Чакаецца, што кіроўная Партыя самавызначэньня (LVV) прэм’ер-міністра Альбіна Курці атрымае найбольшую колькасьць галасоў на парлямэнцкіх выбарах у Косаве, але наўрад ці атрымае неабходную большасьць. Гэта можа дазволіць апазыцыі сфармаваць урад.
Пасьля падліку 73% бюлетэняў LVV набрала 42% галасоў, што адпавядае экзіт-полам, якія паказвалі вынік, ніжэйшы за 50%. За ёй ідуць Дэмакратычная партыя Косава (ДПК) з 22,8%, Дэмакратычная ліга Косава (ДЛК) з 17,9% і Альянс за будучыню Косава (ААК) і Сацыял-дэмакратычная ініцыятыва (NISMA) з 7,6%.
«Сэрбскі сьпіс», усё ж дапушчаны да выбараў, атрымаў 2,98%. Спэцыяльная камісія ў Косаве 25 сьнежня адмяніла рашэньне выбарчай камісіі, якая забараніла найбуйнейшай партыі этнічных сэрбаў удзельнічаць у выбарах празь яе шчыльныя сувязі зь Бялградам.
У парлямэнце Косава 120 месцаў. Было зарэгістравана амаль 2 мільёны выбарнікаў. У галасаваньні прынялі ўдзел каля 42% ад гэтай лічбы.
Хаця агульны вынік застаецца незразумелым, пасьля галасаваньня Курці абвясьціў пра перамогу сваёй партыі і яе партнэраў, Guxo Party і Alternativa, выказаўшы ўпэўненасьць, што якраз яны сфармуюць новы ўрад. Курці выступіў перад прыхільнікамі, якія масава трымалі альбанскія сьцягі, што традыцыйна больш папулярныя ў часткова прызнанай краіне за сьцягі самога Косава.
Адносіны Косава з Вашынгтонам і Брусэлем моцна залежаць ад дыялёгу паміж Сэрбіяй і Косавам пры садзейнічаньні ЭЗ. Перамовы пачаліся ў 2011 годзе і накіраваныя на нармалізацыю адносінаў паміж дзьвюма краінамі. Напружанасьць узмацнілася ў момант абвяшчэньня незалежнасьці Косава ў 2008 годзе. Сэрбія незалежнасьці сваёй былой аўтаноміі не прызнае.
Праблемы засяроджваюцца пераважна на пытаньні этнічных сэрбаў на поўначы Косава. Яны не прызнаюць улады ў Прышціне і імкнуцца захаваць паралельныя структуры кіраваньня пры падтрымцы Бялграду. Прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці павёў жорсткую лінію, закрываючы сэрбскія паралельныя ўстановы. Сэрбская меншасьць пачала пратэставаць супраць этнічных альбанцаў пасьля таго, як ім сталі забараняць карыстаньне старымі сэрбскімі аўтамабільнымі нумарамі і весьці іншую палітыку на падначаленьне ўладзе ў Прышціне.
ЗША і Эўразьвяз таксама крытыкуюць Курці за жорсткую лінію адносна сэрбаў і заклікаюць паразумецца. Аднак палітычныя экспэрты, апытаныя Балканскай службай Свабоды напярэдадні косаўскіх выбараў, адзначалі, што ў выпадку, калі Альбін Курці застанецца прэм’ер-міністрам, варта чакаць узмацненьня ізаляцыі Косава і далейшай канфрантацыі з Сэрбіяй і сэрбскай меншасьцю ў краіне.
Форум