Лінкі ўнівэрсальнага доступу

60-гадовую палітзьняволеную асудзілі на 4 гады калёніі за салідарнасьць з палітвязьнямі


Менскі абласны суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота
Менскі абласны суд, архіўнае ілюстрацыйнае фота

11 лютага ў Менскім абласным судзе вынесьлі прысуд 60-гадовай палітзьняволенай Натальлі Ладуцьцы.

Жанчыну прызналі вінаватай у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» і асудзілі яе на чатыры гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, ёй прысудзілі 600 базавых велічыняў штрафу (24 000 рублёў), паведамляе ініцыятыва DissidentBY.

Прысуд вынес судзьдзя Яўген Пісарэвіч.

Натальлю Ладуцьку затрымалі 23 студзеня 2024 году падчас масавага рэйду КДБ за дапамогу палітвязьням. Ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Суд над ёй распачаўся 16 студзеня, у справе адбылося шэсьць паседжаньняў.

  • У канцы студзеня 2024 году ў Беларусі прайшла масавая хваля перасьледу сем’яў палітвязьняў за атрыманьне імі прадуктовых перадач праз ініцыятыву IneedHelpBY, якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ператрусы, допыты і затрыманьні закранулі сама меней 287 чалавек. У пастановах на ператрусы пазначаныя крымінальныя артыкулы за «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-2 КК) і «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК). Таксама пад перасьлед за салідарнасьць трапілі тыя, хто слаў палітвязьням невялікія грашовыя пераказы або лісты падтрымкі.
  • Пасьля гэтага на некаторых затрыманых завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязьняў невялікімі грашовымі пераказамі і перадачамі. На канец 2024 году праваабаронцам было вядома, што ў справе салідарнасьці з палітвязьнямі асудзілі прынамсі 37 чалавек, сярод якіх адзін мужчына, астатнія — жанчыны, пераважна ўзростам болей за 50 гадоў. На іх завялі крымінальныя справы за «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу. У гэтым артыкуле затрыманым пагражае да 7 гадоў калёніі.
  • Нягледзячы на тое, што затрыманыя дапамагалі палітвязьням з уласнага жаданьня і з уласных грашовых сродкаў, іх абвінавачваюць у «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Істота абвінавачваньня ў тым, што яны нібыта бралі інфармацыю аб палітвязьнях на рэсурсах, прызнаных у Беларусі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Ідзецца пра інтэрнэт-рэсурсы праваабарончых арганізацый і ініцыятываў, якія публікавалі заклікі падтрымліваць палітвязьняў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG