Кампанію Garsų pasaulis у Літве правярае Служба дзяржаўнай бясьпекі, а кіраўнік Цэнтру выдачы асабістых дакумэнтаў пры МУС Літвы (ADIC) Нярыюс Рудайціс адхілены ад пасады, паведамляе Беларускі расьсьледніцкі цэнтар са спасылкай на літоўскае выданьне 15min.lt. Гэта адбылося пасьля расьсьледаваньня БРЦ пра сувязі кампаніі Garsų pasaulis з «кашальком» Лукашэнкі.
Раней БРЦ высьветліў, што літоўская кампанія Garsų pasaulis, якая друкавала блянкі дакумэнтаў для грамадзян Літвы і была выбраная для друку «пашпартоў Новай Беларусі», зьвязаная зь фірмай GP Holographics і беларускім бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым, набліжаным да Лукашэнкі.
Радыё Свабода зьвярнулася ў Міністэрства ўнутраных справаў Літвы з пытаньнем, ці адбыліся зьмены ў Цэнтры выдачы асабістых дакумэнтаў і ці мае намер МУС у далейшым адмовіцца ад паслуг Garsų pasaulis Там нам паведамілі, што разглядаюць магчымасьць далучэньня Цэнтру выдачы асабістых дакумэнтаў да Дэпартамэнту міграцыі.
«На гэты момант пакуль што зьменаў няма», – дадалі ў міністэрстве.
На пытаньне Свабоды, ці зьвязанае адхіленьне ад пасады Нярыюса Рудайціса з расьсьледаваньнем БРЦ, кіраўнік аддзелу стратэгічнай камунікацыі Міндаўгас Баярунас адказаў:
«Кіраўніку ўстановы ня быў працягнуты другі тэрмін (на пяць гадоў). Калі будзе прынята рашэньне рэарганізаваць гэтую ўстанову, мэтай будзе стварэньне больш прывабных і зручных умоваў працы для работнікаў. Чакаецца таксама выснова Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі наконт надзейнасьці фірмы Garsų pasaulis. Ад высноваў будуць залежаць далейшыя дзеяньні міністэрства».
Garsų pasaulis раней ужо была ўцягнутая ў карупцыйныя скандалы ў Кіргізстане, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Малдове. Цяпер праверку ў дачыненьні да яе вядуць адначасова Служба расьсьледаваньня фінансавых злачынстваў і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы.
Вынікі праверак, як паведамлялі літоўскія журналісты, могуць прывесьці да ануляваньня кантракту Garsų pasaulis з МУС Літвы. З 2014 году кампанія Garsų pasaulis выйграла ўсе тры тэндэры на выраб блянкаў пашпартоў у Літве, апошні — у 2022 годзе, на суму звыш 30 мільёнаў эўра.
Паводле намесьніка міністра ўнутраных спраў Літвы Агнеты Ладэк, у выпадку скасаваньня кантракту з Garsų pasaulis МУС разгледзіць альтэрнатыўныя варыянты друку дакумэнтаў і ўлічыць досьвед Польшчы і Нямеччыны, дзе пашпарты вырабляюць дзяржаўныя кампаніі.
- У верасьні 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, якім забараніў выдаваць і абменьваць за мяжой пасьведчаньні асобы. Атрымаць новы пашпарт цяпер магчыма толькі на тэрыторыі Беларусі. Аднак некаторыя грамадзяне ў краіну ехаць не рызыкуюць — там ім можа пагражаць турэмны тэрмін.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заняўся распрацоўваньнем «пашпарта Новай Беларусі», каб вырашыць праблему з адсутнасьцю сапраўдных пасьведчаньняў для тых, хто ня можа паехаць на радзіму. На пачатку кастрычніка лідэрка беларускіх дэмакратычных сілаў Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ўзоры пашпарта ўжо друкуюць. Аднак пазьней высьветлілася, што матэрыялы для іх толькі плянуюць закупіць. Першую партыю блянкаў пашпартоў на момант публікацыі ня выпусьцілі.
- У траўні 2024 году журналісты Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) апублікавалі расьследаваньне пра тое, што літоўскае прадпрыемства UAB Garsų pasaulis, якому зьбіраліся заказаць выраб «пашпартоў Новай Беларусі», зьвязанае з блізкім да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўцам Віктарам Шаўцовым. Гэтую кампанію Абʼяднанаму пераходнаму кабінэту параіў кіраўнік Геральдычнай рады, які выявіўся былым супрацоўнікам МУС. Пасьля звальненьня зь міліцыі ён езьдзіў за мяжу са сьледчым, які расьсьледаваў справу аб тэракце ў менскім мэтро.
- У кампаніі UAB Garsų pasaulis была яшчэ адна фірма ў Літве, якой яны валодалі разам з Шаўцовым і ягонымі проксіасобамі, юрыдычнымі і фізычнымі. Яна называецца UAB GP Holographic. У Літве Garsų pasaulis вырабляла блянкі для літоўскіх пашпартоў. Літоўцы ня ведалі пра гэтае супрацоўніцтва з «гаманцом Лукашэнкі», гэта выклікала скандал.
Форум