Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расстрэльвалі службоўцаў, рэктараў, работнікаў саўгасаў». Ня толькі літаратары. Хто яшчэ стаў ахвярай «чорнай ночы»


«Ноч расстраляных паэтаў» у Вільні ў 2023 годзе, архіўнае фота
«Ноч расстраляных паэтаў» у Вільні ў 2023 годзе, архіўнае фота

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году ў Менску былі расстраляныя больш за 110 прадстаўнікаў творчай і навуковай інтэлігенцыі, супрацоўнікаў наркаматаў, партыйных работнікаў. Добра вядомыя імёны 22-х расстраляных літаратараў. А хто астатнія 90?

Дзякуючы акцыі «Ноч расстраляных паэтаў», якая ўпершыню прайшла ў Курапатах у 2017 годзе, а цяпер праводзіцца ў многіх краінах сьвету, дзе апынуліся беларусы, шырокай грамадзкасьці сталі вядомыя імёны Тодара Кляшторнага, Платона Галавача, Алеся Дудара, Міхася Зарэцкага, Мойшэ Кульбака, Валера Маракова, Юлія Таўбіна, Міхася Чарота ды іншых беларускіх літаратараў, якія сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў.

Але ў тую «чорную ноч» былі расстраляныя яшчэ каля 90 беларускіх дзяржаўных дзеячоў, партыйных работнікаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі — ад генэральнага пракурора, наркамаў юстыцыі, асьветы, саўгасаў, высокапастаўленых вайскоўцаў да навукоўцаў, рэктараў ВНУ і шараговых студэнтаў.

У 2006 годзе выйшла кніга вядомага дасьледніка сталінскіх рэпрэсіяў Леаніда Маракова «Толькі адна ноч». У ёй 200 старонак, аповеды пра кожную ахвяру з дакумэнтамі й цытатамі, а таксама цэлы разьдзел пра катаў і выканаўцаў пад назовам «Яны вынішчалі нашых продкаў».

Леанід Маракоў — пляменьнік расстралянага ў тую «чорную ноч» паэта Валера Маракова.

Пагаварылі з гісторыкам, дасьледнікам пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў, дырэктарам Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Ігарам Станкевічам.

«Расстрэлы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году былі ня самыя масавыя»

Навуковец зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі, у адрозьненьне, скажам, ад Расеі, ніколі не было Дня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Таму ён вельмі ўдзячны арганізатарам акцыі «Ночы (не)расстраляых паэтаў», якія вярнулі тэму рэпрэсаваных у публічную прастару. Станкевіч адзначае, што сьпіс рэпрэсаваных і расстраляных паэтаў, пісьменьнікаў (а іх было 22) выклікае больш эмацыйную рэакцыю, аднак разам зь імі былі расстраляныя дзясяткі іншых людзей. І заўважае, што насамрэч расстрэлы ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году былі ня самыя масавыя.

Ігар Станкевіч
Ігар Станкевіч

«Вялікі тэрор» пачаўся ў канцы ліпеня 1937 года з сакрэтнага загаду № 00447 народнага камісара ўнутраных справаў СССР Мікалая Яжова. Загад быў скіраваны супраць так званых «антысавецкіх элемэнтаў». «Чэкісты» прыдумлялі тады розныя няісныя арганізацыі, куды папросту «запісвалі» людзей.

Беларускі сьпіс быў зацьверджаны ў канцы верасьня самім Сталіным, у ім спачатку былі 103 чалавекі, пазьней мясцовыя аддзелы НКВД дадалі новых ахвяраў«, — тлумачыць Ігар Станкевіч.

У тым сьпісе было шмат людзей, якія працавалі ў розных наркаматах (міністэрствах) — асьветы, земляробства, саўгасаў, юстыцыі, гандлю. Гэта, на думку дасьледніка Ігара Станкевіча, быў працяг распачатай ў ліпеніі кампаніі супраць ураду БССР. Адной зь першых ахвяраў стаў кіраўнік ураду Мікалай Галадзед. Ён быў арыштаваны 14 ліпеня 1937 году, а падчас сьледзтва скочыў у вакно з 5 паверху будынку НКВД і забіўся насьмерць.

«За гэты выпадак — халатнасьць і недагляд — некалькі супрацоўнікаў НКУС былі пакараныя і звольненыя з службы. Значыць, калі ў ліпені 1937 году з Галадзеда зьдзекаваліся і давялі яго да такога адчайнага стану, гэта было яшчэ незаконна. А ў верасьні „чэкістам“ дазволілі ўсе мэтады фізычнага і маральнага ўзьдзеяньня: пачаліся катаваньні, людзей білі», — кажа Ігар Станкевіч.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах у 2020 годзе
«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах у 2020 годзе

Ад рэктараў ВНУ да шараговых студэнтаў

Сярод расстраляных у тую «чорную ноч» былі Максім Ляўкоў — наркам (народны камісар — адпаведнік міністра) юстыцыі і генэральны пракурор БССР; Аляксандар Варончанка — наркам асьветы і некалькі ягоных намесьнікаў; Андрэй Турлай — наркам саўгасаў.

«Я думаю, што бальшыня расстраляных у тую ноч былі „веруючымі камуністамі“ — у тым ліку і паэты, якія нярэдка шчыра прызнаваліся ў гэтым. Калі казаць пра літаратараў, то менавіта ў тую ноч улада паставіла тлустую крывавую кропку на беларускім адраджэньні», — разважае Ігар Станкевіч.

Тут можна згадаць ня толькі паэтаў, пісьменьнікаў, але і, да прыкладу, прафэсара-фізыка Яўгена Ўсьпенскага, які працаваў спачатку ў Гомельскім пэдагагічным інстытуце, а потым выкладаў квантавую тэорыю ядра атама ў БДУ па-беларуску, вучонага-аграхіміка Рыгора Пратасеню ды іншых выкладчыкаў ВНУ. Былі расстраляныя тагачасны рэктар БДУ Анані Дзьякаў, былы рэктар БДУ Язэп Каранеўскі, які з 1932 году працаваў намесьнікам дырэктара Інстытуту чырвонай прафэсуры ў Маскве. Каранеўскага затрымалі ў Маскве разам з жонкай і прывезьлі ў Менск. У сьпісе расстраляных быў і студэнт 5 курсу гістфаку Саламон Лямпэрт.

«У 1937-м расстрэльвалі за падзеж жывёлы»

У сьпісе расстраляных у тую крывавую ноч — шмат людзей, зьвязаных зь Віцебскім вэтэрынарным інстытутам або Віцебскай вэтэрынарнай лябараторыяй, заўважае гісторык Ігар Станкевіч.

«Не да канца зразумела, што тады адбылося. Хутчэй за ўсё, дывэрсіяй тады лічыўся падзеж жывёлы: коней, кароваў, сьвіней. Шмат людзей (уключна з дырэктарам конесаўгаса № 120, былым намесьнікам наркама земляробства Георгіем Стрэле) атрымалі тады кулю ў патыліцу. Прычым усіх іх прывезьлі зь Віцебску ў Менск. Так што ў 1937-м за паморак жывёлы расстрэльвалі. А цяпер толькі палохаюць звальненьнямі ці турмой», — сумна іранізуе гісторык Ігар Станкевіч.

Шмат каго з гэтага сьпісу асудзіла Ваенная калегія Вярхоўнага суду Савецкага Саюзу, а такая працэдура не прадугледжвала апэляцыі, аспрэчваньня прысуду. І сьмяротны вырак выконвалі калі ня ў той жа дзень, то на наступны. Таму калі 28 і 29 кастрычніка ім выносілі прысуд, то ў ноч з 29 на 30 кастрычніка іх ужо расстрэльвалі.

Дасьледнік Ігар Станкевіч адзначае, што тады тэрор толькі набіраў абароты. Пік расстрэлаў у Беларусі прыйшоўся на сьнежань 1937 — студзень 1938 году. А ўся апэрацыя масавага вынішчэньня інтэлігенцыі доўжылася крыху больш за год.

«Цяжка сказаць, дзе адбываліся расстрэлы і дзе ахвяры пахаваныя»

Што тычыцца месцаў расстрэлаў і пахаваньняў людзей, то ёсьць вялікае пытаньне, дзе каго забівалі і дзе каго хавалі.

«Дакумэнтаў, каго расстралялі ў Менскім турэмным замку, каго ўва ўнутранай турме НКВД, я ня бачыў. Цяжка сказаць, дзе адбываліся забойствы і дзе ахвяры пахаваныя. Лічыцца, што большасьць усё ж такі ў Курапатах, але людзей хавалі яшчэ ў парку Чалюскінцаў, у Лошыцкім Яры, хтосьці з дасьледнікаў называе Трасьцянец, Благаўшчыну... Але цяпер шмат якія месцы перакопваюць лукашысты і выдаюць іх за месцы генацыду беларускага народу ў часе Другой усясьветнай вайны», — кажа Ігар Станкевіч.

Сёлета «Ноч памяці» чацьверты раз запар праходзіць пераважна за мяжой. З раскладам акцыяў памяці у розных гарадах сьвету можна азнаёміцца тут.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG