Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз зацьвердзіў 16-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі да трэцяй гадавіны вайны

Сьцягі ЭЗ
Сьцягі ЭЗ

Фармальнае прыняцьце пакета санкцый адбылося 24 лютага 2025-га, на трэція ўгодкі поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну пры падтрымцы беларускіх уладаў.

Міністры замежных спраў краін Эўразьвязу зацьвердзілі 16-ы пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі. Аб гэтым паведаміла вярхоўная прадстаўніца ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Кая Калас.

«Ён закранае ўсё: ад караблёў ценявога флёту да гульнявых кантролераў, якія выкарыстоўваюцца для кіраваньня дронамі. Цяпер у нас самыя маштабныя санкцыі, якія аслабляюць ваенныя намаганьні Расіі», — заявіла яна.

Пазьней паведамленьне аб чарговым пакеце санкцыяў зьявілася на сайце Эўрапейскай Рады.

"Ужо тры гады Расея бязьлітасна бамбіць Украіну, спрабуючы скрасьці зямлю, якая не належыць ёй. Гэты новы раўнд санкцый накіраваны ня толькі на расейскі ценявы флёт, але і на тых, хто падтрымлівае эксплюатацыю небясьпечных нафтавых танкераў, кантролеры відэагульняў, якія выкарыстоўваюцца для кіраваньня бесьпілётнікамі, банкі, якія выкарыстоўваюцца для абыходу нашых санкцый, і прапагандысцкія СМІ, якія распаўсюджваюць хлусьню.

Няма ніякіх сумненьняў у тым, хто агрэсар, хто павінен заплаціць і адказаць за гэтую вайну. Кожны санацыйны пакет пазбаўляе Крэмль сродкаў для вядзеньня вайны. У сувязі з тым, што вядуцца перамовы аб спыненьні агрэсіі Расеі, мы павінны паставіць Украіну ў максымальна моцную пазыцыю. Санкцыі даюць рычагі ўплыву«,— заявіла Кая Калас, прадстаўляючы чарговы пакет санкцый.

Такім чынам 16-ы пакет санкцый набыў моц да трэцяй гадавіны пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Праект, распрацаваны Эўракамісіяй, раней трапіў у распараджэньне Радыё Свабода.

Эўразьвяз ня будзе ўводзіць поўнай забароны на закупкі расейскага звадкаванага прыроднага газу ў рамках 16-га пакета санкцый, які 29 студзеня быў афіцыйна прадстаўлены краінам ЭЗ. Замест гэтага будзе спынена пастаўка расейскага звадкаванага газу на тэрміналы, якія не падключаны да агульнай газаразьмеркавальнай сыстэмы ЭЗ.

Абмежаваньне, зрэшты, не паўплывае на большую частку расейскага імпарту.

Акрамя іншага, новы пакет санкцый прадугледжвае ўнясеньне ў санкцыйны сьпіс некалькіх дзясяткаў фізычных і юрыдычных асобаў, штрафы для 74 нафтавых танкераў з так званага «ценявога флёту» Расеі, а таксама абмежаваньні на імпарт расейскага алюмінію. Акрамя таго, ЭЗ плянуе ўвесьці забарону на пастаўкі ў Расею гульнявых прыставак PlayStation ад Sony і Xbox ад Microsoft, якія Расея, як паведамляецца, выкарыстоўвае для кіраваньня бесьпілётнікамі.

Раней паведамлялася, што ў санкцыйны сьпіс трапяць кіраўнікі шэрагу расейскіх вайсковых прадпрыемстваў, у тым ліку Анатоль Турчак, бацька кіраўніка Рэспублікі Алтай Андрэя Турчака. У сьпісе таксама члены Савету Фэдэрацыі — былы дэпутат Вярхоўнай Рады Андрэй Дзяркач і шахматыст Сяргей Каракін, мэдыямэнэджары Васілій Броўка і Крысьціна Патупчык, тэлевядоўца Юлія Бараноўская, сын сябра прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Колбін.

16-ы пакет санкцый Эўразьвязу супраць Расеі, зацьверджаны 24 лютага ў сувязі з трэцяй гадавінай агрэсіі супраць Украіны, «уключае ў сябе дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненьні да Беларусі», гаворыцца ў прэс-рэлізе Эўрапейскай рады.

Адзначаецца, што гэтыя захады «адлюстроўваюць гандлёвыя санкцыі, узгодненыя супраць Расейскай Фэдэрацыі, а таксама іншыя захады, такія як абмежаваньні на продаж або прадастаўленьне паслуг і праграмнага забесьпячэньня, дэпазытаў і крыптавалютных кашалькоў, а таксама на транспартныя перавозкі».

Акрамя таго, Рада «увяла новы крытэрый уключэньня ў пералік, накіраваны супраць фізычных, юрыдычных або фізычных асоб, якія падтрымліваюць або атрымліваюць выгаду ад ваенна-прамысловага комплексу Беларусі», гаворыцца ў рэлізе.

Што прадугледжваюць санкцыі супраць Беларусі?

Забарона пашыраецца на транзыт празь Беларусь тавараў, якія могуць садзейнічаць нарошчваньню беларускіх прамысловых магутнасьцяў і машынабудаваньня.

Усю прадукцыя, пастаўкі якой прапануюць забараніць, падзялілі на 10 катэгорый:

  • Электроніка (электронныя прылады і кампанэнты, у тым ліку мікрасхемы, працэсары, інтэгральныя схемы, праваднікі, электрамодулі, абсталяваньне і інш.);
  • Кампутары і спэцыяльныя кампанэнты для іх (не датычыцца тавараў для асабістага карыстаньня фізычных асобаў);
  • Тэлекамунікацыйнае абсталяваньне (для працы пры надзвычай нізкіх і высокіх тэмпэратурах, сыстэмы перадачы зьвестак і кампанэнты для іх, рэтрансьляцыйнае абсталяваньне, транскодэры, абсталяваньне для шыфраваньня і крыптаграфіі і інш.);
  • Датчыкі і лазэры (марское або наземнае акустычнае абсталяваньне, здольнае выяўляць або вызначаць месцазнаходжаньне падводных аб’ектаў і кампанэнты да іх, аптычныя датчыкі, камэры, аптычныя фільтры і інш.);
  • Навігацыя і авіятэхніка (бартавое абсталяваньне сувязі, усе інэрцыйныя навігацыйныя сыстэмы для самалётаў і іншае авіяцыйнае абсталяваньне і кампанэнты да іх, і інш.);
  • Судны, марскія сыстэмы або абсталяваньне і спэцыяльна распрацаваныя для іх кампанэнты (тэлевізійныя сыстэмы, падводныя тэлекамэры і інш.);
  • Аэракасьмічныя ўстаноўкі і рухавікі (дызэльныя рухавікі, трактары і спэцыяльна распрацаваныя кампанэнты для іх, колавыя і дарожныя цягачы грузападымальнасьцю 9 тон і больш і інш.);
  • Іншая прадукцыя (абсталяваньне для здабычы або разьведваньня нафты, сыстэмы кантролю газу і дэтэктары для іх, абсталяваньне для сэйсмалягічных вымярэньняў, хімічныя рэчывы для электроннай прамысловасьці і інш.);
  • Спэцыяльныя матэрыялы і спадарожнае абсталяваньне (хімічныя рэчывы, якія ўваходзяць у склад сьлезацечнага газу, дымавыя шашкі, балёнчыкі, гранаты і іншыя піратэхнічныя вырабы двайнога прызначэньня і кампанэнты да іх, парашкі і фарбавальнікі для зьняцьця адбіткаў пальцаў, дазымэтры і інш.);
  • Апрацоўваньне матэрыялаў (абсталяваньне для выяўленьня і ідэнтыфікацыі выбуховых рэчываў або дэтанатараў і інш.).

У праекце рашэньняў Эўразьвязу адсутнічаюць прапановы аб пэрсанальных санкцыях датычна да прадстаўнікоў улады Беларусі, камэрцыйных і дзяржаўных кампаній.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG