Як паведамляе Польскае радыё, намесьніца міністра замежных спраў Польшчы Гэнрыка Масьціцкая-Дэндыс патлумачыла, што новыя правілы прызначаны для ўзмацненьня кантролю над працэсам выдачы віз:
«Са студзеня мінулага году мы працуем над тым, каб аднавіць кантроль за ўездам іншаземцаў у Польшчу. Мы павінны ведаць, хто і зь якой мэтай атрымлівае польскую візу, каб польская віза перастала быць самым простым спосабам легалізацыі знаходжаньня ў Шэнгенскай зоне, як гэта было ў папярэднія гады».
У 2020–2023 гадах Польшча выдала 47% усіх візаў у Шэнгенскай зоне.
Гэнрыка Масьціцкая-Дэндыс дадала, што на гэты момант выкананьне працэдур выдачы візаў значна палепшанае, а ў сьнежні ўрад прыняў пакет з чатырох законаў у гэтым пытаньні.
Урад Польшчы ў новым пакеце праектаў законаў, які ў сьнежні 2024 году перадалі на разгляд у Сэйм, прапануе зрабіць больш строгім візавае заканадаўства і закон аб даваньні прытулку.
Згодна з праектам, сярод іншага, стане больш жорсткай сыстэма выдачы візаў для навучаньня. Зьмены закрануць, напрыклад, прызнаньне сэртыфікатаў.
Зьмены будуць датычыцца таксама выдачы дазволаў на працу іншаземцам і іх працаўладкаваньня. Іншаземцу адмовяць у дазволе на працу, калі знойдуцца сьведчаньні таго, што заява пададзеная без рэальных намераў і дазвол будзе выкарыстоўвацца не паводле прызначэньня, нагадвае polskieradio.
Паводле прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска, польская дзяржава аднаўляе кантроль над сваімі межамі і міграцыяй пасьля гадоў хаосу і карупцыі.