Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвіцьцё «справы SoftClub»: затрымалі топ-мэнэджэраў «Цэптар Банку» — «Наша Ніва»


Zepter Bank, Менск. Фота з сайту myfin.by
Zepter Bank, Менск. Фота з сайту myfin.by

Абрастае новымі фігурантамі крымінальная «справа SoftClub»: сілавікі пачалі рэйды па банках і ўжо арыштавалі кіраўнікоў як найменей аднаго прыватнага банку, піша «Наша Ніва».

Як стала вядома «Нашай Ніве», у рамках расьсьледаваньня крымінальных справаў супраць заснавальніка «SoftClub» Уладзіміра Сіроткі і іншых мэнэджэраў кампаніі (у тым ліку сына Сіроткі), Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў правёў ператрусы ў кіраўнікоў прыватнага Цэптар Банку і арыштаваў старшыню праўленьня банку Аляксандра Ігнатава, а таксама аднаго зь ягоных намесьнікаў.

Арышты адбыліся ў пачатку тыдня. Аляксандар Ігнатаў апошні раз быў у мэсэнджэрах 26 кастрычніка.

Цэптар Банк — гэта невялікі камэрцыйны банк. Ён належыць швайцарскаму холдынгу. Тры кварталы сёлетняга году банк скончыў з 4 мільёнамі рублёў прыбытку. Аляксандар Ігнатаў узначальвае яго ад 2023 году, да таго працаваў у Трастбанку, Франсабанку і Статусбанку, кар’еру пачынаў у Нацбанку.

У панядзелак, 27 кастрычніка, беларускія СМІ паведамілі пра «зьнікненьне» некалькіх топ-мэнэджэраў кампаніі SoftClub, уключаючы Ўладзіміра Сіротку, у мэсэнджэрах ён апошні раз зьяўляўся онлайн у чацьвер 23 кастрычніка.

Крыніцы СМІ мяркуюць, што да топаў маглі ўзьнікнуць пытаньні, зьвязаныя з падаткамі і «вывадам капіталу з краіны».

  • Кампанія «SoftClub» была заснаваная ў 1993 годзе і займаецца распрацоўкай праграмных рашэньняў для банкаў, фінансавых кампаній, электроннага гандлю і біржавай галіны. Акрамя Беларусі, кампанія мае офісы ў Літве, Казахстане, Туркмэністане, Узбэкістане і іншых краінах. У ёй працуе каля 1000 чалавек, зь іх каля 600 — у беларускіх юрыдычных асобах. Гэта адна зь дзесяці найбуйнейшых беларускіх ІТ-кампаній.
  • У канцы 2024 года ў беларускіх юрыдычных асоб кампаніяў «SoftClub» і «SoftClub цэнтру распрацоўкі» зьмянілася форма ўласнасьці: мажарытарным акцыянэрам абедзьвюх стала казахстанская холдынгавая кампанія «Эсігруп кз лтд», на карысьць якой выплачваліся дывідэнды.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG