Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вельмі балюча за страчаны час, за згубленае дзяцінства сына». Вялікая размова з Ксеніяй Луцкіной пасьля вызваленьня


Ксенія Луцкіна пасьля ад'езду зь Беларусі, сакавік 2025
Ксенія Луцкіна пасьля ад'езду зь Беларусі, сакавік 2025

Журналістка Ксенія Луцкіна зьехала зь Беларусі разам з 14-гадовым сынам Мацьвеем. Пасьля чатырох гадоў турмы і вызваленьня летам 2024 году яна змагла пражыць на Радзіме толькі шэсьць месяцаў.

Журналістка Ксенія Луцкіна, якая амаль 4 гады правяла ў калёніі і якую вызвалілі ў жніўні 2024 году, 3 сакавіка пакінула Беларусь разам з 14-гадовым сынам Мацьвеем. Яна расказала Свабодзе пра гэтае няпростае рашэньне, пра тое, як паўгода пражыла пасьля вызваленьня і пра што марыць цяпер.

«Дзяржава і радзіма — гэта розныя рэчы»

Гэта было вельмі цяжкае рашэньне — зьехаць, прызнаецца Ксенія.

«Пакідаць дом, радзіму — гэта вельмі цяжка, маральна цяжка. За гады, якія ты знаходзісься ў турме, ты вельмі добра вучысься аддзяляць дзяржаву ад радзімы, разумееш, што дзяржава і радзіма — гэта розныя рэчы.

Калі цябе дапытваюць і наўпрост задаюць пытаньне: «Як ты магла здрадзіць радзіме?», ты разумееш у нейкі момант: «Так, ты зьдзейсьніла злачынства супраць дзяржавы» — гэта я пра сябе гавару.

Так, я выступіла супраць дзяржавы. Але дзяржава і краіна — гэта ўсё ж розныя рэчы. Сваю краіну, сваю радзіму я вельмі люблю. І пакінуць яе — гэта адно з самых складаных рашэньняў у маім жыцьці.

Канечне, былі нейкія надзеі, што можна будзе жыць дома. Прынамсі, я паспрабавала. І я зразумела, што сацыялізавацца ў гэтым новым грамадзтве ў мяне не атрымаецца. Я не магу быць часткай яго, таму што ў новым грамадзтве, якое ёсьць у Беларусі цяпер, — я іншароднае зерне, я былая зэчка. Там нікога няма, усіх звольнілі. Разумееце, няма нікога нідзе! Ня тая краіна. Усё інакш выглядае.

Там вельмі шмат страху, вельмі шмат прытворства. То бок людзі робяць выгляд, прытвараюцца, што ўсё вакол добра, так яно і павінна быць. І атрымліваецца так, што свабоды ўва мне і ў такіх, хто адседзеў, як я, — болей, чым ва ўсіх астатніх. Таму што гэты страх паранаідальны, які сядзіць у людзях, — яго вельмі цяжка прыняць. А людзі ў гэтым жывуць.

Для мяне гуляць у гэтую гульню, што нічога не адбылося, непрымальна. Ну як так — нічога не адбылося? Усё адно ў маім жыцьці была турма. Усё адно ў маім жыцьці быў той досьвед, які ніводнаму нармальнаму чалавеку не патрэбны. Усё адно я разумею, што ў мяне няма згрызотаў сумленьня, як у забойцаў ці ў людзей, якія зьдзейсьнілі сапраўдныя крымінальныя злачынствы.

Ксенія Луцкіна да арышту, архіўнае фота
Ксенія Луцкіна да арышту, архіўнае фота

«У мяне скралі 4 гады жыцьця»

У мяне ёсьць велічэзнае пачуцьцё чалавечай віны — аб страчаных чатырох гадах для маёй сям’і, для майго дзіцяці. Але пачуцьця віны перад дзяржавай у мяне няма.

Калі гэты турэмны досьвед — месяц, мабыць, гэта адна гісторыя. Але калі гэты досьвед — 4 гады, калі ты апынаесься на волі, ты разумееш, што ў цябе страчаныя гады. Многія гады кантактаваньня з роднымі, зь сям’ёй, з сынам. Так, досьвед цікавы, як журналістцы, як дакумэнталістцы, безумоўна, мне было цікава. Але мне вельмі балюча за страчаны час, за згубленае дзяцінства майго сына Мацьвея. У мяне скралі 4 гады жыцьця. У мяне скралі дзяцінства майго дзіцяці.

Пра памілаваньне я наагул ня буду абмяркоўваць і расказваць. Бо людзі ў турме, калі я буду публічна расказваць, я магу ім нашкодзіць. Гэта жыцьці людзей. Мне сказала адна калега, што ў маім выпадку далей — гэта самагубства. Згаджайся. Як гэта адбываецца — давайце ня будзем на гэтую тэму. Я баюся дыхаць — ня тое што размаўляць на гэтую тэму.

Што дапамагала выжыць за кратамі?

Па-першае, гэта людзі. Хоць я нават ня ведаю, што па-першае. Мабыць, наш унутраны рэсурс, які ў табе назапашаны. Разумееце, вось гэты ўнутраны рэсурс у нармальных людзей, якія мелі добры жыцьцёвы досьвед, радасны досьвед — насамрэч у нашай душы назапашаны такі акумулятар шчасьця, унутраны!

І вось гэты ўнутраны рэсурс няма адкуль падсілкоўваць, на жаль. Там няма станоўчых эмоцый! У калёніі іх дакладна няма. У СІЗА ты атрымліваеш лісты, там людзі нармальныя. Ты атрымліваеш бандэроль са шкарпэткамі ад незнаёмых людзей — гэта настолькі кранальна і чалавечна! Хтосьці разумее, што табе холадна. Гэта вельмі кранальна. Нам кажуць, што пра нас забыліся, мы нікому не патрэбныя — а тут такая ўвага! Да таго ж у мяне ёсьць матэрыяльнае пацьверджаньне, што гэта няпраўда! Унутраны рэсурс там ты можаш падсілкоўваць праз кнігі, празь лісты, праз кантактаваньне з добрымі людзьмі. Такая колькасьць палітзэкаў — гэта неблагая кампанія, скажам так. Калі ёсьць чалавечыя зносіны — гэта вельмі шмат і вельмі важна. Ёсьць зносіны, ёсьць маленькія моманты радасьці. Што такое чалавек і які ён у глыбокім сэнсе — там ты гэта разумееш. І нават праява чалавечнасьці з боку супрацоўнікаў, калі ты разумееш, што для іх гэта небясьпечна.

Нас так саджалі, каб мы не кантактавалі адно з адным. Калі мы былі разам — гэта нядоўга. У калёніі ўсе журналісты былі ў розных лякальных участках, і мы ня мелі магчымасьці кантактаваць.

Мы маглі пераглядацца, паўсьміхацца адна адной. Кантактаваньне ў калёніі — гэта вачыма, усьмешкамі. У СІЗА мы больш маглі пакантактаваць. А ў калёніі гэтага не дазвалялі.

Ксенія з сынам Мацьвеем, архіўнае фота
Ксенія з сынам Мацьвеем, архіўнае фота

«Я дакладна ведаю — мяне нельга прынізіць»

Ёсьць вельмі клясная кніга вядомага аўстрыйскага псыхіятра, былога вязьня Віктара Франкла «Псыхоляг у канцлягеры». Зразумела, што мы не ў канцлягеры, у нас не стаяла пытаньне жыцьця і сьмерці. Але вось пытаньне дэтэрмінаванасьці — зразумела, ты ня будзеш знаходзіцца ў калёніі ўвесь свой тэрмін, але ты ня ведаеш, калі выйдзеш. Ён вельмі добра апісвае гэты стан.

Што да супрацоўнікаў гэтай калёніі, ёсьць і шмат чалавечнага, але ёсьць і праявы садызму. Кантраст. Стаўленьне — як у войску... Ты ў вельмі дрэннай арміі, дзе ўсе шарагоўцы — жанчыны. Там ты пастаянна павінен памятаць, дзе і ў якой якасьці ты там знаходзісься. Гэта вельмі няпроста, скажу шчыра. Зьдзекі былі, гэта асобная гісторыя... Я не магу сказаць, што гэтага вельмі шмат, бо таксама чытала, што расказвалі былыя сядзельцы. Скажам так: ня ўсё, што яны распавядалі, — праўда. Ну, бог зь імі. Трупы не праяжджалі кожны дзень (усьміхаецца).

Трэба разумець, што чалавечнасьць там неабходна захоўваць — як бы ні спрабавалі на цябе ціснуць, што б ні адбывалася. Спрабуюць цябе прынізіць — але хіба можна цябе прынізіць, калі ў цябе ёсьць разуменьне, хто ты і што ты сабой уяўляеш? Я дакладна ведаю — мяне нельга прынізіць. Што б пра мяне ні казалі — я ведаю, хто я, у мяне ёсьць годнасьць. Мяне немагчыма апусьціць на той узровень, на які камусьці хацелася б.

«Вярнуцца ў прафэсію — гэта мая мара»

Я вельмі хачу працаваць. Я вельмі хачу вярнуцца ў прафэсію. Калі я сядзела, усе мае фільмы і цыклі («Terra incognita», «1418 дзён. Гісторыя Перамогі» — пра Другую ўсясьветную вайну, «Зямля страчаная. Зямля здабытая» — да 30-годзьдзя Чарнобыльскай катастрофы, за якія дакумэнталістка атрымала ўзнагароды «Тэлевяршыня». — РС) былі на сайце «Белтэлерадыёкампаніі». Больш за тое, іх паказвалі ў этэры. Мы сьмяяліся — у калёніі глядзелі «Terra incognita», штосьці яны не разьлічылі!

Мне пакуль трэба разабрацца, дзе мы з сынам будзем жыць, заняцца сваім здароўем, знайсьці сябе занятак. Я вельмі хачу працаваць. Вярнуцца ў прафэсію — мая мара. Я разумею, што гэта складана, але гэта часьцінка мяне. І як гэтую сваю часьцінку рэалізаваць, я пакуль не разумею. Але вельмі гэтага хачу.

Мару, каб усе дзяўчаты, усе палітзьняволеныя выйшлі. Калі я змагу штосьці зрабіць, каб гэта паскорыць, я ўсё зраблю дзеля іх.

Каб дапамагчы Ксеніі Луцкіной пачаць новае жыцьцё ў новай краіне, BySol адкрыў дабрачынны збор.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG