Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікае апытаньне Свабоды. Што экспэрты прадказваюць на 2025 год


Уладзімір Зяленскі, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Каляж
Уладзімір Зяленскі, Дональд Трамп, Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Напярэдадні Новага году Беларуская служба Радыё Свабода традыцыйна прапанавала экспэртам спрагназаваць, што чакае Беларусь у новым 2025 годзе.

41 чалавек — палітолягі, палітычныя аналітыкі, гісторыкі і сацыёлягі — адказалі на нашы 10 пытаньняў. Вось як разьмеркаваліся адказы.

Курс рубля

На 31 сьнежня 2023 году афіцыйны курс даляра паводле НББ складаў 3,177 рубля. За 2024 год рубель абясцэніўся на 8%. Адносная большасьць экспэртаў прадказала, што і ў 2025 годзе курс упадзе прыкладна на столькі ж.

Але амаль такая ж колькасьць экспэртаў — траціна — прадказалі, што падзеньне будзе ўдвая большае і наблізіцца да псыхалягічна важнай рысы ў 4 рублі за даляр, перавысіўшы ўдвая курс, які сфармаваўся пасьля апошняй дэнамінацыі 2016 году.

Кожны пяты прадказаў, што курс упадзе нават ніжэй за гэтую адзнаку. І зусім нямногія прадбачаць, што тэндэнцыя да падзеньня паверне ў адваротны бок.

Ня выключана, што на прагнозы экспэртаў паўплывала прыкметнае падзеньне курсу ў лістападзе 2024 году.

Сярэдні заробак

За 2024 год сярэдні заробак у даляравым эквіваленце вырас, перавысіўшы 700 даляраў (дадзеныя Белстату за кастрычнік). Галасы экспэртаў падзяліліся практычна напалам — амаль палова мяркуе, што ў 2025 годзе сярэдні заробак у далярах зьнізіцца ў параўнаньні з гэтым паказьнікам, столькі ж — што падвысіцца, але нязначна. Больш значны рост гэтага паказьніка прадказалі зусім мала экспэртаў.

Перавыбраньне Лукашэнкі

Выбары ў Беларусі пры Аляксандру Лукашэнку носяць несвабодны і недэмакратычны характар. Адэпты ўлады (Ігар Тур, Лідзія Ярмошына) падчас кампаніі выказвалі думку, што сёлета Цэнтравыбаркам паведаміць, што за кіраўніка Беларусі прагаласавала больш за 90%. Аднак экспэрты, апытаныя Свабодай, у сярэднім далі больш кансэрватыўныя прагнозы. З ацэнкай Тура і Ярмошынай пагадзіліся толькі 15% рэспандэнтаў.

Большасьць — 51% — прадказалі, што доля галасоў за Лукашэнку, якую агучыць ЦВК, будзе ў інтэрвале 80–85%.

Дарэчы, менавіта ў гэтым інтэрвале была колькасьць галасоў за Лукашэнку, названая ЦВК на выбарах у 1994, 2006, 2015 і 2020 гадах. Падчас дзьвюх іншых выбарчых кампаніяў — у 2001-м і 2010-м — гэты ўзровень падтрымкі Лукашэнкі складаў менш за 80%. Аднак паўтарэньня такой «сьціпласьці» ў 2025 годзе чакаюць нямногія экспэрты.

Колькасьць палітвязьняў

У 2020–2023 гадах колькасьць палітвязьняў штогод павялічвалася. Летась яна зьнізілася на 212 чалавек, дасягнуўшы на канец 2024 году адзнакі 1265 палітвязьняў.

Напэўна, экстрапалюючы гэтую тэндэнцыю апошняга году, пераважная большасьць экспэртаў мяркуе, што ў 2025 годзе іх стане менш за 1000. Прыкладна столькі іх было ў канцы 2021 году.

Аднак амаль траціна апытаных лічыць, што ў годзе, які пачаўся, колькасьць палітвязьняў захаваецца на ўзроўні канца 2024 году.

Колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам

У 2024 годзе Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю — «Катлоўка» (зь літоўскага боку — «Лаварышкі») і «Прывалка» («Райгорад»). Латвія і Польшча за мінулы год не закрылі ніводнага пункту пропуску на мяжы.

Абсалютная большасьць экспэртаў прадказала, што ў 2025 годзе колькасьць дзейных пасажырскіх пунктаў пропуску застанецца такая самая, як і летась. Пры гэтым амаль траціна мяркуе, што гэтая колькасьць нават павялічыцца. Ускосна гэта прагноз пэўнага паляпшэньня адносінаў паміж афіцыйным Менскам і краінамі ЭЗ — суседзямі Беларусі.

Вайна Расеі з Украінай

У канцы 2023 году амаль усе экспэрты, апытаныя Свабодай, давалі адмоўны адказ на гэтае пытаньне адносна 2024 году. Цяпер траціна апытаных мяркуе, што ў 2025 годзе вайна ўсё ж скончыцца. Напэўна, сваю ролю адыграла пазыцыя абранага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які шмат разоў упэўнена заяўляў, што даможацца спыненьня гэтай вайны ў кароткі тэрмін. Аднак дзьве траціны экспэртаў скептычна ацэньваюць такую пэрспэктыву.

Гэтае пытаньне было адным зь нешматлікіх, па якім некаторыя экспэрты далі пісьмовыя тлумачэньні сваіх адказаў ці сваіх варыянтаў адказу:

«Вайна прыпыніцца ў выніку замірэньня на неакрэсьлены тэрмін».

«Не, ня скончыцца. (Актыўныя баявыя дзеяньні замарозяцца/зьнізіцца іх маштаб, але дэ-факта стан вайны захаваецца)».

«Вайна ня скончыцца, перамір’е можа быць».

«Адбудзецца замарозка вайны».

Перамовы аб міры ва Ўкраіне і Беларусь

Доля тых, хто мяркуе, што Беларусь на мірных перамовах па Ўкраіне будзе неяк прадстаўленая, супадае з адсоткам тых, хто мяркуе, што вайна ў 2025 годзе скончыцца. Але насамрэч гэта не зусім адны і тыя ж рэспандэнты; адначасна станоўча на гэтае і папярэдняе пытаньні адказалі 12% экспэртаў.

Некаторыя лічылі, што міру ня будзе, але Беларусь за сталом перамоваў будзе. Таксама частка экспэртаў мяркуе, што мір будзе дасягнуты без удзелу прадстаўнікоў Беларусі.

Адзін з экспэртаў патлумачыў свой адказ на пытаньне пра ўдзел прадстаўнікоў Беларусі ў мірных перамовах наступным чынам:

«Будуць, але не наўпрост і не афіцыйны Менск».

Заходнія амбасадары ў Менску

Пасьля 2020 году даверчыя лісты Лукашэнку ўручалі прадстаўнікі дзьвюх заходніх краінаў — Швайцарыі і Вугоршчыны. Некаторыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў у 2024 годзе заклікалі краіны Захаду вярнуць сваіх амбасадараў у Менск, каб паспрыяць вызваленьню палітвязьняў і паляпшэньню адносінаў.

Сярод экспэртаў прыкметную плынь вяртаньня амбасадараў (больш як трох) прадказвае прыкладна кожны пяты. Пры гэтым амаль чвэрць апытаных мяркуе, што ня вернецца ніводзін заходні амбасадар. Аднак большасьць прагназуе, што пара заходніх амбасадараў могуць і вярнуцца.

Яшчэ ў 2023 годзе экспэрты не выключалі, што пасьля перамогі на парлямэнцкіх выбарах у Славаччыне партыі Робэрта Фіца Браціслава можа накіраваць свайго амбасадара ў Менск. У 2024 годзе гэтага, дарэчы, так і не адбылося.

Аднак экспэрты Свабоды не выключаюць, што ў 2025 годзе некалькі такіх ластавак могуць і прыляцець, аднак кардынальнай зьмены адносінаў яны не прынясуць.

Абʼяднаны пераходны кабінэт

З моманту стварэньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў жніўні 2022 году яго шэрагі пакінулі 6 чалавек — Тацяна Зарэцкая, Аляксандар Азараў, Вольга Гарбунова, Валер Сахашчык, Валер Кавалеўскі і Аліна Коўшык. У сярэднім — 3 чалавекі за год. Прыкладна такую ж частату адставак прагназуе пераважная колькасьць экспэртаў і ў 2025 годзе.

Пры гэтым толькі адзін экспэрт спрагназаваў, што пад канец 2025 году Кабінэт спыніць сваё існаваньне. Аднак і гэты экспэрт патлумачыў свой адказ наступным чынам:

«Кабінэт ня будзе існаваць напрыканцы 2025 году. Будзе перафарматаваны (пераназваны) у нешта іншае».

Арына Сабаленка ў сусьветным рэйтынгу

Сярод экспэртаў не было адмыслоўцаў у спартовай тэматыцы. Таму амаль пятая частка апытаных не дала адказу на пытаньне наконт месца самай вядомай сёньня беларускай спартоўкі ў рэйтынгу ў наступным годзе.

У канцы 2024 году Сабаленка ўзначальвала сусьветны рэйтынг Жаночай тэніснай асацыяцыі, у 2021-м і 2023-м яна была на другім месцы, у 2022 годзе — на пятым.

Першае месца і ў 2025 годзе ёй прадказаў кожны дзясяты экспэрт, але месца ў дзясятцы найлепшых — больш за дзьве траціны апытаных.

Хто ўдзельнічаў у апытаньні Радыё Свабода аб прагнозах на 2025 год

41 экспэрт быў апытаны 28 лістапада-15 сьнежня 2024 году мэтадам анкетаваньня. У апытаньні ўзялі ўдзел беларускія, амэрыканскія, літоўскія, нямецкія, францускія, польскія, расейскія і ўкраінскія экспэрты.

  • Рыгор Астапеня, доктар паліталёгіі, кіраўнік праекту «Беларуская ініцыятыва» Chatham House
  • Тацяна Ашуркевіч, журналістка, дасьледчыца
  • Аляксандра Багуслаўская, журналістка, палітычная аглядальніца DW
  • Дзьмітры Балкунец, палітычны камэнтатар, грамадзкі дзеяч
  • Кацярына Дзяйкала, кандыдатка юрыдычных навук, экспэртка ў галіне міжнароднага права
  • Вадзім Дубноў, аглядальнік праекту Радыё Свабода «Эхо Кавказа»
  • Грыгоры Ёфэ, былы прафэсар Рэдфардзкага ўнівэрсітэту
  • Валер Кавалеўскі, кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва, былы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў міжнародных справах
  • Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік Радыё Свабода
  • Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк»
  • Каміль Клысіньскі, палітоляг, аналітык польскага Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў
  • Улад Кобец, дырэктар міжнароднай ініцыятывы iSANS
  • Генадзь Коршунаў, сацыёляг, старшы дасьледчык Цэнтру новых ідэяў
  • Яўген Крыжаноўскі, доктар паліталёгіі, дасьледчык з Страсбурскага ўнівэрсытэту
  • Зьміцер Крук, эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC
  • Андрэй Лаўрухін, палітоляг, дырэктар па дасьледаваньнях Інстытуту разьвіцьця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы
  • Вольга Лойка, рэдактарка выданьня Plan B
  • Зьміцер Лукашук, рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі»
  • Леў Львоўскі, доктар эканамічных навук, акадэмічны дырэктар дасьледчага цэнтру BEROC
  • Яўген Магда, палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі
  • Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык і кансультант, каардынатар майстэрні думак «Наша Візія»
  • Павал Мацукевіч, старшы аналітык «Цэнтру новых ідэяў», былы часовы павераны ў справах Беларусі ў Швэйцарыі
  • Аркадзь Мошас, палітоляг, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў
  • Сяргей Навумчык, публіцыст, грамадзкі дзеяч
  • Міхал Патоцкі, палітычны аглядальнік, журналіст польскага выданьня Dziennik Gazeta Prawna
  • Аляксандар Пашкевіч, гісторык, сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі
  • Марына Рахлей, старэйшая супрацоўніца Нямецкага фонду Маршала
  • Анастасія Роўда, дырэктарка газэты «Наша Ніва», вядоўца Youtube-каналу TOK_TALK
  • Пётра Рудкоўскі, філёзаф, палітычны аналітык
  • Леся Руднік, паліталягіня, дырэктарка Цэнтру новых ідэяў
  • Максім Самарукаў, палітоляг, навуковы супрацоўнік Бэрлінскага цэнтру Карнэгі па вывучэньні Расеі і Эўразіі
  • Павал Сьлюнькін, экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносін, былы супрацоўнік упраўленьня Эўропы ў МЗС Беларусі
  • Яўгенія Сугак, журналістка, аўтарка грамадзка-палітычных Youtube-праектаў «Мне тоже не нравится» i «Часики тикают»
  • Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, паліталягіня
  • Аляксандар Фрыдман, гісторык, палітычны аналітык
  • Віталь Цыганкоў, журналіст Радыё Свабода і вядучы праграмы «Двубой» на Белсаце
  • Кацярына Шмаціна, паліталагіня, дасьледчыца Вірджынскага політэхнічнага ўнівэрсытэту ў Вашынгтоне
  • Руслан Шошын, журналіст польскай газэты «Rzeczpospolita»
  • Арцём Шрайбман, палітычны аналітык, кіраўнік дасьледнага цэнтру Sense Analytics, запрошаны экспэрт Бэрлінскага цэнтру Карнегі па вывучэньні Расеі і Эўразіі
  • Вітальд Юраш, журналіст парталу Onet.pl, былы часовы павераны Польшчы ў Беларусі
  • Віціс Юрконіс, палітоляг, кіраўнік літоўскага аддзяленьня міжнароднай арганізацыі Freedom House

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG