Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палюбіць Амэрыку? Ці ўпішацца Беларусь у новыя ўсясьветныя трэнды


Статуя Свабоды ў Нью-Ёрку. Архіўнае фота
Статуя Свабоды ў Нью-Ёрку. Архіўнае фота

Не пакідае адчуваньне, што ў Белы дом вярнуўся знаёмы зь дзяцінства Дзядзька Сэм — шумны, не асабліва пераборлівы ў словах, грубаваты — і запусьціў свой усясьветны аўдыт, падобны да Ніцшавай «пераацэнкі ўсіх каштоўнасьцяў».

У Маскве яго прынялі за свайго. Памкнуўся, толкам не разабраўшыся, зрабіць тое самае і менскі «клюб рэдактараў». Што з гэтага атрымаецца?

Сьцісла:

  • Стомлены чалавечы сьвет, змучаны блуканьнем паміж заблытаных арыентыраў, прагне пераацэнкі каштоўнасьцяў на ясны лад, і Дзядзька Сэм дэкляруе гатовасьць такую пераацэнку зрабіць.
  • У беларускіх «гасударавых людзей» кагнітыўны дысананс: палюбіць Амэрыку? Хрэстаматыйнага ворага № 1 савецкай прапаганды? Гэта ж як стаць з ног на галаву!
  • Як тое было ня раз, пры ўсякай трансфармацыі Амэрыкі яе базавыя каштоўнасьці застануцца нязьменнымі, а значыць, не спалучальнымі з уяўленьнямі пра жыцьцё і сьвет Лукашэнкі і яго абслугі.

Пераацэнка каштоўнасьцяў

Каштоўнасьці збольшага вядомыя з матчынага выхаваньня і дэкалёгу. Але яны не працуюць ад таго толькі, што напішаш іх на самай галоўнай паперы, а іх мэханічнае паўтарэньне ператвараецца ў загаворваньне, аж да адваротнага сэнсу. Як, напрыклад, «народнае адзінства» пры Лукашэнку. Каштоўнасьці працуюць, калі ўвесь час сьцьвярджаюцца справамі. Калі гэтага няма, сьвет спакваля завальваецца і застывае ў нязьменнасьці малога і вялікага зла. Цяпер вось і зьнішчэньне Пуціным Украіны знаходзіць сабе «каштоўнасныя» тлумачэньні і разам зь імі трывае штодзённа ўжо тры гады. І не відаць гэтаму канца. У Беларусі без усякага сораму сьцьвярджаюць, што «дыктатура — наш брэнд»; масавыя рэпрэсіі супраць мірнага жыхарства доўжацца штодня ўжо пяць гадоў — нязьменна, плянамерна і без аніякага сьвятла ў канцы тунэля. Тады змучаны манатоннасьцю зла чалавек шукае вачыма збаўцу — і погляд яго падае на Дзядзьку Сэма.

У гэтым вобразе пераацэнка адбываецца не як палітыка, а менавіта як вобраз. Глядзіце на мяне і рабеце высновы: штосьці застанецца нязьменным, а штосьці трэба будзе адкінуць. Няма ні тактыкі, ні стратэгіі, а ёсьць я — як жывы прыклад. Навука простая, ня трэба шукаць кантэкстаў і ўсё ўскладняць. Наадварот. Свабода — вось правіла, якое мусіць працаваць. І няхай пераможцам стане мацнейшы.

На «гопніцкія» манэры адгукаецца душа расейскага правінцыяла. У «гасударавых людзей» кагнітыўны дысананс: гэта ж так заўзята і мусова ненавідзелі Амэрыку, а цяпер яе трэба... палюбіць. Ды яшчэ і супраць Эўропы. Але што зробіш, калі Штаты нарэшце апынуліся на тым шляху, на які Беларусь цьвёрда ступіла 30 гадоў таму. Адзін менскі «глашатай» нават інтымна прызнаўся з блакітнага экрана: амэрыканскі прэзыдэнт нагадвае яму... маладога Лукашэнку.

То бок харызматычны, ганарысты і, вядома ж, авантурны Дзядзька Сэм — рыхтык бульбяны дыктатар? Сапраўды, як жа перакруціліся каштоўнасьці — да адваротнага сэнсу. Пры тым усім зразумела, што той, хто сымбалізуе свабоду, ніяк ня можа быць сымбалем турмы. Дый «гасударавы людзі», зрэшты, ніякім чынам і ні зь якага боку ня «ўся каралеўская раць»...

