Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што пастаўлена на кон на выбарах у Косаве


Перадвыбарчы плякат у Косава з выявай дзейнага прэм’ер-міністар Косава Альбіна Курці
Перадвыбарчы плякат у Косава з выявай дзейнага прэм’ер-міністар Косава Альбіна Курці

Для Косава парлямэнцкія выбары 9 лютага — гэта значна больш, чым проста выбар новага ўраду. Гэта галасаваньне, якое паўплывае на дыпляматычную будучыню Косава, яго рэгіянальную стабільнасьць і міжнароднае становішча.

Пра тое, што залежыць ад вынікаў гэтых выбараў, пішуць старшая рэдактарка навінаў Косаўскай службы Радыё Свабода Валёна Тэля і эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Калі дзейны прэм’ер-міністар Косава Альбін Курці пераможа на гэтых выбарах, гэта можа азначаць, што Косава апынецца ў яшчэ большай ізаляцыі, чым раней. Калі ж ён прайграе на выбарах, Косава можа ўбачыць вялізныя перамены.

На думку экспэртаў у ЗША і ЭЗ, стаўкі высокія — без узгадненьня зь міжнароднымі саюзьнікамі Косава рызыкуе сутыкнуцца ня толькі з дыпляматычнымі трэньнямі, але і з патэнцыйнай ізаляцыяй ці нават замарожаным канфліктам.

Адносіны Косава з ЗША і ЭЗ засяроджаныя вакол дыялёгу паміж Сэрбіяй і Косава, які быў арганізаваны Эўразьвязам у 2011 годзе і накіраваны на нармалізацыю адносінаў паміж гэтымі краінамі.

Курці прытрымліваецца жорсткай пазыцыі

Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Косава ў 2008 годзе, якое Сэрбія па-ранейшаму не прызнае, паміж дзьвюма краінамі захоўваецца напружанасьць. Яно ў асноўным датычацца этнічных сэрбаў на поўначы Косава, якія адпрэчваюць уладу Прышціны і спрабуюць захаваць паралельныя структуры кіраваньня пры падтрымцы Бялграду.

За апошнія 2,5 гады ўрад прэмʼер-міністра Альбіна Курці, які, хутчэй за ўсё, выйграе гэтыя парлямэнцкія выбары, заняў цьвёрдую пазыцыю, замяніўшы сэрбскія нумарныя знакі на косаўскія, спыніўшы імпарт сэрбскай валюты ў Косава і зачыніўшы сэрбскія банкі і дзясяткі паралельных устаноў.

Дзеяньні Курці зазналі крытыку з боку папярэдняй адміністрацыі ЗША і кіраўніцтва Эўразьвязу, якія сьцьвярджалі, што тыя былі ўзгодненыя зь міжнароднымі партнэрамі Косава і ўскладнілі жыцьцё этнічным сэрбам краіны.

Рычард Грэнэл, які займаў пасаду спэцыяльнага пасланца на перамовах па Сэрбіі і Косава ў першай адміністрацыі Трампа, напісаў у сацыяльнай сетцы X, што «ўрад Курці не заслугоўваў даверу ні падчас першага тэрміну Трампа, ні падчас тэрміну Байдэна». Паводле Грэнэла, «і рэспубліканцы, і дэмакраты ўвесь час крытыкавалі Курці за аднабаковыя дзеяньні, якія дэстабілізуюць рэгіён».

Аднак Курці не адступіў ад сваіх пазыцыяў, нават калі яго папярэдзілі ЗША ці калі ў чэрвені 2023 году Эўразьвяз прыпыніў фінансавую дапамогу краіне на суму да 100 мільёнаў эўра.

Курці заявіў, што дзеяньні супраць этнічных сэрбаў былі неабходнымі крокамі, накіраванымі на ўсталяваньне вяршэнства закону на поўначы краіны, дзе пражывае большасьць этнічных сэрбаў Косава, і адпавядалі канстытуцыі краіны. Больш за тое, 2 лютага ён заявіў, што ніводзін урад Косава ня меў лепшых адносінаў з ЗША, чым ягоны.

Вынікі выбараў у Косава таксама паўплываюць на яго адносіны з Эўразьвязам, што шчыльна зьвязана зь ягонай дыпляматычнай пазыцыяй у дачыненьні да Сэрбіі.

Заяўка Косава на ўступленьне ў Эўразьвяз, пададзеная ў сьнежні 2022 году, з таго часу была замарожаная, паколькі для яе прыняцьця неабходны кансэнсус усіх 27 краін-чальцоў ЭЗ. Найбольшай перашкодай зьяўляюцца пяць краін Эўразьвязу — Кіпр, Грэцыя, Румынія, Славакія і Гішпанія, якія не прызнаюць незалежнасьць Косава.

Тобі Фогель, аналітык па Заходніх Бальканах у бэрлінскай Радзе па палітыцы дэмакратызацыі, сказаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што наступнаму ўраду Косава давядзецца працаваць больш старанна, каб палепшыць адносіны з Эўразьвязам.

Таксама стаіць пытаньне аб сяброўстве Косава ў міжнародных арганізацыях, такіх як Інтэрпол ці Рада Эўропы. Хоць ЭЗ абяцаў падтрымаць Прышціну для ўступленьня ў гэтыя органы, намаганьні Сэрбіі па супрацьдзеяньні гэтаму заўсёды былі пасьпяховымі.

Ці зьменіцца Курці?

Кіроўная партыя Курці «Рух за самавызначэньне» (LVV) цяпер зьяўляецца фаварытам на гэтых выбарах, і апытаньні паказваюць, што партыя можа атрымаць больш за 50% галасоў.

Пакуль Курці не прадэманстраваў ніякіх прыкметаў таго, што ён гатовы зьмяніць сваю палітыку ў дачыненьні да Сэрбіі і Захаду. Урад Косава працягвае прытрымлівацца жорсткай лініі, працягваючы зачыняць у краіне ўстановы, зьвязаныя з Сэрбіяй. І Курці даў зразумець, што калі ён выйграе новы мандат прэмʼер-міністра, ён працягне ўмацоўваць свой імідж бескампраміснага лідэра, які ставіць прынцыпы вышэй за дыпляматыю.

«Рэспубліка Косава, з нашым урадам ва ўладзе, ніколі ня скажа „так“ Асацыяцыі», — заявіў Курці на мітынгу з прыхільнікамі ў Паўднёвай Мітравіцы 1 лютага.

Асацыяцыя, пра якую казаў Курці, — гэта Асацыяцыя муніцыпалітэтаў з сэрбскай большасьцю ў Косава, якая была часткай пагадненьня, дасягнутага Косава з Сэрбіяй у 2013 годзе, але так і не была рэалізаваная. Велізарны камень спатыкненьня паміж Сэрбіяй і Косава, асацыяцыя закліканая каардынаваць муніцыпалітэты з сэрбскай большасьцю ў такіх галінах, як адукацыя, ахова здароўя і эканамічнае разьвіцьцё.

Калі Курці пераможа і будзе прытрымлівацца сваіх пазыцыяў, гэта можа азначаць, што Косава апынецца яшчэ больш ізаляваным, чым калі-небудзь. Гэта, выказвае меркаваньне аналітык Тобі Фогель, можа азначаць пэрыядычны гвалт або замарожаны канфлікт, «падобны да таго, які разьвіваўся на Кіпры... на працягу многіх гадоў».

«Гэта можа стаць сапраўднай праблемай для Косава, — кажа ён, — таму што гэта зробіць немагчымым далейшы рух краіны наперад».

Перамога апазыцыі можа прынесьці значныя зьмены

Існуе таксама імавернасьць таго, што Курці прайграе на гэтых парлямэнцкіх выбарах. Калі ягоная партыя Курці «Рух за самавызначэньне» атрымае менш за 50% галасоў, але ўсё роўна атрымае больш галасоў за любую з астаніх партый, Курці можа паспрабаваць сфармаваць кааліцыйны ўрад. Калі яму гэта ня ўдасца, дык у партыі, якая заняла другое месца па выніках выбарах, будзе мандат на фармаваньне ўраду.

Апазыцыйная кааліцыя можа радыкальна перагледзець адносіны Косава з Захадам — і патэнцыйна перазапусьціць мірныя перамовы з Сэрбіяй. Апанэнты Курці на пасаду прэмʼер-міністра выступаюць за аднаўленьне і паглыбленьне адносінаў з ЗША, якія, на іх думку, неабходныя для будучыні Косава.

Чарльз Купчан з Рады па міжнародных адносінах, якая базуецца ў Нью-Ёрку, сказаў, што той, хто сфармуе наступны ўрад у Косава, павінен забясьпечыць, каб адносіны з ЗША заставаліся трывалымі і некранутымі. Косава, кажа ён, ня можа дазволіць сабе быць у рознагалосьсях са сваімі саюзьнікамі.

«Я б сказаў, калі вы хочаце добрых адносінаў са Злучанымі Штатамі, заключайце ўгоды, выходзьце на рынак, будзьце гатовыя да перамоваў», — сказаў Купчан.

«І я думаю, што дзеяньні, якія ўспрымаюцца як тыя, што ствараюць складанасьці, ня будуць станоўча ўспрынятыя ў Вашынгтоне. Дзеяньні, якія ўспрымаюцца як спрыяльныя дыялёгу паміж Косава і Сэрбіяй, будуць цёпла сустрэтыя ў Вашынгтоне», — лічыць ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG