У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі аб правядзеньні пад кіраўніцтвам старшыні Гомельскага выканкаму навучальных збораў з вайсковаабавязанымі тэрытарыяльных войскаў.
Як вынікае з паведамленьня прэсавай службы ведамства, яны завершацца 31 студзеня, праз тыдзень пасьля выбараў прэзыдэнта, якія маюць прайсьці 26 студзеня.
У часе збораў плянуюць адпрацаваць навыкі каманднага складу тэрытарыяльных войскаў у кіраваньні падначаленымі і падрыхтаваць вайсковаабавязаных да выкананьня задач, у тым ліку супольна з інжынэрнымі падразьдзеламі Ўзброеных сіл Беларусі.
Раней маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведаміла аб павелічэньні вайсковай прысутнасьці ў памежжы з Украінай. У прыватнасьці, у Столінскі і Лельчыцкі раёны перакінулі 11-ю мэханізаваную брыгаду (в/ч 33933, Слонім), у Гомельскі і Мазырскі — 120-я мэханізаваную брыгаду (в/ч 04147, Менск, падразьдзелы разьмешчаныя ў ваколіцах аэрадромаў «Зябраўка» і «Бокаў»), а таксама 147-ы зэнітны ракетны полк (в/ч 96869, Бабруйск, батарэя ЗРК «Оса-АКМ») — месца дысьлякацыі невядома.
Ва Ўкраіне ў гэтых дзеяньнях Беларусі пагрозы не пабачылі.
Форум