тое, што ўвесь час мяняецца, бо заснавана на выбарах. А як толькі дзе прайшлі выбары, як зараз у Нямеччыне (гэта самы сьвежы прыклад), дык пачынаецца праца фактычны з нуля: зноў ладзім кансультацыі аб стварэньні групы і запускаем гэтую працэдуру. Таму бывае, што немагчыма назваць дакладную лічбу. Апошнія месяцы яна вар’іруецца — ад 21 да 24. Цяпер, паўтаруся, у альянсе 23 групы, але пасьля нядаўняй паездкі ў Альбанію, у Тырану, там таксама запушчаны працэс стварэньня такой групы і ў любы дзень яны могуць абвесьціць, што і там пачала дзейнічаць група «За дэмакратычную Беларусь». Таму і кажу, што колькасьць увесь час будзе мяняцца», — патлумачыў Анатоль Лябедзька.
Паводле Лябедзькі, сёлета наноў былі створаныя групы ў новаабраных парлямэнтах Нідэрляндаў і Літвы, чакаецца стварэньне групы «За дэмакратычную Беларусь» у парлямэнце Нямеччыны, Бундэстагу.
Пра мэту рымскага форуму
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у парлямэнцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе так ацаніў, чым важная праца альянсу і чаго ён чакае ад канэфрэнцыі 6-7 сакавіка ў Рыме.
«Для нас самае галоўнае, каб гэты альянс стаў шырокай кааліцыяй парлямэнтаў у беларускім пытаньні. Мы, натуральна, зыходзім з таго, што вырашаецца беларускае пытаньне ня ў Рыме ці Бэрліне, а ў Менску і, так бы мовіць, у Жабінцы. Але апошнія падзеі таксама сьведчаць, што вонкавыя фактары настолькі важныя, што іх нельга ня браць да ўвагі. Пачыналі мы на двухбаковым узроўні — зь літоўскімі дэпутатамі, з польскімі — але потым прыйшлі да высновы, што патрэбна кааліцыя, каб магчыма было аб’яднаць высілкі многіх уплывовых у палітыцы людзей. Гэтаму дапамагае альянс, бо яго асноўная задача — трымаць Беларусь на міжнародным парадку дня. І гэта ўдаецца праз такі фармат, бо тут у нас і амэрыканцы, і ўкраінцы, і літоўцы, малдаване — усіх ня буду пералічваць. Усім мы вельмі ўдзячныя за ўвагу і дапамогу.
Чаму выбралі Рым
Анатоль Лябедзька паведаміў, што рымская канфэрэнцыя сяброў альянсу парлямэнцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» другая па ліку. Першая праводзілася ў 2023 годзе ў Бэрліне, яна дала старт кампаніі ў абʼяднаньні высілкаў дэпутатаў розных парлямэнтаў найперш Эўропы ў вырашэньні беларускага пытаньня.
«Цяпер сябры альянсу зьбяруцца ў Рыме, пабачаць адзін аднаго, а гэта для некаторых таксама значная матывацыя, асабліва для прадстаўнікоў невялікіх краін. Сёньня ў нас заплянаваныя дыскусіі па панэлях. Тэмы самыя розныя, а па выніках мы вызначым, што будзем рабіць супольна. Якія праводзіць кампаніі, акцыі, сумесныя заявы. Найперш, мяркую, гэта тэма палітвязьняў і праблема легітымізацыі беларускага рэжыму, іншыя важныя тэмы».
Анатоль Лябедзька ацаніў як вельмі важны той факт, што другая сустрэча альянсу адбываецца менавіта ў Рыме.
«Нам вельмі важна зрабіць геаграфію ўвагі да беларускага пытаньня як мага больш шырокай, і тое, што італьянцы пагадзіліся правесьці сустрэчу ў Рыме, выдатна. Бо Італія — гэта краіна даволі далёкая ад Беларусі, а таксама гэта адна з найбуйнейшых краін Эўропы. Таму, калі яна ангажуецца ў беларускую праблематыку, гэта вельмі добра. Па маіх зьвестках, група „За дэмакратычную Беларусь“ у італьянскім парлямэнце самая шматлюдная зь іншых дэпутацкіх групаў, у яе запісалася больш за 60 парлямэнтароў», — адзначыў беларускі палітык Анатоль Лябедзька.
Хто выступае на форуме
У канфэрэнцыі прымаюць удзел дэпутаты абедзьвюх палат парлямэнту Італіі, сярод іх віцэ-прэзыдэнтка Палаты дэпутатаў Анна Аскані і намесьніца кіраўніка камісіі ў замежных справах Лія Квартапэльле, а таксама старшыня сталай камісіі Сэнату ў справах ЭЗ Джуліё Тэрцы.
У дыскусіі, прысьвечанай ролі нацыянальных парлямэнтаў у падтрыманьні дэмакратыі, будуць удзельнічаць віцэ-сьпікер парлямэнту Літвы Юозас Олекас, віцэ-сьпікер Сэйму Польшчы Міхал Каміньскі, сябра Сэнату Чэхіі Павэл Фішэр, пастаянны дакладчык аб Беларусі, дэпутат Эўрапарлямэнту Гэльмут Брандштэтэр (Аўстрыя) і дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ігар Гузь.
На панэлі, прысьвечанай «падтрыманьню і абароне правоў чалавека», выступяць францускі сэнатар Мікаэль Вэбэр, парлямэнтары Кнут Абрагам (Нямеччына), Іса Каграман (Нідэрлянды), Хатыя Дэканаідзэ (Грузія), а таксама прадстаўнік беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Канстанцін Старадубец.
У другі дзень сустрэчы абмяркуюць «пытаньні культурнай ідэнтычнасьці і грамадзянскай супольнасьці», а таксама «юрыдычныя і адміністрацыйныя праблемы».
Сьпікерамі выступяць парлямэнтары Фрэдэрык Пэці (Францыя), Ліліяна Рэйш (Партугалія), Івана Бачык (Ірляндыя), Віталь Гаўрук (Малдова), Каміля Гансэн (Швэцыя), Аляксей Ганчарэнка (Украіна), Поль Галь (Люксэмбург). Таксама чакаецца ўдзел спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Эмануэліса Зінгерыса, акадэмічнага дырэктара BEROC Льва Львоўскага і беларускага сацыёляга Андрэя Вардамацкага.
Гэта ўжо другая сустрэча прадстаўнікоў альянсу парлямэнцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» (першая адбылася ў лістападзе 2023 году ў Бэрліне).
- Парлямэнцкія групы «За дэмакратычную Беларусь», якія супрацоўнічаюць з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі, летась аб’ядналіся ў Альянс і на пачатак 2024 году аб’ядноўвалі дэлегацыю па Беларусі Эўрапарлямэнту і нацыянальныя парлямэнты 24 краінаў: Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Грузіі, ЗША, Ірляндыі, Ісьляндыі, Італіі, Канады, Латвіі, Літвы, Люксэмбургу, Малдовы, Нарвэгіі, Нямеччыны, Партугаліі, Польшчы, Украіны, Фінляндыі, Францыі, Чэхіі, Швэцыі, Эстоніі.
- Паводле дарадцы Ціханоўскай у парлямэнцкім супрацоўніцтве і канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзькі, такія групы даюць магчымасьць утрымліваць Беларусь у міжнародным парадку дня, ініцыяваць законы, якія дазваляюць падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць Беларусі, садзейнічаюць падтрымцы дэмакратычнай Беларусі ў такіх міжнародных арганізацыях, як ПАРЭ, АБСЭ, Эўрапарлямэнт і інш.
Форум