Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто траціць больш на дапамогу Ўкраіне, ЗША ці Эўразьвяз?


Каляж
Каляж

Колькі ЗША, ЭЗ і іншыя саюзьнікі выдаткавалі на падтрымку Ўкраіны пасьля таго, як Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ў 2022 годзе?

ЗША, Эўразьвяз і іншыя саюзьнікі выдаткавалі ўвогуле больш за 287 мільярдаў даляраў на падтрымку Ўкраіны з моманту, калі Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ў 2022 годзе, паводле аналітычнага цэнтру Кільскага інстытуту сусьветнай эканомікі, піша карэспандэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Іван Гутэрман.

ЗША зьяўляюцца найбуйнейшым донарам Украіны, яны выдзелілі фінансавай, гуманітарнай і вайсковай дапамогі на суму больш як 122 мільярды даляраў.

Усе дзяржавы — сябры ЭЗ і Эўракамісія разам выдаткавалі прыкладна столькі ж, што і ЗША са студзеня 2022 году па сьнежань 2024 году: 121,87 мільярда даляраў.

Але гэтыя лічбы зьмяняюцца, калі ўключыць дапамогу ўцекачам.

Паводле дадзеных Кільскага дасьледчага цэнтру, ЭЗ выдаткаваў дадаткова 131 мільярд даляраў на падтрымку ўкраінскіх уцекачоў. Паводле ААН, у Эўразьвязе на гэты момант пражываюць каля 4,4 мільёна ўцекачоў з Украіны.

Такім чынам, агульная дапамога ЭЗ Украіне, уключаючы ўцекачоў, вымушаных пакінуць краіну, складае больш за 251 мільярд даляраў.

Гэтая ацэнка грунтуецца на выдатках на ўцекачоў са справаздачы аб пэрспэктывах міжнароднай міграцыі, апублікаванай у кастрычніку 2022 году. З тых часоў многія краіны ЭЗ скарацілі фінансавую падтрымку ўкраінскіх уцекачоў.

Значная частка ўкраінскіх уцекачоў у ЭЗ працуе і ўносіць грошы ў дзяржаўныя бюджэты. У Польшчы ўзровень занятасьці сярод украінскіх уцекачоў ацэньваецца ў прыблізна 65%.

Нядаўна ЗША прыпынілі асноўную праграму падтрымкі ўкраінскіх уцекачоў Uniting for Ukraine.

Па стане на красавік 2024 году больш за 236 тысяч украінцаў атрымалі дазвол на перасяленьне ў ЗША ў рамках праграмы, паведамляе Дэпартамэнт унутранай бясьпекі. Але ЗША выдзелілі абмежаваныя сродкі на праграму, прычым атрымальнікі мусілі мець фінансавага спонсара ў ЗША, каб пакрыць выдаткі на сваё знаходжаньне.

Ці зьяўляецца ўся гэтая дапамога падарункам?

Частка дапамогі, якая выдзяляецца Ўкраіне, паступае ў выглядзе крэдытаў, якія Кіеў павінен вярнуць, або за кошт прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў.

ЗША, ЭЗ і іншыя замарозілі каля 300 мільярдаў даляраў, якія належаць Цэнтральнаму банку Расеі, пасьля ўварваньня Масквы ва Ўкраіну.

У студзені Эўрапейская камісія накіравала Ўкраіне 3 мільярды эўра, якія, паводле яе, будуць вернутыя за кошт прыбытку ад замарожаных расейскіх актываў.

Між тым частка дапамогі з боку ЗША і іншых краін не даходзіць да Ўкраіны. Гэта таму, што сродкі ідуць на закупку вайсковай тэхнікі або інвэставаньне ў абаронную вытворчасьць за мяжой.

Напрыклад, каля 7 мільярдаў даляраў з пакета дапамогі ЗША ў памеры 61 млрд, прынятага Кангрэсам у 2024 годзе, плянавалася выкарыстаць для павелічэньня вытворчасьці ў ЗША такога абсталяваньня, як 155-мілімэтровыя снарады, паведамляе Цэнтар стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў. Чакаецца, што іншыя часткі пакета дапамогі, якія складаюць мільярды, будуць выкарыстаныя Ўкраінай для закупкі абсталяваньня ў амэрыканскіх вытворцаў зброі.

Крыніца: Кільскі інстытут сусьветнай эканомікі
Крыніца: Кільскі інстытут сусьветнай эканомікі

Наколькі дарагая дапамога Ўкраіне ў параўнаньні з ваеннымі намаганьнямі Расеі?

Ад студзеня 2022 году да сьнежня 2024-га ЗША выдаткавалі на дапамогу Ўкраіне каля 0,53% свайго ВУП, які складае каля 23 трыльёнаў даляраў. Гэта менш за 0,2% ВУП штогод. Краіны-сябры і інстытуты Эўразьвязу выдзялялі 0,7% свайго гадавога ВУП, які ў 2021 годзе склаў 17,1 трлн даляраў.

Расея тым часам выдаткавала амаль 6% ад свайго ВУП у 2023 годзе з прыблізна 2 трлн даляраў на ваенныя мэты, паводле дадзеных SIPRI.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG