Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў Беларусі прыме ўдзел у зімовай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Апазыцыі там ня будзе


Сымболіка АБСЭ
Сымболіка АБСЭ

Рыхтуецца 24-я сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Ад Беларусі там будуць толькі прадстаўнікі ўладаў, якіх летась туды не запрасілі. А вось прадстаўнікі беларускай апазыцыі, як чакаецца, на сэсію не прыляцяць.

Паседжаньне Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) рыхтуецца на 20-21 лютага. Яно пройдзе ў аўстрыйскай сталіцы Вене.

Дэлегацыю Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь на сэсіі ўзначаліць старшыня пастаяннай камісіі ў міжнародных справах Сяргей Рачкоў. Пры гэтым, як стала вядома, беларускага пытаньня на парадку дня зімовай сэсіі ня будзе.

Раней у АБСЭ асудзілі прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2025 году і назвалі іх недэмакратычнымі.

Акрамя пасяджэньня Пастаяннага камітэту Парлямэнцкай асамблеі, у Вене адбудуцца пасяджэньні трох агульных камітэтаў у палітычных пытаньнях і бясьпецы, эканамічных пытаньнях, навуцы, тэхналёгіі і навакольным асяродзьдзі, дэмакратыі, правах чалавека і гуманітарных пытаньнях, а таксама сумесныя пасяджэньні камітэтаў.

Прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных сілаў, якія вымушаныя заставацца ў выгнаньні, у Вену не прыедуць. Дарадца беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паведаміў Свабодзе, што на малой сэсіі ў Аўстрыі ня будуць падрабязна разглядацца пытаньні, зьвязаныя зь Беларусьсю, адпаведна, у Офісе ня бачаць сэнсу браць у ёй удзел. Праўдападобна, прадстаўнікі апазыцыі возьмуць удзел у летняй сэсіі ПА АБСЭ.

Таксама пра свой няўдзел у зімовай сэсіі Свабодзе паведамілі і ў Каардынацыйнай радзе.

Летась прадстаўнікі ўладаў Беларусі спрабавалі трапіць на штогадовую сэсію Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, што праходзіла з канца чэрвеня па пачатак ліпеня ў Бухарэсьце. Аднак улады Румыніі адмовілі дэлегацыі ва ўезьдзе ў краіну.

Сваё рашэньне румынскія ўлады патлумачылі тым, што беларускія ўлады супрацоўнічаюць з Расеяй, а афіцыйны Бухарэст асуджае вайну, разьвязаную супраць Украіны.

У адказ Палата прадстаўнікоў заявіла, што румынскія ўлады нібыта «наўмысна сарвалі» ўдзел дэлегацыі ў бухарэсцкай сэсіі, і абвінаваціла румынскія ўлады ў парушэньні ўсіх міжнародных абавязаньняў.

У сваю чаргу Парлямэнцкая асамблея на той летняй сэсіі прыняла рэзалюцыю, якая прызнае дзеяньні Расеі генацыдам украінскага народу. У адказ у Маскве абвінавацілі АБСЭ ў «русафобіі», адмовіліся ўносіць складкі ў арганізацыю і прыпынілі сваё сяброўства ў ПА АБСЭ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG