Журналісты праекту ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы» супольна зь Беларускім расьсьледніцкім цэнтрам і Праектам па расьсьледаваньні карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) правялі сваё расьсьледаваньне, як люксавыя аўтамабілі ў абыход санкцый пастаўляліся з Эўропы праз Украіну і Беларусь у Расею.
У расьсьледаваньні выкарысталі матэрыялы беларускіх «Кібэрпартызанаў».
Высьветлілася, што ўкраінскі пастаўшчык люксавых аўтамабіляў у Расею празь Беларусь дапамагаў экспартаваць і беларускія калійныя ўгнаеньні ў абыход санкцый цягам 2023 году.
Паводле атрыманых журналістамі дакумэнтаў, ён у сваім ліставаньні хваліўся «кумаўством» з «другім чалавекам у Беларусі». Імаверна, вялося пра Віктара Шэймана або блізкага да яго чалавека.
Аўтамабілі для «Газпрому» і Russia Today
Пастаўкамі аўтамабіляў займаўся Віталь Бобыр, прадпрымальнік зь Львова, які дапамагае «Беларуськалію» экспартаваць падсанкцыйныя ўгнаеньні праз кіпрскую кампанію. Украіна абвясьціла яго ў вышук. У размове з журналістамі ён заявіў, што сьледзтва «сфальсыфікавала ўсе доказы».
Паводле сьледзтва, з жніўня 2022 году да сакавіка 2023 году ён нелегальна пераправіў у Расею 45 аўтамабіляў больш як на 3 мільёны эўра. Ён набываў люксавыя аўтамабілі ва ўкраінскіх аўтасалёнах, афармляў іх на падкантрольныя камэрцыйныя структуры, пасьля чаго на падставе падробленых дакумэнтаў перапраўляў іх транзытам праз тэрыторыю Эўразьвязу ў Беларусь, а адтуль у Расею.
Сярод заказчыкаў аўтамабіляў — топ-мэнэджары расейскага канцэрну «Газпром» і супрацоўнікі прапагандысцкага тэлеканалу Russia Today.
Украінскія сьледчыя мяркуюць, што арганізатарам незаконнай схемы пастаўкі люксавых аўтамабіляў у Расею быў львоўскі прадпрымальнік. Але, паводле журналістаў, шэраг фактаў сьведчыць пра тое, што сапраўдныя яе аўтары могуць знаходзіцца ў Менску.
Сувязь зь Беларусьсю
У сакавіку 2023 году ў межах крымінальнага расьсьледаваньня суд у Кіеве арыштаваў рэчы, якія знайшлі ў часе ператрусу ў бізнэсоўца: дакумэнты, тэхніку і пячаткі двух дзясяткаў кампаній з Украіны, дзьвюх кіпрскіх (Dimicandum Invest Holding LTD і Rostumel Holding Limited) і адной беларускай — ТАА «Бел-Бітфайндэр».
Віктар Бобыр пацьвердзіў журналістам, што сапраўды ў часе вобшукаў у яго знайшлі пячатку кіпрскай Dimicandum Invest Holding LTD. «Пячатка гэтай кампаніі ў нас была, таму што мы некалі там груз набывалі, перапрадавалі».
Украінскія сьледчыя знайшлі сувязь гэтага бізнэсоўца зь Беларусьсю. У прыватнасьці, у ліставаньні на адным з сканфіскаваных тэлефонаў Бобыр сьцьвярджае, што ягоны кум — высокапастаўлены беларускі чыноўнік: «...наконт палітычнага пытаньня, яны ня ведаюць што мой кум — другі чалавек у Беларусі, і можа прагарантаваць за мяне. Ён у свой час Януковічу тэлефанаваў наконт мяне».
У той жа час у размове з журналістамі Віталь Бобыр заявіў, што гэтае ліставаньне сфальсыфікаванае.
«Яны ня ведалі, як мяне за адно месца ўзяць. Добра, што не напісалі, што мой кум Пуцін або Лукашэнка. Разумееце? Або бін Ладэн, я ня ведаю, каго там яшчэ маглі напісаць. Гэта ўвогуле ня мой тэлефон», — падкрэсьліў бізнэсовец.
Паслуга на 70 мільёнаў даляраў
Расьсьледаваньне пра нелегальныя пастаўкі аўтамабіляў у Расею спачатку ня тычылася Ўкраіны. Агульным зьвяном стала кіпрская кампанія Dimicandum Invest Holding LTD, пячатку якой знайшлі ў часе ператрусу ў Віталя Бобыра.
Спачатку гэтая кампанія трапіла ў поле зроку расьсьледнікаў як дзелавы партнэр падсанкцыйнага беларускага прадпрыемства «Беларуськалій». Згодна з дакумэнтамі, якія атрымалі журналісты, Dimicandum Invest Holding LTD абавязвалася ў 2023 годзе ажыцьцявіць перавалку каля 3,5 мільёна тон калійных угнаеньняў на прычалах Балтыйскага суднамэханічнага заводу. Гэта траціна гадавога экспарту «Беларуськалію» да ўвядзеньня санкцый. З дакумэнтаў вынікае, што за 2023 год Dimicandum Invest Holding LTD мусіла атрымаць за свае паслугі ад беларускага прадпрыемства больш за 68,6 мільёна даляраў.
У дакумэнтах адзначалася, што беларускі калій экспартуецца за межы Мытнага саюзу. Частка партыі перагружалася на караблі ў Санкт-Пецярбургу, а далей угнаеньні накіроўвалі ў Кітай, Інданэзію і Бразылію. Паводле дакумэнтаў, Dimicandum Invest Holding LTD нібыта выконвала функцыі экспэдытара, але журналісты не выключаюць, што гэтая кампанія магла быць звычайнай «пракладкай», каб назапашваць і выводзіць грошы.
«Беларуськалій» пад санкцыямі ЗША з 9 жніўня 2021 году. З чэрвеня 2022 году прадпрыемства трапіла пад санкцыі Эўразьвязу.
«Вэктар» Шэймана
На падставе атрыманых дакумэнтаў журналісты зрабілі выснову, што на дамове кіпрскай кампаніі зь «Беларуськаліем» мог зарабляць адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі — Віктар Шэйман. Імаверна, менавіта яго ці асобу, зьвязаную зь ім, украінскі бізнэсовец Віталь Бобыр называў у паведамленьні сваім кумам.
Афіцыйна Dimicandum Invest Holding LTD з моманту заснаваньня ў 2012 годзе належыць грамадзянцы Рэспублікі Кіпр Галіне Акрытавай Александроў, яна ж — дырэктарка кампаніі. Аднак дамову з «Беларуськаліем» падпісвала не яна, а фінансавы дырэктар кампаніі Сьвірыдаў А.Г. Чалавек з такім прозьвішчам у 2019-2021 гадах быў намесьнікам кіраўніка Кіраўніцтва спраў Аляксандра Лукашэнкі. У той час ведамства ачольваў Віктар Шэйман.
Паводле журналістаў, колішні супрацоўнік Кіраўніцтва спраў і фіндырэктар кіпрскай кампаніі — гэта адзін і той жа чалавек. Андрэя Сьвірыдава звольнілі з Кіраўніцтва спраў 19 лютага 2021 году, а ўжо 11 сакавіка ён ачоліў беларускую «Вэктар Капітал Груп». У лютым 2024-га яго на гэтай пасадзе зьмяніў іншы колішні чыноўнік, таксама зьвязаны з Шэйманам, — Мікалай Селіванаў. У гэтай кампаніі ў 2023 годзе працавалі яшчэ два колішнія чыноўнікі з Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі — Дзьмітры Петрашкевіч і Ўладзімер Скулавец. Спэцыялізацыя прадпрыемства — «дзейнасьць галоўных арганізацый», то бок назіраньне і кіраваньне іншымі юрыдычнымі асобамі, якія ўваходзяць у пэўную структуру.
Сувязь «Вэктар Капітал Груп» зь Віктарам Шэйманам знайшлі прадстаўнікі аб’яднаньня колішніх сілавікоў Беларусі BelPol у сваім расьсьледаваньні пра ўчастак ў Сочы, які належаў Беларусі і быў перапрададзены па заніжанай цане расейскай кампаніі «Комплекс-Инвест».
Форум