Выбарчы кодэкс Беларусі кажа, што выбары прэзыдэнта «зьяўляюцца свабоднымі і праводзяцца на падставе ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні». Але за 30 зь невялікім гадоў існаваньня незалежнай Беларусі легітымнасьць працэсу галасаваньня за кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта ня выклікала пытаньняў толькі аднойчы — самы першы раз, у 1994 годзе. Наступныя пяць выбараў не былі прызнаныя ні міжнароднымі назіральнікамі, ні праваабаронцамі, ні пэўнай колькасьцю грамадзянаў, якія пратэставалі супраць фальсыфікацый вынікаў галасаваньня.
На сёмыя выбары прэзыдэнта Беларусі ідзе той самы чалавек, які заняў гэтую пасаду 30 гадоў таму. Масавыя і працяглыя пратэсты пасьля выбараў 2020 году і рэпрэсіі, якія ня скончыліся дагэтуль, ні ў кога ў краіне і за яе межамі не пакідаюць сумневу, што Цэнтральная выбарчая камісія назаве яго імя як пераможцы.
Свабода разам з аналітыкамі і палітолягамі разьбірае, чаму, нават не чакаючы асноўнага дня галасаваньня, такія «выбары» прэзыдэнта нельга назваць выбарамі.
Дата выбараў «зноў абранага прэзыдэнта»
Паводле заканадаўства, сёмыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі павінны адбыцца не пазьней за 20 ліпеня 2025 году. З прычыны прызначэньня іх на 26 студзеня — самую раньнюю з магчымых дат — патэнцыйныя кандыдаты ў прэзыдэнты мелі толькі 10 дзён на падрыхтоўку дакумэнтаў, а тэрмін кіраваньня Лукашэнкі скараціўся на паўгода.
Але, паводле словаў кіраўніка Цэнтравыбаркаму Ігара Карпенкі, парушэньня закону ці нейкай праблемы ў гэтым няма, і такая практыка арганізацыі выбараў да заканчэньня тэрміну паўнамоцтваў дзейнага кіраўніка ўжо ёсьць у некаторых краінах — напрыклад, у Кіргізстане і Ўзбэкістане.
Асноўнай прычынай такой пасьпешлівасьці чыноўнік назваў заканчэньне пяцігадовага пляну разьвіцьця краіны. «Заступленьне на пасаду зноў абранага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь на пачатку 2025 году дасьць магчымасьць яму ажыцьцяўляць свае паўнамоцтвы на пачатковай стадыі стратэгічнага плянаваньня», — нібы прагаварыўся Ігар Карпенка.
Яшчэ ў дзень прызначэньня даты выбараў — а гэта было 23 кастрычніка 2024 году — старшыня выбарчай камісіі быў упэўнены і адкрыта сказаў, што на пасаду заступіць «зноў абраны прэзыдэнт».
Да таго ж выбары вясной і ўлетку Цэнтравыбаркаму бачацца нязручнымі, бо тады, па словах Карпенкі, і сельскагаспадарчыя працы, і адпачынкі, і падрыхтоўка да паступленьня і новага навучальнага году ў установах адукацыі, дзе звычайна разьмешчаныя ўчасткі для галасаваньня.
Нагадаем, што масавыя шматтысячныя пратэсты пасьля выбараў 2020 году, заплянаваных на 9 жніўня, пачаліся менавіта ўлетку.
Чацьвёра прыхільнікаў пятага
Першым, яшчэ 23 кастрычніка 2024 году, пра свой удзел у выбарах абвясьціў Аляксандар Лукашэнка. Пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заявілі Алег Гайдукевіч — старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Беларусі, Сяргей Сыранкоў — першы сакратар Цэнтральнага камітэту Камуністычнай партыі Беларусі, Аляксандар Хіжняк — старшыня Беларускай партыі працы і справядлівасьці, кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году Ганна Канапацкая, галоўны ідэоляг Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава, адстаўны генэрал, экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Бобрыкаў. Але апошнія двое даволі хутка зьнялі свае кандыдатуры.
У выніку кандыдатаў засталося пяцёра, усіх іх зарэгістравалі. Чацьвёра зь іх — адкрытыя прыхільнікі пятага, Аляксандра Лукашэнкі, і не хаваюць сваёй пазыцыі.
«Ёсьць кандыдатка, якая плянуе „пагуляць“ у апазыцыю», — адзначае палітоляг Дзьмітры Балкунец, маючы на ўвазе Канапацкую. Увогуле яна называе сябе апазыцыйным палітыкам, ідзе на выбары з дэмакратычнымі ідэямі, выказваецца за парлямэнцкую рэспубліку і за 4 гады для прэзыдэнцкай пасады. Праўда, менавіта яна яшчэ ў 2019 годзе выносіла на разгляд у парлямэнце законапраект аб гарантыях прэзыдэнту пасьля сыходу з пасады , а зараз паўтарыла, што будзе забясьпечваць выкананьне гэтых гарантый, калі стане прэзыдэнтам.
Рэпрэсій у краіне Ганна Канапацкая таксама ня згадвае.
«Лукашэнка атрымаў вялікую псыхалягічную траўму ў 2020 годзе, калі людзі выйшлі на вуліцы. Таму ён баіцца іншых апазыцыйных кандыдатаў. Але ў 1994 годзе ён сам быў апазыцыянэрам і выйграў выбары. А потым проста падмануў грамадзтва. Цяпер Лукашэнка лічыць, што толькі ён можа быць кіраўніком, і больш ніхто — такая ў яго манія. А людзі, якія гуляюцца ў гэтую гульню, робяць гэта за грошы альбо за якія іншыя плюшкі», — кажа Балкунец.
Усё зроблена дзеля таго, каб канкурэнцыі не было, перакананы доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.
«Асноўныя палітычныя лідэры, апанэнты, тыя, хто хоць неяк крытыкуе ўлады, знаходзяцца альбо ў вязьніцы, альбо ў эміграцыі. Яны былі пазбаўленыя магчымасьцяў удзельнічаць у гэтым працэсе. Былі зацьверджаныя толькі тыя асобы, якія ўхваліла прэзыдэнцкая адміністрацыя, асабіста Лукашэнка», — лічыць Казакевіч.
Адкуль 2,5 мільёна подпісаў за Лукашэнку
Кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Дзьмітры Круты ў Воршы на канцэрце «Час выбраў нас» адрапартаваў, што ў падтрымку Лукашэнкі сабралі ажно 2,5 мільёна подпісаў за адзін месяц (з 7 лістапада да 6 сьнежня, паводле пляну Цэнтравыбаркаму).
Але праваабаронцы і аналітыкі адзначаюць, што ўлада прымусова зьбірала подпісы за дзейнага кіраўніка дзяржавы, часта выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс.
Так, праваабаронца «Вясны» Алег Мацкевіч прааналізаваў адкрытыя крыніцы і заўважыў, што за Лукашэнку нібыта зьбіралі па 113 тысяч подпісаў у дзень.
Пра гэта яшчэ 21 лістапада падчас сустрэчы з Лукашэнкам абвясьціў кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Юры Сянько: за два тыдні сабрана звыш 1 мільёна 581 тысячы подпісаў. Пры гэтым ніякай надзвычайнай пікетавай актыўнасьці на вуліцах гарадоў не назіралася, адзначае праваабаронца.
«Адзін-два выбарнікі, пераважна пажылога ўзросту, перад панурымі зьбіральнікамі подпісаў з крыклівым лягатыпам „Надо!“ на грудзях — гэта амаль усё, што здольныя скрэатывіць чыноўнікі», — зазначае праваабаронца, азнаёміўшыся з апублікаванымі фатаздымкамі прапагандыстаў.
У некаторых установах тых, хто адмаўляўся падпісвацца за Лукашэнку, уносілі ў адмысловы «чорны сьпіс».
Так, Максім (імя зьменена дзеля бясьпекі. — РС), які працуе юрыстам у адной з арганізацый, расказаў, што ў офіс прыйшло паведамленьне з профільнага міністэрства з тытулам «Тэрмінова!» (копія табліцы ёсьць у рэдакцыі РС). Кіраўніку арганізацыі загадвалі запоўніць таблічку, у якую неабходна занесьці дадзеныя ўсіх супрацоўнікаў, аж да прыбіральніц — імя, прозьвішча і пасаду. А ў асобнай графе пазначыць: «Ці паставілі подпіс за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку?». Варыянты адказаў — «так» ці «не».
Пікетаў іншых кандыдатаў было мала, чэргаў, каб падпісацца (як было ў 2020 годзе) не заўважана. Падчас паседжаньня ЦВК улады абвясьцілі, колькі чалавек падпісаліся за патэнцыйнага кандыдата, але палітолягі і праваабаронцы ня вераць, што гэта сапраўдныя лічбы. Хаця б таму, што сёлета кандыдатаў зарэгістравалі літаральна за 24 гадзіны — раней вэрыфікацыя подпісаў і праверка дакумэнтаў займала нашмат больш часу.
