Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар: атачэньне Лукашэнкі дапамагае адмываць даходы ад нелегальных ставак у менскім казіно


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі расьсьледніцкі цэнтар (БРЦ) апублікаваў вынікі новага расьсьледаваньня, у якім сьцьвярджаецца, што праз найбуйнейшае ў Беларусі H Casino турэцкі крымінал адмываў прыбыткі ад нелегальных онлайн-ставак, а кантралюе гэты бізнэс у Беларусі былы супрацоўнік службы бясьпекі Лукашэнкі Віталь Матыс.

У беларускім H Casino могуць адмываць мільёны даляраў, атрыманых ад нелегальных онлайн-ставак, высьветлілі журналісты БРЦ у партнэрстве з Цэнтрам дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) і пры падтрымцы «Кібэрпартызанаў».

Як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, бізнэс, у якім задзейнічаныя сотні чалавек у розных краінах, арганізаваў кіраўнік турэцкай злачыннай групоўкі Халіль Фальялы, якога ў пачатку 2022 году забілі ў Паўночным Кіпры.

H Casino адкрылася ўлетку 2021 году ў менскім шматфункцыянальным цэнтры Galleria Minsk і за першыя 6 месяцаў працы зарабіла больш, чым яго старажылы — звыш 7,5 мільёна даляраў, высьветліў БРЦ. Належыць гульнявая ўстанова кампаніі «Ігральны картэль», якім валодае грамадзянін Турэччыны Мустафа Эгемэн Шэнэр. Журналісты даведаліся, што яго неафіцыйны партнэр — бізнэсовец Халіль Фальялы, які, паводле зьвестак БРЦ, зарабіў багацьце, сярод іншага, на гандлі наркотыкамі і нелегальных стаўках.

Былы фінансавы дырэктар кампаній Фальялы Джэміль Энал, які знаходзіцца ў нідэрляндзкай турме, сказаў журналістам OCCRP, што казіно ў Менску адкрылі для адмываньня грошай. У БРЦ змаглі пацьвердзіць ключавыя пункты ягоных паказаньняў, уключаючы сувязь паміж турэцкім крыміналітэтам і ўладальнікамі H Casino.

Таксама Джэміль Энал апазнаў чалавека, які ў Беларусі забясьпечваў недатыкальнасьць Шэнэру. Ім аказаўся былы супрацоўнік службы бясьпекі Лукашэнкі Віталь Матыс, сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні.

Цалкам расьсьледаваньне можна пачытаць на сайце БРЦ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG