Як паведаміла маніторынгавая група «Беларускі Гаюн», на мяжу з Украінай, імаверна, яшчэ ў сьнежні перакінулі падразьдзелы сухапутных войскаў Узброеных сіл Беларусі.
У прыватнасьці, у Столінскі і Лельчыцкі раёны перакінулі 11-ю мэханізаваную брыгаду (в/ч 33933, Слонім), у Гомельскі і Мазырскі — 120-я мэханізаваную брыгаду (в/ч 04147, Менск, падразьдзелы разьмешчаныя ў ваколіцах аэрадромаў «Зябраўка» і «Бокаў»), а таксама 147-ы зэнітны ракетны полк (в/ч 96869, Бабруйск, батарэя ЗРК «Оса-АКМ») — месца дысьлякацыі невядома.
Кіраўнік Цэнтру супрацьдзеяньня дэзынфармацыі пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Каваленка заявіў, што сытуацыя ў памежжы цалкам кантраляваная і пагрозы ўварваньня рэгулярных войскаў Беларусі пакуль няма.
«Інфармацыя асобных паблікаў пра нарошчваньне войскаў Беларусі па той бок мяжы не азначае стварэньня ўдарных групаваньняў і падрыхтоўкі да наступальных дзеяньняў», — сказаў Андрэй Каваленка.
Беларусь нарошчвала вайсковую прысутнасьць у пачатку жніўня 2024 году для ўзмацненьня аховы мяжы з Украінай на ўчастку ў Гомельскай вобласьці, а ў канцы верасьня – пачатку кастрычніка падразьдзелы вярнуліся ў месцы сталай дысьлякацыі. У памежжы заставаліся толькі падразьдзелы Сіл спэцыяльных апэрацый.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Форум