Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная плятформа па адказнасьці для Беларусі перадала ў Гаагу матэрыялы супраць рэжыму Лукашэнкі


Міжнародны крымінальны суд, ілюстрацыйнае фота
Міжнародны крымінальны суд, ілюстрацыйнае фота

Міжнародная плятформа па прыцягненьню вінаватых да адказнасьці для Беларусі (IAPB) днямі перадала ў канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) доказы і юрыдычны аналіз для папярэдняга вывучэньня пытаньня аб тым, ці валодае суд юрысдыкцыяй для расьсьледаваньня і перасьледу меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасьці з боку рэжыму ў Беларусі.

Фактычны і юрыдычны аналіз доказаў, сабраных Плятформай падчас інтэрвію са сьведкамі і пацярпелымі, а таксама матэрыялаў з адкрытых крыніц, быў падрыхтаваны ў сувязі са зваротам Літвы ў МКС наконт сытуацыі ў Беларусі 30 верасьня 2024 году, а таксама зваротам 13 праваабарончых арганізацый да іншых дзяржаў-удзельніц МКС з заклікам далучыцца да яе.

«Дзякуючы стойкасьці і мужнасьці беларускіх пацярпелых і праваабаронцаў, а таксама камандзе Плятформы, якая мае цьвёрды намер дамагчыся зьмены сытуацыі, мы змаглі падаць Пракурору МКС істотную інфармацыю і доказы для разгляду», — кажа Андрэа Хубэр, кіраўніца Плятформы.

Паведамленьне Плятформы ўтрымлівае фактычныя зьвесткі, у тым ліку пра грамадзянскія пратэсты ў Беларусі і жорсткае абыходжаньне з пратэстоўцамі, іх затрыманьні, ператрусы, утрыманьне пад вартай і іншыя парушэньні асноўных правоў, прымусовы выезд беларусаў з краіны і парушэньні іх правоў у эміграцыі. Акрамя таго, прадстаўлены юрыдычны аналіз пытаньняў юрысдыкцыі, асноватворных актаў меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасьці і прымальнасьці справы, а таксама адпаведныя дадаткі аб месцах утрыманьня пад вартай і дзяржаўных структурах у Беларусі.

Акрамя паведамленьня ў МКС, Плятформа прадставіла доказы, інфармацыю і аналітычныя матэрыялы пяці дзяржавам, мэханізмам ААН па прыцягненьні да адказнасьці і Маскоўскаму мэханізму АБСЭ, а таксама супрацоўнічала зь юрыстамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці з мэтай прыцягненьня да адказнасьці тых, хто ўчыніў міжнародныя злачынствы, для забесьпячэньня правасудзьдзя і кампэнсацыі пацярпелым, гаворыцца ў паведамленьні Плятформы.

Акрамя магчымага расьсьледаваньня Міжнародным крымінальным судом, у Плятформе падкрэсьліваюць «вострую неабходнасьць» правядзення нацыянальных расьсьледаваньняў і судовага перасьледу ў адпаведнасьці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі. «Плятформа гатовая прадставіць доказы і аналіз нацыянальным пракурорам, якія вядуць расьсьледаваньне парушэньняў міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі», — адзначыла Андрэа Хубэр.

Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) і намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі Павал Латушка падзякаваў Плятформе за перадачу дакумэнтаў у офіс пракурора МКС і паведаміў, што НАУ «таксама рыхтуе доказы і матэрыялы для перадачы ў бліжэйшы час у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда». Паводле Латушкі, гэта важны этап для наступнай ацэнкі пракурорам МКС магчымасьці прыняцьця рашэньня аб пачатку расьсьледаваньня беларускай сытуацыі.

  • Міжнародная платформа па прыцягненьню вінаватых да адказнасьці — каааліцыя беларускіх і міжнародных НДА, створаная ў 2021 годзе — займаецца зборам, кансалідацыяй, праверкай і захаваньнем доказаў грубых парушэньняў правоў чалавека, якія зьяўляюцца злачынствамі па міжнародным праве, як мяркуецца, учыненых беларускімі ўладамі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пасьля іх. База дадзеных Плятформы зьмяшчае больш за 29 тысяч дакумэнтаў, якія маюць дачыненьне да 2600 апытаных, і больш за мільён архіваваных матэрыялаў з адкрытых крыніц. На сайце Плятформы адначаецца, што яна «карыстаецца падтрымкай» шырокага кола дзяржаў Эўразьвязу, ЗША і іншых краін.
  • 30 верасьня 2024 году Літва перадала ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці.
  • Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Ган пацьвердзіў, што Літва як дзяржава — удзельніца Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суду мела права перадаць матэрыялы і заявіў, што правядзе іх папярэдняе вывучэньне. Разам з тым ён падкрэсьліў, што зварот «не вядзе аўтаматычна з пачатку расьсьледаваньня». У МКС пачалі папярэдняе расьсьледаваньне сытуацыі. На ацэнку адпаведнасьці пададзенага пазову крытэрам для пачатку расьсьледаваньня можа спатрэбіцца да 6 месяцаў, казаў раней палітык Павал Латушка.
  • Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, якія ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганьні Літвы па прыцягненьні Лукашэнкі да адказнасьці ў МКС.
  • Пра падтрымку пазову Літвы раней, сярод іншага, заявілі ў Польшчы, Латвіі, Вялікай Брытаніі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG