У Вене на сэсіі ПА АБСЭ выступіў сябра пастаяннай камісіі Савету Рэспублікі ў міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Алег Румо, які сказаў пра санкцыі, якія, на яго думку, у істотнай меры перашкаджаюць умацаваньню эканамічнай і экалягічнай бясьпекі, тармозяць эканамічны рост і ўстойлівае разьвіцьцё ў рэгіёне АБСЭ.
Румо сказаў, што санкцыі незаконныя з пункту гледжаньня міжнароднага права і Статуту ААН.
«Беларусь яшчэ раз зьвяртае ўвагу і заклікае дзяржавы – удзельніцы АБСЭ адмовіцца ад выкарыстаньня аднабаковых прымусовых мер, якія супярэчаць яе духу і прынцыпам. Менск разглядае ўзаемапаважлівы дыялёг як адзіны шлях для збліжэньня пазыцый і пошуку сумесных рашэньняў праблем, якія ўзьнікаюць», — цытуе Румо «Позірк».
«Разам з тым прызнаём, што бяз санкцыяў нашае эканамічнае разьвіцьцё было б больш дынамічным», — прызнаў Румо. Але ён не згадаў аб прычынах гэтых санкцый: парушэньне Беларусьсю міжнароднага права ў галіне авіязносін, калі пасадзілі замежны самалёт, які пралятаў над Беларусьсю, фальсыфікацыя выбараў і масавыя рэпрэсіі ў краіне, а таксама падтрымка Беларусьсю агрэсіўнай расейскай вайны ва Ўкраіне, якая выклікала тысячы сьмерцяў, руйнаваньне гарадоў і акупацыю значнай часткі тэрыторыі Ўкраіны.
Старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Сяргей Рачкоў заявіў у Вене, што Беларусь робіць «вымушаныя захады ў адказ для ўмацаваньня ўласнай бясьпекі» і нібыта «пасьлядоўна імкнецца ўносіць уклад у рэгіянальную бясьпеку».
У якасьці прыкладу забесьпячэньня рэгіянальнай бясьпекі ён прывёў правядзеньне ў Менску «другі год запар» «Міжнароднай канфэрэнцыі аб эўразійскай бясьпецы».
Паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) праходзіць 20–21 лютага. Беларускага пытаньня на парадку дня зімовай сэсіі няма.
Раней у АБСЭ асудзілі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2025 году і назвалі іх недэмакратычнымі.
Акрамя пасяджэньня Пастаяннага камітэту Парлямэнцкай асамблеі, у Вене праходзяць пасяджэньні трох агульных камітэтаў у палітычных пытаньнях і бясьпецы, эканамічных пытаньнях, навуцы, тэхналёгіі і навакольным асяродзьдзі, дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях, а таксама сумесныя пасяджэньні камітэтаў.
Прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных сілаў, якія вымушаныя заставацца ў выгнаньні, у Вену не прыехалі. Дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе, што на малой сэсіі ў Аўстрыі ня будуць падрабязна разглядацца пытаньні, зьвязаныя зь Беларусьсю, адпаведна, у Офісе ня бачаць сэнсу браць у ёй удзел. Праўдападобна, прадстаўнікі апазыцыі возьмуць удзел у летняй сэсіі ПА АБСЭ.
Таксама пра свой няўдзел у зімовай сэсіі Свабодзе паведамілі і ў Каардынацыйнай радзе.
Летась прадстаўнікі ўладаў Беларусі спрабавалі трапіць на штогадовую сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, што праходзіла з канца чэрвеня па пачатак ліпеня ў Бухарэсьце. Аднак улады Румыніі адмовілі дэлегацыі ва ўезьдзе ў краіну.
Сваё рашэньне румынскія ўлады патлумачылі тым, што беларускія ўлады супрацоўнічаюць з Расеяй, а афіцыйны Бухарэст асуджае вайну, разьвязаную супраць Украіны.
У адказ Палата прадстаўнікоў заявіла, што румынскія ўлады нібыта «наўмысна сарвалі» ўдзел дэлегацыі ў бухарэсцкай сэсіі, і абвінаваціла румынскія ўлады ў парушэньні ўсіх міжнародных абавязаньняў.
У сваю чаргу Парлямэнцкая асамблея на той летняй сэсіі прыняла рэзалюцыю, якая прызнае дзеяньні Расеі генацыдам украінскага народу. У адказ у Маскве абвінавацілі АБСЭ ў «русафобіі», адмовіліся ўносіць складкі ў арганізацыю і прыпынілі сваё сяброўства ў ПА АБСЭ.