Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэйм Польшчы ўхваліў закон, які абмяжоўвае прыём заявак аб наданьні прытулку


На польска-беларускай мяжы, архіўнае ілюстрацыйнае фота
На польска-беларускай мяжы, архіўнае ілюстрацыйнае фота

Сэйм Польшчы ўхваліў закон, які ўводзіць магчымасьць часовых (60 дзён) і тэрытарыяльных абмежаваньняў на прыём заяваў аб наданьні міжнароднай абароны, паведамляе Rzeczpospolita.

За законапраект прагаласавалі 386 дэпутатаў, супраць — 38, тых, хто ўстрымаўся, не было. Цяпер законапраект перададуць у Сэнат.

Дэпутаты падтрымалі папраўку, якая забараняе разлучэньне сем’яў на мяжы. Разам з тым яны адхілілі некалькі паправак, унесеных фракцыяй левых сіл. Адна зь іх заключалася ў тым, каб пашырыць уразьлівую групу, уключыўшы ў яе ўсіх непаўналетніх, а ня толькі тых, хто знаходзіцца ў Польшчы без суправаджэньня дарослых.

Часовае абмежаваньне прыёму заяваў аб наданьні міжнароднай абароны можа быць аб’яўленае пастановай Рады міністраў. Аднаразовы пэрыяд абмежаваньня ня можа перавышаць 60 дзён, але гэты тэрмін могуць працягнуць яшчэ на 60 дзён са згоды Сэйму. Рада міністраў вызначыць участак мяжы, на якім будзе дзейнічаць такое часовае абмежаваньне. Яно ня будзе закранаць так званыя ўразьлівыя групы: гэта, сярод іншага, цяжарныя жанчыны, непаўналетнія без суправаджэньня дарослых і асобы, якія патрабуюць асаблівага абыходжаньня.

Папраўка таксама прадугледжвае ўвядзеньне дадатковых падставаў для пазбаўленьня статусу ўцекача. Гэта датычыцца асобаў, якія «ўяўляюць пагрозу бясьпецы дзяржавы», а таксама іншаземцаў, асуджаных у за ўчыненьне асабліва цяжкага злачынства, калі прысуд ужо набыў моц.

Як паведамлялі раней, у Польшчы неабходнасьць зьменаў у закон аб наданьні абароны іншаземцам тлумачаць неабходнасьцю забясьпечыць узмацненьне аховы мяжы «шляхам супрацьдзеяньня зьяве эксплуатацыі нелегальнай міграцыі празь Беларусь у Польшчу і іншыя краіны ЭЗ».

Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што прыняцьце законапраекту дапаможа Польшчы «(пасьля многіх гадоў хаосу, карупцыі і прытворных дзеяньняў ураду Маравецкага) аднавіць кантроль над нашай мяжой». «Дэмакратыя не павінна (і ня можа) быць бездапаможнай перад тварам міграцыйнага ціску», — напісаў Туск у сацыяльнай сетцы Х.

Законапраект зазнаў крытыку з боку Ўпаўнаважанага па правах чалавека, актывістаў, праваабаронцаў і юрыдычнай супольнасьці. На іх думку, закон «абуральным чынам супярэчыць» нацыянальнаму, эўрапейскаму і міжнароднаму праву, а прынятыя ў рамках яго абмежаваньні не павысяць бясьпеку, але парушаць правы чалавека.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
  • 3 кастрычніка міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк заявіў, што ў кантэксьце Беларусі Польшча робіць у міжнародных адносінах усё, каб спыніць крызіс на мяжы. Ён таксама прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.
  • У 2024 годзе суседнія краіны Эўразьвязу зафіксавалі 36 291 спробу мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі — на 13,8% менш, чым у 2023-м (42 078). У Польшчы летась зарэгістравалі больш за 30 тысяч спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы. Менш іх стала ў другой палове году пасьля ўвядзеньня буфэрнай зоны і ў месцах мадэрнізацыі памежнай загароды.
  • 11 сьнежня Эўракамісія дазволіла краінам ЭЗ абмяжоўваць права на прытулак, каб супрацьстаяць нелегальнай міграцыі празь Беларусь і Расею.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG