Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў пра значнае зьніжэньне колькасьці нелегальных перасячэньняў усходняй мяжы краіны, піша Most.
Паводле Дональда Туска, дасягнуць такіх вынікаў дапамаглі ўзмацненьне візавай палітыкі і ўвядзеньне абмежаваньняў на права прытулку.
«Мы ўзмацнілі жорсткасьць нашай візавай палітыкі і, перш за ўсё, вырашылі прыпыніць дзеяньне права на прытулак. Паўсюль, дзе мы маем справу з масавымі перасячэньнямі мяжы, арганізаванымі Беларусьсю і Расеяй. І сёньня ўсходнюю мяжу Польшчы перасякае ў 10 разоў менш нелегальных мігрантаў, чым да ўвядзеньня нашых абмежаваньняў», — заявіў Туск.
Паводле зьвестак Падляскага аддзяленьня Памежнай службы Польшчы, у 2024 годзе польскія памежнікі зафіксавалі амаль 30 тысяч спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы супраць 26 тысяч годам раней. Рэкорд быў устаноўлены ў траўні 2024 году (7 тысяч спробаў) — тады колькасьць спробаў даходзіла да 400 за содні. Пасьля гэтага з 13 чэрвеня Польшча ўвяла буфэрную зону на шэрагу ўчасткаў мяжы зь Беларусьсю. Мера аказалася эфэктыўнай: у другой палове 2024 году спробаў нелегальна трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі стала значна менш, чым у першай.
У першы тыдзень 2025 году Польшча зафіксавала 76 спробаў мігрантаў незаконна трапіць у краіну з тэрыторыі Беларусі. 13 студзеня 2025 году Польшча не зафіксавала ніводнай спробы нелегальнага пранікненьня мігрантаў з тэрыторыі Беларусі. Мінулым разам «нулявая» статыстыка была датаваная 9 студзеня, а 7 і 8 студзеня колькасьць выяўленых спробаў не дасягала і 10 за содні.
- Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ цягнецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.
- Польшча і Эўразьвяз вінавацяць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў тым, што ён арганізавана дастаўляе мігрантаў з крызісных рэгіёнаў на вонкавую мяжу ЭЗ, каб чыніць ціск на Захад.
- Летам 2022 году Польшча ўмацавала мяжу зь Беларусьсю з дапамогай агароджы вышынёй 5,5 мэтра і электроннай сыстэмы назіраньня.
- Аляксандар Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нерэгулярных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь, таму што іх туды «паклікалі».
- У 2024 годзе Польшча зарэгістравала рэкордную колькасьць мігрантаў на мяжы зь Беларусьсю — больш за 30 тысяч спробаў за няпоўны год.
Форум