174 сьледчыя
23–24 студзеня 2024 году КДБ Беларусі правёў па ўсёй краіне рэйд. У яго выніку спэцслужбы затрымалі больш за 300 чалавек. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, толькі 23 студзеня 2024 году ў затрыманьнях удзельнічалі 174 сьледчыя. Яны паказвалі людзям пастановы з артыкулам 361-1 ч.1 і ч.3 Крымінальнага кодэксу («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).
Большасьць затрыманых падчас тых падзеяў склалі жанчыны сталага веку, многія зь іх пэнсійнага ўзросту. Прычынай зацікаўленасьці з боку КДБ стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ў той дзень ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Затрыманых абвінавачвалі ў тым, што яны дасылалі грашовыя пераводы ці заказвалі прадукты з онлайн-гіпэрмаркетаў для сем’яў, у якіх сваякі сядзелі ў турмах.
«А шостай раніцы 6 чалавек у балаклавах ўварваліся ў кватэру да маёй сястры, перапалохалі дзяцей, суседзяў, нарабілі гвалту. Учынілі ператрус, што шукалі, невядома, забралі тэлефоны і тэхніку», — расказвала Свабодзе сястра адной з затрыманых падчас тых падзеяў беларусак, муж якой сядзіць у калёніі праз палітычна матываваныя абвінавачаньні.
«Пазьней нам стала вядома, што сястру затрымалі за харчовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelp. Але якое злачынства ў тым, што жанчына, муж якой сядзіць і ня можа забясьпечыць сям’ю, дзяцей, атрымала ад добрых людзей кіляграм грэчкі і літар алею, умоўна кажучы?» — расказвала іншая суразмоўца.
«Дапамагала людзям з сваёй пэнсіі»
60-гадовую пэнсіянэрку Натальлю Ладуцьку затрымалі 23 студзеня 2024 году. Адрозна ад многіх іншых затрыманых у тыя дні беларусак, Натальлю пакінулі пад вартай і пасьля абвінавацілі паводле крымінальнага артыкула. Працэс пачаўся 16 студзеня 2025 году, усяго ў справе Натальлі правялі 6 судовых паседжаньняў, жанчыне выставілі абвінавачаньне паводле ч. 1 і 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэксу («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). 11 лютага судзьдзя Яўген Пісарэвіч прызнаў Натальлю вінаватай і прысудзіў ёй 4 гады пазбаўленьня волі.
«Натальлю вельмі непакоіла тое, што ў многіх людзей, якія апынуліся за кратамі пасьля 2020 году, няма сваякоў, якія маглі б рабіць перадачы. І яна дапамагала ў першую чаргу такім людзям, у якіх няма родных. Дасылала перадачы, пераказы, ашчаджала з сваёй пэнсіі. Цяпер з іроніі лёсу Натальля сама апынулася ў такім жа стане, бо яе адзіны сын вымушаны быў выехаць зь Беларусі», — расказвае ў размове з Свабодай сябра сям’і Ладуцькаў Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС).
Асуджаная Натальля Ладуцька не была палітычнай ці грамадзкай актывісткай, пра яе вядома няшмат. Адукацыяй эканамістка, усё жыцьцё працавала галоўнай бухгальтаркай, нядаўна выйшла на пэнсію. Суразмоўца Свабоды кажа, што Натальля заўсёды была неабыякавай да чужога гора. На пэнсіі даглядала двух сабак. Аднаго зь іх забрала літаральна са сьметніку — хтосьці проста выкінуў шчанюка. Другога ўзяла дадому з прытулку.
«Для Натальлі было вельмі важна дапамагаць менавіта кінутым жывёлінам — не купляць пародзістых, а ратаваць тых, хто ў бядзе. Сабак завуць Вэста і Тор. Натальля захапляецца міталёгіяй. Вэста — рымская багіня хатняга агменю, а Тор у германа-скандынаўскай міталёгіі — бог перуна й маланак. Цяпер сабакі трапілі ў добрыя рукі, да яе сяброў», — апавядае сябра сям’і Ладуцькаў.
Зь яго словаў, Натальля таксама ўсё жыцьцё была заўзятай турысткай. Узімку хадзіла на лыжах, улетку — у пешыя паходы з заплечнікам і намётам. Захапляецца яна і літаратурай.
«У яе шыкоўная бібліятэка, шмат беларускай літаратуры і замежнай клясыкі. Заўсёды Натальля зьвярталася да Мантэня, да ягоных „Спробаў“. У турме для яе вельмі важна было прачытаць Гэрмана Гэсэ „Стэпавы воўк“, Харукі Муракамі. Зь беларускай клясычнай літаратуры яна захапляецца Караткевічам, Быкавым, з сучасных — Марціновічам, асабліва ягоным раманам „Мова“. Натальля — патрыётка Беларусі. Яе заўсёды цікавіла беларушчына», — кажа сябра Натальлі Ладуцькі.
Акрамя 4 гадоў пазбаўленьня волі, Натальлі прысудзілі штраф 25 200 рублёў. Гэта каля 35 сярэдніх месячных пэнсіяў.
«Калі не дапамагаць, то што ж мы за людзі?»
64-гадовая Ірына Такарчук — маці былой палітзьняволенай, блогеркі Вольгі Такарчук, якую асудзілі на паўтара года зьняволеньня. Пасьля затрыманьня Вольгі яе бацькі пачалі езьдзіць у турму ў Жодзіна, дзе пазнаёміліся з бацькамі іншых палітвязьняў.
«Мама давала парады, кансультацыі, што лепш перадаваць, як упакаваць, што даўжэй захоўваецца. Яна заўсёды была вельмі чульльвая да чужога гора, паўтарала: «Маё дзіця за кратамі. Для мяне наагул няма чужых дзяцей, а калі цябе пасадзілі, гэта я зразумела яшчэ мацней. Калі не дапамагаць, то што ж мы за людзі?» — кажа Вольга Такарчук, якая ўжо адбыла свой тэрмін.
Яе бацькі валянтэрылі, афармлялі перадачы іншым. Дапамагалі сям’і Руслана Ліньніка, чые пажылыя хворыя бацькі ня ўмелі карыстацца электроннай поштай і тэлеграм-каналамі. Ірына Такарчук праз сваю паштовую скрыню афармляла для іх харчовыя кошыкі.
«Калі я выйшла на волю, мы разам пачалі дапамагаць. Зьбіралі дзяўчат у калёнію, бо я ведала, што дзе трэба купляць, дзе таньней, што больш якасна», — успамінае Вольга.
23 студзеня 2024 году раніцай супрацоўнікі КДБ спачатку прыйшлі да Вольгі. Напалохалі малых дзяцей, жанчыну забралі на допыт, дзе пыталіся пра «Е-дастаўку» (сэрвіс онлайн-заказу прадуктаў. — РС), хто ёй прысылаў харч. Вольга адказала, што падпісчыца яе сацыяльных сетак. Потым сілавікі паведамілі, што едуць да яе маці. У выніку Ірыну Такарчук таксама прывезьлі ў КДБ. Вользе ж прапанавалі напісаць яўку з прызнаньнем.
«Я запыталася: „У чым мне прызнавацца? Што падпісчыца дапамагала каўбасой?“. Мне цалкам сур’ёзна адказалі: „Напішы чыстасардэчнае прызнаньне, што ты раскайваесься і больш ня будзеш браць каўбасу ў падпісчыкаў“. Маму забралі, яна перажыла моцны стрэс і невядомасьць — што са мной, што з мужам. Гэта былі вельмі страшныя для ўсёй сям’і часы. Мама спадзявалася на „хімію“, яна не была маральна гатовая, што ёй дадуць рэальны тэрмін. Суд быў вельмі цяжкі — стомленасьць, разгубленасьць. Маме далі 3 гады рэальнага тэрміну ў калёніі», — расказвае Вольга Такарчук.
У выніку тых падзеяў сям’ю Такарчукоў фактычна разбурылі. Сама Вольга зь дзецьмі апынулася ў Літве, яе маці Ірына — у турме, бацька зьехаў у Польшчу, сястра засталася ў Менску даглядаць бабулю.
«Той, які з жанчынамі не ваюе, 23 студзеня мінулага году ўчыніў такую «дзіч» з бабулямі! Я, калі чытала прысуды, каго забралі, у мяне на галаве валасы дуба ўставалі. Такія пажылыя жанчыны, якія і так ужо маюць ня вельмі добрае здароўе, трапілі ў турму — гэта ж набліжэньне да сьмерці сямімільнымі крокамі! Мама пісала ў лісьце, калі яны яшчэ даходзілі: «Мне вельмі шкада, што я за дапамогу трапіла ў турму. У мяне адабралі самыя каштоўныя гады маёй старасьці. Замест таго, каб рэшту жыцьця правесьці з мужам, з унукамі, я сяджу ў турме», — дзеліцца Вольга Такарчук.
«Адвольны перасьлед людзей»
Паводле зьвестак праваабаронцаў, жанчын 23–24 лютага 2024 году затрымлівалі па ўсёй Беларусі. У Жабінцы, Магілёве, Жлобіне, Берасьці, Менску, Воршы, Салігорску, Баранавічах. Пад перасьлед трапілі прадстаўніцы самых розных прафэсіяў: лекаркі, бібліятэкаркі, бухгальтаркі, перакладніцы.
Масава судзіць затрыманых у канцы студзеня 2024-га пачалі ў лютым таго ж году. Абвінавачаньне было збольшага аднолькавым — «Выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці», артыкул 24.15 КаАП. Раней у Беларусі яго не выкарыстоўвалі. Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка назваў такую практыку «адвольным перасьледам людзей, якія не парушылі ніякіх юрыдычных правілаў».
Усяго ў адміністрацыйных справах асудзілі больш за 150 чалавек. Вядома пра амаль сотню судовых рашэньняў, якімі людзі атрымалі штрафы на агульную суму 1325 базавых велічыняў (каля 56 тысяч рублёў) і 242 тысячы рублёў — у межах кампэнсацыі «харчовых кошыкаў». 120 чалавек засталіся без адміністрацыйных пратаколаў. Бальшыня зь іх выпадковыя людзі, якія карысталіся «Е-дастаўкай» з «Эўраопту» ці з «Гіпа». Такую інфармацыю далі Свабодзе праваабаронцы ініцыятывы Dissidentby. На 39 чалавек пасьля сэрыі затрыманьняў 23–24 лютага завялі крымінальныя справы. Людзей асудзілі на 3–5 гадоў калёніі ці на так званую «хатнюю хімію». Вікторыя Дамастой атрымала 5 гадоў пазбаўленьня волі, Алеся Дзернакоўская, Натальля Ладуцька, Тацяна Сьцепа — 4 гады, Алеся Сяргеенка, Натальля Малец, Алена Бобр — 3 гады і 6 месяцаў, Ірына Такарчук, Кацярына Мендрык, Ірына Бандарэнка, Алена Дземянчук, Ала Дзясяцік, Надзея Лескавец, Аксана Ляпко, Ксенія Суша, Натальля Давыдуліна — 3 гады.
5 гадоў маці траіх непаўналетніх дзяцей
Найбольшы тэрмін — 5 гадоў — атрымала шматдзетная маці з Горадні Вікторыя Дамастой. У Вікторыі трое непаўналетніх дзяцей. Да жанчыны прыйшлі падчас рэйду 2024 году, але пад варту яе не ўзялі праз малых дзяцей. Правялі ператрус, сканфіскавалі тэхніку і грошы. Знайшлі камэнтары ў сацсетках, правялі экспэртызу.
20 красавіка 2024 году Вікторыю затрымалі, выставілі абвінавачаньні паводле 5 артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 130 («Распальванне сацыяльнай варожасьці»), 367 («Паклёп на прэзыдэнта»), 368 («Абраза прэзыдэнта»), 342 («Актыўны ўдзел у масавых беспарадках»), 361-4 («Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
3 гады 6 месяцаў жонцы былога палітвязьня
Алеся Сяргеенка — жонка былога палітвязьня Максіма Сяргеенкі. Кіроўца хуткай дапамогі з Магілёва за шэсьць роставых лялек з надпісамі і выявамі найвышэйшых службовых асобаў на дарожных мастах атрымаў 3 гады, адбываў тэрмін у наваполацкай калёніі. Калі Алеся хадзіла зь перадачамі ў СІЗА, яна пазнаёмілася з сваякамі іншых затрыманых, часта сутыкалася з разгубленымі людзьмі, апавядала яна «Вясне».
«Прыходжу, бачу, што стаіць і не разумее, што трэба рабіць, што тут да чаго. Я падыходзіла, дапамагала, хоць і была з маленькім сынам. Але не дапамагчы людзям у такой сытуацыі нельга. І мне таксама дапамагалі... Нельга замыкацца ў сабе. Калі нашы блізкія там, мы павінны быць згуртаваныя тут», — казала Алеся. Алеся Сяргеенка ўсяго месяц не дачакалася выхаду мужа з калёніі — яе затрымалі ў студзені. Суд быў закрытым. Прысуд Алесі паводле арт. 361-4, ч.1 і 2 («Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») — 3,5 года калёніі. У сям’і двое непаўналетніх дзяцей, 16 і 4 гадоў.
Тры гады маці пяцярых дзяцей
Натальля Давыдуліна з Жлобіна, старэйшы яе сын Дзяніс — былы палітвязень, яго асудзілі на 1,5 года калёніі за тое, што ў ноч на 10 жніўня 2020 году ён «выходзіў на праезную частку і аказваў актыўнае непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі».
З сацыяльных сетак жанчыны вядома, што ў Натальлі з мужам вялікая сям’я — пяцёра дзяцей, зь якіх адна дачка яшчэ ў малодшай школе. Дапамогу іншым палітзьняволеным кваліфікавалі як «спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці». 48-гадовая Натальля Давыдуліна атрымала 3 гады калёніі.
Тры гады за 188 рублёў
Берасьцейцы Ірыне Пагадаевай 56. У канцы 2023 году яе ўключылі ў сьпіс датычных да Facebook-суполкі «Лісты салідарнасьці», якую прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Затрымалі Ірыну 6 траўня 2024 году.
Агулам у справе Ірыны Пагадаевай фігуравалі 32 эпізоды: жанчына слала грошы палітвязьням у СІЗА Менску, Гомля ды іншых гарадоў. Пераважна гэта сумы ў 4–5 рублёў. Агулам за няпоўныя паўтара года (жнівень 2021 — сьнежань 2022) з свайго бібліятэкарскага заробку яна адправіла 188 рублёў. У апошнім слове Ірына казала, што «ажыцьцяўляла грашовыя пераказы ў СІЗА выключна праз спагаду да затрыманых і жаданьне дапамагчы тым, хто апынуўся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі». На суд Ірыну прывозілі ў кайданках. У яе двое дзяцей, малодшай дачцэ 14 гадоў.
Яшчэ адну бібліятэкарку, Ксенію Сушу зь Менску, таксама асудзілі на 3 гады. У Ксеніі двое непаўналетніх дзяцей.
Чатыры гады лекарцы-дэрматолягу зь Менску
Доктарцы Дзернакоўскай, якая таксама трапіла пад перасьлед падчас студзеньскага рэйду, 48 гадоў. У 1992 годзе яна скончыла Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт, спэцыяльнасьць «лекарская справа». Налета атрымала спэцыяльнасьць пэдыятра. У 2006-м вывучылася на дэрматоляга і касмэтоляга. Пастаянна падвышала кваліфікацыю, мае найвышэйшую катэгорыю. Апошнімі гадамі працавала ў прыватных мэдычных цэнтрах «Сёмае неба», «Марк Эстэтык» і «МэдАвэню».
Наймаладзейшай асуджанай — 26 гадоў
Кацярына Мендрык нарадзілася ў Лідзе, яшчэ ў дзяцінстве пераехала жыць у Горадню. Вучылася ў Варшаўскім унівэрсытэце, пэўны час жыла ў Польшчы. Да затрыманьня ў крымінальнай справе за грашовыя пераказы і пасылкі ў СІЗА Кацярыну прынамсі двойчы асудзілі паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў. Затрымалі дзяўчыну пасьля студзеньскага рэйду — 28 студзеня 2024 году, па вяртаньні ў Беларусь, на момант рэйду дзяўчына была за мяжой. Прысуд — 3 гады калёніі.
5 гадоў за данаты
Ёсьць сярод амаль чатырох дзясяткаў асуджаных за дапамогу жанчын і мужчына — бізнэсовец Сяргей Юнчык. Ён нарадзіўся ў вёсцы Падвосьце Жыткавіцкага раёну. Да 2023 году кіраваў сямейнай кампаніяй «Юніка-дэнтал», якая займаецца пастаўкамі стаматалягічных матэрыялаў, інструмэнтаў і абсталяваньня.
Як вынікае з паведамленьня пракуратуры, Сяргею паставілі ў віну ахвяраваньні «Беларускай радзе культуры», «Краіне для жыцьця», Dissidentby на агульную суму 1300 рублёў. Таксама ён нібыта перавёў каля 500 рублёў 24 палітвязням, чым «аказаў спрыяньне дзейнасьці экстрэмісцкіх фармаваньняў Dissidentby і „Праваабарончы цэнтар Вясна“».
Сяргею Юнчыку прысудзілі 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 500 базавых велічыняў (21 тысяча рублёў).
Форум