БРЦ знайшоў уладальніка ўчастка ў Сочы, які знаходзіўся ва ўласнасьці беларускай дзяржавы. Паводле БРЦ, тэрыторыя плошчай 9,7 га ў элітным курортным пасёлку Красная Паляна належыць ТАА «Комплекс-Інвест».
У 2021 і 2022 гадах Аляксандар Лукашэнка двума сакрэтнымі ўказамі загадаў перадаць зямлю гэтай расейскай кампаніі па цане, якая ў 20 разоў ніжэйшая за рынкавую, высьветліў BelPol. Беларусь магла страціць на гэтай угодзе каля $100 млн. У лютым 2024 года 99,9% «Комплекс-Інвест» купіў грамадзянін Беларусі Аляксандар Раманоўскі.
Раманоўскі — былы афіцэр аховы Службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі. Іх можна ўбачыць разам на фатаздымку з параду 9 траўня 2014 году.
Праз ланцужок кампаній Раманоўскаму належыць таксама ўчастак у Абхазіі — 20 га на ўзбярэжжы Чорнага мора. Улады самаабвешчанай рэспублікі перадалі зямлю ТАА «Жамчужына 2010», 90% якога валодае Раманоўскі, пасьля візыту Аляксандра Лукашэнкі ў верасьні 2022 году.
Астатнія 10% кампаніі праз падстаўную асобу зьвязаныя з братамі Нугзарам і Зорыкам Чконія. Першага СМІ называлі «правай рукой» адэскага крымінальнага аўтарытэту па мянушцы «Палтава». Другі — старшыня пасёлка Кындыг, дзе і разьмешчаны выдзелены ўчастак.
Такім чынам, як вынікае з матэрыялу БРЦ, угоды зь зямельнымі ўчасткамі ў Сочы і Абхазіі ня толькі прывялі да эканамічных страт Беларусі, але і прадэманстравалі сувязі атачэньня Лукашэнкі з крымінальнымі структурамі.
Форум