«Тое, што гэтыя людзі не сабралі 100 тысяч подпісаў, — відавочна, — лічыць дырэктар інстытуту „Палітычная сфэра“ Андрэй Казакевіч. — Бо не было заўважна ні пікетаў, ні агітацыі, ні актыўнасьцяў. Усё зроблена для таго, каб канкурэнтаў у Лукашэнкі не было, каб гэтыя людзі дапамаглі Лукашэнку прайсьці выбарчую працэдуру».
У сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах ня ўдзельнічае беларуская дыяспара: грамадзянам краіны за мяжой няма дзе галасаваць. Яшчэ ў 2022 годзе старшыня ЦВК Ігар Карпенка заявіў, што ўчасткаў для галасаваньня за мяжой больш ня будзе. Прычына — скарачэньне дыпляматычных прадстаўніцтваў. https://www.svaboda.org/a/32097087.html
Схаваная інфармацыя
Неўзабаве пасьля пачатку выбарчай кампаніі засакрэцілі колькасьць чальцоў ініцыятыўных груп кандыдатаў. Больш-менш вядомы склад ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, кіраўнік якой — старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юры Сянько, у складзе групы — генэрал Павал Муравейка, прапагандысты Іван Эйсмант, Дзьмітры Жук, лекар Алег Румо ды іншыя.
Пра склад ініцыятыўных груп іншых кандыдатаў таксама вядома няшмат. Але, да прыкладу, ініцыятыўнай групай Ганны Канапацкай кіруе яе сястра Дар’я Трухановіч, у складзе групы — былы лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка.
Засакрэчаны склад выбарчых камісій. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка тлумачыць гэта тым, што «трэба схаваць прозьвішчы асобаў гэтых камісій ад замежных спэцслужбаў». Магчыма, тут паўплывала і тое, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году выбарцы ўвечары прыйшлі на ўчасткі, каб пабачыць пратаколы, а сябрам камісій давялося ўцякаць праз чорны ход пад аховай міліцыі.
Ёсьць на сайце ЦВК лічбы колькасьці ўчастковых камісій — усяго па краіне іх створана 5325, і агульнай колькасьці сябраў камісій — 56 550 чалавек. Пры гэтым улады зладзілі дзіўны флэшмоб, дзе ўдзельнікі прамаўляюць, не называючы сваіх імёнаў: «Я сябра выбарчай камісіі. І я гэтым ганаруся».
Праўда, арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BelPol атрымала сьпісы звыш 10 тысяч сяброў выбарчых камісій і назіральнікаў, якіх улады задзейнічаюць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў Беларусі. BelPol сьцьвярджае, што ўсе гэтыя людзі былі прызначаныя яшчэ ў верасьні 2024 году (да абвяшчэньня даты прэзыдэнцкіх выбараў) па выніках праверак у КДБ-МУС на ляяльнасьць да ўладаў. Пра гэта ж пішуць і праваабаронцы: згодна з «Аналітычнай справаздачай аб утварэньні ўчастковых камісій» кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», сьпісы вылучаных сябраў камісій былі зацьверджаныя на 99,5%.
Датэрміновая палова
На думку доктара палітычных навук, дырэктара інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэя Казакевіча, ніхто не зьбіраецца лічыць галасы сумленна — лічбы ўжо вядомыя.
«Усе ўдзельнікі палітычнага працэсу падрыхтаваныя да таго, што лічбы будуць агучаныя, і ўсе з гэтым пагодзяцца. Ня важна, за каго людзі будуць рэальна галасаваць у бюлетэнях. Сыстэма арганізаваная такім чынам, што закрытыя выбарчыя камісіі правядуць закрыты падлік галасоў і ў закрытым парадку старшыні камісій дадуць нейкую лічбу наверх. Ніякай справаздачнасьці, празрыстасьці, магчымасьці вэрыфікаваць, што ў камісіях будуць падлічваць галасы, ня будзе», — перакананы Казакевіч.
Падставы ня верыць у выніковыя лічбы на прэзыдэнцкіх выбарах дае датэрміновае галасаваньне. Як інструмэнт уплыву на вынікі галасаваньня ўлады пачалі яго ўжываць на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Да гэтага моманту доля тых, хто прагаласаваў датэрмінова, была заўсёды невялікая.
Сёлета за чатыры дні датэрміновага галасаваньня, паводле ЦВК, 35,99% грамадзян нібыта аддалі свой голас за кандыдата ў прэзыдэнты. Гэта новы рэкорд. Так, яўка па выніках чатырох дзён датэрміновага галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году склала 32,24 %.
Тады, паводле ЦВК, агулам 42% выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова, а ў 2022-м на рэфэрэндуме датэрміновае галасаваньне паказала 43% удзельнікаў.
«Мне здаецца, што зараз у Беларусі вельмі вялікі недавер да датэрміновых выбараў, калі невядома, што адбываецца на ўчастках цягам пяці дзён датэрміновага галасаваньня. Выбары павінны адбывацца ў асноўны дзень, каб была абсалютная празрыстасьць. Каб кожны ахвотны мог назіраць за выбарамі. І каб быў празрысты падлік бюлетэняў. Нічога гэтага ў Беларусі няма. Ёсьць дэкарацыя — палітычныя партыі, нейкія грамадзкія арганізацыі, саюз жанчын, якія нібыта назіраюць. Але ўсе яны залежныя ад уладаў. У народу няма ніякага даверу да гэтых выбараў», — кажа палітоляг Дзьмітрый Балкунец.
Безь міжнародных назіральнікаў
Афіцыйны Менск нібыта запрасіў назіральнікаў ад АБСЭ, але там адказалі, што гэта было зроблена запозна і не паводле адпаведнай працэдуры.
«Беларусь абвясьціла дату прэзыдэнцкіх выбараў некалькі месяцаў таму, і ўлады добра разумеюць, што БДІПЧ мае патрэбу ў своечасовым запрашэньні для назіраньня за ўсімі ключавымі аспэктамі выбараў, уключаючы падрыхтоўку да дня выбараў», — паведаміла Свабодзе Каця Андруш, прэсавая сакратарка Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека.
Звычайна місію АБСЭ запрашаюць на доўгатэрміновае назіраньне за месяц да пачатку галасаваньня, каб ацаніць атмасфэру, у якой адбываюцца выбары, а таксама на кароткачасовае назіраньне ў дзень выбараў, а не за 5 дзён да пачатку датэрміновага галасаваньня.
Палітык Анатоль Лябедзька мяркуе, што на гэтых выбарах ня будзе нікога з сапраўдных прафэсійных, дасьведчаных назіральнікаў.
«Я маю на ўвазе ня тых, каго возяць па нейкіх прадпрыемствах, уручаюць падарункі, а арганізацыі, якія спэцыялізуюцца на ацэнцы выбараў. Гэта першая кампанія, якая будзе без назіральнікаў — як міжнародных, так і ўнутраных.
Усё гэта прывяло да таго, што вялікая колькасьць міжнародных арганізацый і структур яшчэ да пачатку выбараў сказалі, што гэта імітацыя, гэта ня выбары, і яны іх не прызнаюць. Гэта будзе зафіксавана ў рэзалюцыях. Рыхтуе такую рэзалюцыю і Эўрапарлямэнт, будуць пералічаныя гэтыя пункты, чаму яны не прызнаюць гэтыя выбары. Так што для Лукашэнкі, які хацеў праз гэтую выбарчую кампанію стварыць уражаньне, што мы перагарнулі старонку пасьля 2020 году, гэтая задача недасягальная», — мяркуе Анатоль Лябедзька.
У краіне няма і незалежных унутраных назіральнікаў — пасьля выбараў 2020 году рэпрэсіі закранулі і іх. І нават у канцы 2023 году — перад выбарамі ў парлямэнт — у былых назіральнікаў па ўсёй Беларусі прайшла хваля ператрусаў і праверак. НДА і праваабарончых арганізацый у краіне няма.
Прызначаныя ўладамі назіральнікі, дапушчаныя да працэдуры падліку галасоў, выконваюць ролю статыстаў — перакананы палітоляг Дзьмітрый Балкунец.
«Яны сядзяць на ўчастку ўбаку, пʼюць гарбату. Яны не бяруць актыўнага ўдзелу ў падліку галасоў, ня маюць доступу да бюлетэняў, яны ні на што не ўплываюць. У цывілізаваных, дэмакратычных краінах, калі ідзе падлік галасоў, усім чальцам камісій і назіральнікам паказваюць кожны бюлетэнь і кладуць у асобны стос. Потым падлічваюць гэтыя стосы за кожнага кандыдата і прапісваюць колькасьць аддадзеных галасоў у бюлетэнях. Важнае — каб ім людзі давяралі. Але ў Беларусі гэтага няма», — кажа палітоляг.
Умоўныя выбары
Праваабаронцы, незалежныя мэдыя і дэмакратычныя палітыкі не называюць працэс галасаваньня ў Беларусі выбарамі альбо кажуць пра іх «так званыя», падкрэсьліваючы такім чынам іх умоўнасьць. Падчас справядлівай і свабоднай выбарчай кампаніі не парушаюцца правы чалавека, свабода слова, свабода мірных сходаў — не парушаецца закон. Гаварыць пра гэта цяпер у Беларусі не выпадае.
Ініцыятыва «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў сваёй справаздачы зьвяртае ўвагу на парушэньні і правоў чалавека, і выбарчага заканадаўства.
Так, сярод 1300 палітвязьняў, што знаходзяцца цяпер у зьняволеньні, — экс-прэтэндэнты на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка (асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі), Сяргей Ціханоўскі (асуджаны на 19 гадоў і 6 месяцаў) і шэраг чальцоў іх штабоў, у прыватнасьці Марыя Калеснікава (асуджаная на 11 гадоў), якія ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада больш за год, што раўназначна гвалтоўнаму зьнікненьню.
З пачатку 2024 году было затрымана ня менш за 1800 чалавек. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на канец сьнежня 2024 году ў Беларусі ў месцах зьняволеньня знаходзіліся 1265 палітзьняволеных, зь іх 168 — жанчыны. Зь лета 2020 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 3697 чалавек, зь іх 680 жанчын.
«Выбары праходзяць у атмасфэры падаўленьня ня тое што альтэрнатыўнай палітычнай дзейнасьці, але і грамадзкай дзейнасьці. Колькасьць крымінальных спраў, што заводзяцца штомесяц, ня зьменшылася. Было некалькі хваляў затрыманьняў, арыштаў, кампаній запужваньня і празь дзяржаўныя мэдыя, і празь дзейнасьць сілавых структур», — сьцьвярджае палітоляг Дзьмітрый Балкунец.
Са сьнежня 2023 г. было ліквідавана больш за 350 арганізацый грамадзянскай супольнасьці.
Беларусь — самая небясьпечная для журналістаў краіна ў Эўропе, яна займае 167 (са 180) пазыцыю ў сусьветным індэксе свабоды прэсы арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» за 2024 год.
У Беларусі няма магчымасьці працаваць недзяржаўным мэдыя, якія займаюцца палітычным парадкам дня. Фактычна інфармацыйнае поле ўнутры краіны ўзятае пад поўны палітычны кантроль. На працягу ўсёй выбарчай кампаніі чыніўся ціск на выбарцаў, каб тыя нават ня думалі пра нейкую палітычную альтэрнатыву«, — мяркуе дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.
Многія актыўныя грамадзяне, якіх дзейныя ўлады лічаць неляяльнымі і таму перасьледуюць і запалохваюць, знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. Па розных ацэнках, пасьля 2020 году зь Беларусі вымушаныя былі выехаць ад 300 да 500 тысяч чалавек.
«Сыстэматычны перасьлед незалежных кандыдатаў, крымінальныя справы і вымушаная эміграцыя ключавых фігур прадэмакратычных сілаў сьведчаць пра тое, што ўдзел у выбарах для іх альбо немагчымы, альбо спалучаны з сур’ёзнымі рызыкамі. На гэтым фоне ўсе магчымыя кандыдаты, акрамя кандыдатуры А. Лукашэнкі, успрымаюцца як падкантрольныя ўладам, чыя роля — фармальна дэманстраваць наяўнасьць альтэрнатывы на выбарах-2025, але не рэальна змагацца за ўладу», — гаворыцца ў справаздачы ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен 17 студзеня 2025 году заявіў, што «прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ня могуць быць свабоднымі або справядлівымі з прычыны «рэпрэсіўных умоваў».
З рэзалюцыямі і заявамі наконт непрызнаньня маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў выступілі міністры замежных спраў, прадстаўнікі парлямэнтаў Літвы, Польшчы, Эстоніі, Нідэрляндаў, Чэхіі ды іншых краінаў.
На паседжаньні Рады міністраў АБСЭ 6 сьнежня 2024 году 37 дзяржаў-удзельніц прынялі сумесную заяву. Усе яны асуджаюць адсутнасьць умоваў для свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі.
Форум