Крыху гісторыі

Антыамэрыканізм у Беларусі ніколі ня быў сваім, натуральным, беларускім, яго заўсёды наносіла сюды вятрамі русыфікацыі — як атрыбут імпэрыі, якая супрацьпастаўляе сябе іншай звышдзяржаве. У русыфікаванага беларуса сындром нянавісьці да ўсяго амэрыканскага парадаксальна спалучаўся з пакланеньнем перад усім амэрыканскім — ад жуйкі з джынсамі да ладу жыцьця. Аб’ектыўную павагу да Штатаў выклікала вялікая амэрыканская літаратура, якая дыхала свабодай.

Звычайны беларус ставіўся да Амэрыкі спакойна, успамінаючы, як дзед езьдзіў у пачатку ХХ ст. у Штаты на заробкі, колькі і дзе ў Беларусі купіў на тыя грошы зямлі. Але зямлю адабралі расейскія бальшавікі, і было гэта ўжо даўно, пакаленьні зьмяніліся.

Пра што ўвогуле не гаварылі ў Беларусі, ненавідзячы і багомячы Амэрыку, — пра тое, што літаральна ўсе даброты цывілізацыі прыходзілі да нас з Захаду, са Штатаў. З Расеі прыходзілі толькі сыравіна і прыгнёт. Гэта да Расеі зьвяртаўся Лукашэнка, калі сказаў: «Я свой народ за цывілізаваным сьветам не павяду». Антыамэрыканізм — вечны расейскі трэнд, «собственная гордость»: будзем жыць у ямах і без выгод, але Амэрыку — ненавідзець. Старонкі вялікай гісторыі пра тое, як Амэрыка ратавала беларусаў ад голаду, як адбудоўвала ды індустрыялізавала, у падручніках ня тое што вырвалі — іх нават не пісалі.

З Амэрыкі даходзіў дух свабоды. Яе як галоўную каштоўнасьць у сябе ў краіне беларусы маглі ўдыхнуць хіба аднойчы, на пару гадоў, у часы Станіслава Шушкевіча. Сымбалічна, з прызнаньнем нас і нашай свабоды адведаў Беларусь тагачасны Дзядзька Сэм.

«Дзядзька ў нас такі»

Сёньняшні правіцель Беларусі, папраўдзе, не герой. «Голы кароль» найперш ваюе з уласным народам («народцам») і краінай («клочком» зямлі), то бок мае адваротныя ўстаноўкі ад тых, што ў Дзядзькі Сэма (зрабіць Амэрыку зноў вялікай; Божа, блаславі Амэрыку; Амэрыка для амэрыканцаў). Але ёсьць і іншыя супрацьлеглыя парамэтры, якія пераацэнка каштоўнасьцяў ня зьменіць, а наадварот, падкрэсьліць.

За мінулыя пяць гадоў сотні тысяч беларусаў, не парушыўшы ніякіх каштоўнасных правілаў, мусілі ўцякаць зь Беларусі ад турмы. Яны, вядома ж, хацелі жыць у сваім ранейшым сьвеце, які пры тым набрыньваў хлусьнёй да такой ступені, што не пратэставаць было немагчыма. Тое самае адбываецца і ў шырокім сьвеце, калі высьпявае патрэба пераацаніць усе каштоўнасьці. Ня факт, што для вас пэрсанальна гэта будуць пазытыўныя перамены, але безь пераменаў жыць стала невыносна. Хоць, можа быць, і спакойна, і нават камфортна, такая сабе «невыносная лёгкасьць быцьця» на мяжы зь бяздумнасьцю. Усё быццам бы добра і нейкія людзі ў тэлевізары пяюць: «Батька у нас такой...». Уявіце сабе, каб амэрыканцы назвалі Сэма бацькам? Такі сабе квазіпатэрналізм, які не пакідае месца для свабоды, а таму немагчымы. І наадварот: уявіце, каб гэтыя самыя людзі пяялі: «Дзядзька ў нас такі...». Цалкам сабе застаецца месца для тваёй асабістай свабоды. Улада і ёсьць дзядзька, які жыве за наш кошт. Толькі беларускі — яшчэ і чужы дзядзька.

Амэрыка шануе рытуал і пратакол. Побач з прэзыдэнтам мусіць заўсёды быць першая лэдзі. Калі яе няма (пры жывой жонцы), гэта першае, што зьвяртае на сябе ўвагу і насьцярожвае народ. Гэта значыць, правіцель загуляў і патаптаў першую «традыцыйную каштоўнасьць», напляваў на рытуал і пратакол. Адсутнасьць першае лэдзі — гэта, ні многа ні мала, сыгнал, што правіцель зрабіў крок у бок ад цывілізацыі і павёў нас усіх у стан краінаў-ізгояў. Яно толькі здаецца, што адсутнасьць жонкі — дробязь, а для амэрыканцаў гэта была б абраза. І яны б пэўна ня ўцерліся і не стрывалі. Як? У іх ёсьць першы дэмакратычны інструмэнт — рэальныя выбары. І Дзядзька Сэм іх выйграў сумленна. Зь першай лэдзі разам.

Шпіц на абедным стале

Ну вось як беларускаму чынавенству гэта ўсё (цалкам нармальнае, дарэчы) прыняць і палюбіць, калі ў нас нават падабенства да выбараў не было 30 гадоў. Як і першай лэдзі.

Дзядзька Сэм — асоба прагматычная, дзеля выгады ён гатовы сустрэцца хоць з самім... Кім Чэн Ынам. Можна сабе ўявіць, што ён прыехаў бы і да Лукашэнкі, нягледзячы на ягоныя эскорты і шпіца на абедным стале. Дзеля выгады, напэўна, стрываў бы. Але якая яму выгада сустракацца з Лукашэнкам? Каб той вызваліў паўтары тысячы палітвязьняў? Пра гэта шмат пішуць як пра штосьці адназначнае і зразумелае. Але варта задацца пытаньнем: дзеля чаго Дзядзьку Сэму вызваляць беларускіх палітвязьняў? Якая ня тое што выгада, а ў прынцыпе? Ці мала ў нялюдзкім сьвеце палітвязьняў? Толькі для таго, каб зьняць санкцыі з Лукашэнкі?..

Насамрэч гэта і было б сьцьверджаньнем на справе тых каштоўнасьцяў, якія ў Беларусі сталі прывіднымі (што там за каштоўнасьць — чалавек? Пустое).

У адным гэтым параўнаньні — амэрыкафільства ператвараецца ў лісьлівасьць максымальнага ўзроўню, настолькі ж хлусьлівую, наколькі і рызыкоўную. Любоў менскага рэжыму да Штатаў — як чорт з табакеркі — яўна кароткатэрміновая, бо выпадковая і беспадстаўная. Да таго ж заўтра яе прыпомняць і «любіцеля» не пашкадуюць.

Урэшце, Сэм заўсёды хоча вярнуць Амэрыцы веліч. Гістарычная місія, якая з гісторыі і пачынаецца. Як можна казаць пра веліч у Беларусі, дзе ўсё робіцца, каб Беларусь прынізіць? Краіна, дзе сілком забытая гісторыя ўласнай незалежнасьці, дзяржава пад сьцягам і гербам саюзнай савецкай рэспублікі, дзе хаваецца ад вачэй уся свая самабытнасьць і мова на карысьць суседняй Расеі адно каб толькі той дагадзіць...

Дзядзька Сэм, безумоўна, абапіраецца на шырокі народ (які яго рэальна выбраў), тады як менскі правіцель 3% давярае толькі сабе. Ён і аграрый, у якога дэградавала сельская гаспадарка і зьнікла сялянства як кляса, ён і памежнік, аўтар маштабных мігранцкіх крызісаў і фактычнай ізаляцыі сваёй краіны, ён і гісторык, у якога беларуская гісторыя перапісаная на расейскі капыл, ён і дэмограф, за якім колькасьць беларусаў зьменшылася на мільён, а яшчэ паўмільёна ён выжыў з краіны сам... Няма чым пахваліцца і нават няма чаго рэалістычнага паабяцаць.

Як прапагандыстам палюбіць Амэрыку? На маю думку, ня варта і пачынаць. Як кажа папулярная ў расейцаў прыказка: «Ніколі добра не жылі, ня варта і пачынаць». Дзядзька Сэм зьбіраецца адысьці ад Эўропы, а Беларусь застанецца на сваім месцы, дзе б вы сабе яе ні ўяўлялі — у Эўразіі ці каля Паўночнай Карэі, рэжым аб’ектыўна застанецца менавіта эўрапейскім ізгоем.

Дзядзька Сэм робіць тое, што задумаў, — разварушвае бэтон усеагульнага быцьця і таго зла, якое стала нашымі буднямі. Што з гэтага атрымаецца, пэўна, ня ведае нават ён сам, як і ніхто іншы. Прынамсі першыя расколіны ў гэтай манатоннасьці зьявіліся. На добрае ці на злое — залежыць ужо ня толькі і ня столькі ад Дзядзькі Сэма. Адно можна сказаць, што хоць якісьці зрух у гэтай нязьменнасьці зла можа стаць шанцам для наступнага жыцьця.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG