На сусьветным форуме для дэмакратыі ў Радзе Эўропы ў Страсбуры пагаварылі з кіраўніком кантактнай групы па Беларусі Аляксандрам Шлыкам пра тое, што зрабіла група больш як за два гады, якой будзе прысутнасьць дэмакратычнай Беларусі ў Радзе Эўропы — арганізацыі, у якую афіцыйная Беларусь не ўваходзіць, сярод іншага праз наяўнасьць у краіне сьмяротнай кары.
— Сусьветны форум для дэмакратыі праводзіцца ў Радзе Эўропы не ўпершыню, як і беларусы не ўпершыню ў ім удзельнічаюць. Але сёлета ёсьць адметнасьці, зьвязаныя якраз з працай кантактнай групы па Беларусі. Раскажыце пра іх.
— Тое, што на Форуме для дэмакратыі прысутнічаюць 10 беларускіх журналістаў незалежных СМІ, — гэта праца кантактнай групы. У пляне актыўнасьцяў кантактнай групы ёсьць пункт, які датычыць журналістаў, дапамогі журналістам, адукацыі для журналістаў пра тое, што такое ўвогуле Рада Эўропы. Гэта толькі малы прыклад таго, чым займаецца кантактная група.
— Давайце патлумачым: што такое кантактная група па Беларусі ў Радзе Эўропы, як і дзеля чаго яна стваралася?
— 16 сакавіка 2022 году з Рады Эўропы была выкінутая Расея і былі замарожаныя ўсе адносіны з афіцыйным Менскам. Празь некалькі тыдняў каманда Сьвятланы Ціханоўскай прыбыла ў Страсбур і пачала працаваць над тым, каб Беларусь у адносінах з Радай Эўропы прадстаўлялі не афіцыйныя ўлады, а дэмакратычныя сілы.
Кантактная група — гэта фармалізацыя адносінаў Беларусі, якую прадстаўляюць дэмакратычныя сілы, і грамадзянскай супольнасьці з Радай Эўропы. І ў верасьні 2022 году гэтая група была створаная. У ёй удзельнічаюць 10 чалавек — 3 прадстаўнікі палітычнай супольнасьці і 7 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці. Гэта праваабаронцы, журналісты, прадстаўнікі моладзі, людзі, якія займаюцца пытаньнямі нацыянальнай ідэнтычнасьці і культуры.
Кантактная група разам з калегамі з Рады Эўропы на роўных распрацавала плян, скіраваны на тое, каб дапамагаць Беларусі, дапамагаць тым, хто патрабуе дапамогі, а таксама ўздымаць пытаньні, якія найбольш важныя ў адносінах з Радай Эўропы і афіцыйнымі чальцамі Рады Эўропы, напрыклад пытаньне сьмяротнага пакараньня, якое ў Беларусі не адмененае. Гэта і пытаньні, зьвязаныя з нацыянальнай ідэнтычнасьцю і культурай, міграцыйныя пытаньні. Год мы працавалі з гэтым плянам актыўнасьцяў, а пры канцы 2023 году перайшлі ўжо на два гады плянаваньня. Цяпер у нас ёсьць 16 кірункаў працы. Ёсьць спэцыяльная старонка Рады Эўропы, дзе ўсе гэтыя дакумэнты ёсьць.
— Што зроблена за два гады?
— Было некалькі сустрэчаў з прадстаўнікамі незалежных СМІ, на якіх абмяркоўваліся канкрэтныя пытаньні і праблемы, зь якімі сутыкаюцца нашы журналісты, калі працуюць за межамі Беларусі. На падставе гэтага была пададзеная інфармацыя ў краіны — чальцы Рады Эўропы, каб яны лепш дапамагалі нашым журналістам. Было некалькі сэмінараў наконт адмены сьмяротнага пакараньня. Сьвятлана Ціханоўская выступіла з канкрэтным пунктам, што сьмяротнае пакараньне будзе адмененае як першы пункт пасьля дэмакратычнай трансфармацыі. А гэта азначае адчыненыя дзьверы ў Раду Эўропы.
Праводзіцца шмат адукацыйных, інтэлектуальных сэмінараў для беларускіх юрыстаў, пазбаўленых ліцэнзіі ў Беларусі. Гэта наша юрыдычная эліта. Яны ня проста найлепшыя юрысты, а папросту сумленныя людзі. На гэтых трэнінгах, сэмінарах нашы юрысты абмяркоўваюць розныя рэчы нароўні з калегамі з краінаў Рады Эўропы. Глядзіш і думаеш: з гэтай групы будуць у будучыні нашы судзьдзі Канстытуцыйнага суду, генэральны пракурор, кіраўнікі адвакацкіх асацыяцый. Гэта людзі, якія некалі на падставе ведаў, якія яны атрымалі праз кантактную групу, будуць удзельнічаць у пабудове нармальнай, прававой краіны.
Калі мы паказалі, што эфэктыўна працуем, што мы нармальныя партнэры, паводзім сябе як краіна — чалец гэтай арганізацыі, было прынятае рашэньне, каб зрабіць наступны крок ужо на парлямэнцкім баку. Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыняла рашэньне, што пачынаючы з 2025 году ў працы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы будзе браць удзел афіцыйная дэлегацыя ад Каардынацыйнай рады. Пачынаючы ад канца студзеня 2025 году будуць тры беларускія дэлегаты на ўсіх паседжаньнях Рады Эўропы, якія адбываюцца чатыры разы на год.
Гэта яшчэ раз фармалізуе нашы адносіны ня толькі на ўрадавым баку, дзе кантактная група, але і на парлямэнцкім баку. Гэта дапаможа нашай Каардынацыйнай радзе з протапарлямэнту ператварыцца ў больш рэальны парлямэнт, як я спадзяюся. Гэта дапаможа нам уздымаць пытаньні, якія тычацца Беларусі, у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы і дапаможа нашым прадстаўнікам удзельнічаць у абмеркаваньні агульнаэўрапейскіх тэмаў. Мы ідзем яшчэ далей у тым кірунку, што мы хочам ня толькі браць нешта ад Рады Эўропы, але і прыносіць.
Праз кантактную групу распрацаваныя магчымасьці для чатырох беларускіх прадстаўнікоў атрымаць працу ў Радзе Эўропы. Гэта ня трэнінг, не інтэрншып, гэта нармальная праца на 6 месяцаў у структурах Рады Эўропы — у дырэктараце па вяршэнству права, дырэктараце па дэмакратыі, Парлямэнцкай асамблеі і ў кангрэсе мясцовых уладаў. Каб атрымаць гэтую працу, трэба мець вышэйшую адукацыю, ведаць альбо ангельскую, альбо францускую мову і быць гатовым пераехаць у Страсбур на 6 месяцаў. За гэта будуць плаціць нармальныя грошы, гэта не бясплатная праца.
— Вы працавалі раней у АБСЭ, займаліся пытаньнямі правядзеньня выбараў, у 2020 годзе прыйшлі ў каманду Ціханоўскай спэцпрадстаўніком, каб распрацоўваць палажэньні для правядзеньня новых выбараў. Больш за два гады ўзначальваеце кантактную групу. Я ведаю, што паралельна змаглі скончыць Оксфардзкі ўнівэрсытэт. Як гэта атрымалася?
— Апошнія два гады я вучыўся дыстанцыйна ў Оксфардзе. Гэта была праграма ў галіне права, зьвязаная з правамі чалавека на факультэце права. Гэта праграма для людзей, хто знаходзіцца ў другой палове сваёй кар’еры. Напрыклад, адной з маіх аднакурсьніц была судзьдзя фэдэральнага ўзроўню ЗША, палкоўнік у амэрыканскім войску, якая вайсковым пракурорам працуе. Вельмі дасьведчаныя людзі, і я шмат чаму вучыўся ня толькі ад прафэсараў, але і ад іх. Я скончыў праграму на пачатку кастрычніка. Гэта была мая трэцяя магістратура — я скончыў эканамічны факультэт БДУ, магістратуру паліталёгіі ў Цэнтральна-Эўрапейскім унівэрсытэце ў Будапэшце (цяпер ён у Вене), і магістратуру «Міжнароднае разьвіцьцё і кіраваньне» ў Лундзе ў Швэцыі. І калі скончыў першую частку сваёй прафэсійнай кар’еры, вырашыў стаць юрыстам ня толькі па роду дзейнасьці, але і па адукацыі.
Форум