Як зрэагуе Лукашэнка на патрабаваньне амэрыканскага боку перадухіліць інцыдэнты з аэрастатамі супраць Літвы? Якія ўмовы «вялікай ўгоды», якую намагаецца заключыць Лукашэнка? Ці адкрыюцца новыя дарогі ў ЭЗ для беларусаў? Гэта абмяркоўваюць польскі журналіст Міхал Патоцкі і беларускі аналітык Вадзім Мажэйка.
0:54 — Чаму Польшча гатовая адкрыць у лістападзе пераходы на мяжы зь Беларусьсю ў «Баброўніках» і «Кузьніцы»?
6:49 — Адкуль дысананс у рашэньнях Літвы і Польшчы?
16:29 — Адкрыцьцё памежных пераходаў з Польшчай — ці гэта тая цана, якую плацяць за будучае палітвязьня Пачобута?
23:41 — Ці прыслухаецца Лукашэнка да гэтага патрабаваньня дарадцы прэзыдэнта ЗША?
32:15 — Якія інтарэсы Расеі ў беларускім памежным крызісе?
39:40 — Чые інтарэсы абараняюць беларускія дэмакратычныя сілы ў выгнаньні — Эўразьвязу ці беларусаў у Беларусі?
43:12 — Ці зьвязаная заява прэм’ера Польшчы Туска зь мігранцкім крызісам?
Тут фрагмэнт размовы:
«Магчыма гэта зьвязана з прагрэсам у перамовах па вызваленьні Пачобута»
— Польшча гатова адкрыць у лістападзе яшчэ два пераходы на мяжы зь Беларусьсю — у «Баброўніках» і «Кузьніцы», заявіў кіраўнік польскага ўраду Дональд Туск. З чым зьвязана рашэньне польскага боку?
Міхал Патоцкі: Гэта выглядае крыху непасьлядоўна, калі шчыра, таму што мы толькі што ў верасьні зачынялі мяжу. Гэта было зроблена ня толькі праз тое, што адбываліся вучэньні «Захад-2025», тады міністар унутраных спраў Польшчы казаў пра тое, што гэта зьвязана ўвогуле з сытуацыяй зь бясьпекай на польска-беларускай мяжы. Літва літаральна толькі што прыняла рашэньне зачыніць мяжу з Беларусьсю праз гэтыя мэтэзонды, а тут выступае прэм’ер-міністар Польшчы і кажа зусім наадварот, што мы гатовыя адчыніць у лістападзе два пераходы. Магчыма гэта зьвязана зь нейкім прагрэсам у перамовах па вызваленьні Анджэя Пачобута, таму што якраз вызваленьне Анджэя Пачобута было ці ёсьць адной з перадумоў магчымай памяркоўнай нармалізацыі адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю. Але гэта гіпатэтычна пакуль, бо ўчора прэмʼер-міністр Туск нічога пра тое не сказаў. Я так разумею, што нейкі прагрэс павінен быць, таму што іншых прычынаў для такога рашэньня я проста ня бачу ўвогуле.
Вадзім Мажэйка: Калі ўлады Польшчы хочуць быць пасьлядоўнымі, то ў дадзеным выпадку яны будуць зацікаўленыя дачакацца відавочных зрухаў зь беларускага боку. Мы бачылі ранейшую сытуацыю з закрыцьцём польскім бокам беларуска-польскай мяжы, дзе відавочнай была апэляцыя да кітайскага пасярэдніцтва. Кітайскае пасярэдніцтва адбылося. Польшча мяжу адкрыла, але ніякіх відавочных зрухаў не адбылося. Сапраўды мы бачым зьмяншэньне колькасьці інцыдэнтаў на мяжы, зьвязаных са штучнай міграцыяй, але ў мяне адчуваньне, што гэтае зьмяншэньне зьвязана з сезоннасьцю. Мы разумеем, што па лясах і балотах паміж Польшчай і Беларусьсю значна камфортней было хадзіць два месяцы таму, чым сёньня. Гэта можа быць не зьвязана з палітычным кантэкстам, гэта можа быць проста натуральнай зьявай. Сапраўды хочацца чакаць ад рэжыму Лукашэнкі крокаў насустрач, і спадзяюся, што калі Польшча такія заявы робіць, то мае нейкую ўпэўненасьць адносна крокаў Менску. Сам факт таго, што больш беларусаў змогуць перасякаць мяжу, я кажу менавіта пра фізыічных асобаў найперш, гэта безумоўна пазытыўная навіна, бо гэта стратэгічна для праэўрапейскіх настрояў у Беларусі.
— Сёньня ўрад Літвы прыняў рашэньне закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц, забарона будзе дзейнічаць да 30 лістапада з магчымасьцю падаўжэньня. Чаму такі дысананс у рашэньні дзьвюх краінаў ЭЗ?
Міхал Патоцкі: Польшча і Літва заўсёды каардынавалі такія крокі. Напрыклад, калі да Беларусі пасьля пасьля бунту Яўгена Прыгожына прыехалі вагнэраўцы, тады палякі з літоўцамі і латышамі) размаўлялі пра тое, каб разам зачыніць мяжу з Беларусьсю. У панядзелак літоўцы кажуць, што будзем закрываць мяжу, а ў аўторак прэмʼер-міністар Польшчы кажа, што мы будзем адкрываць мяжу. Гэтая непасьлядоўнасьць гаворыць пра тое, што там нешта адбываецца яшчэ, акрамя таго, што звычайна адбывалася. Літаральна тыдзень таму ў Польшчы быў міністар унутраных спраў Літвы Ўладзіслаў Кандратовіч, зь якім журналісты, нашы палітыкі размаўлялі ў тым ліку пра бясьпеку. Значыць, каардынацыя ідзе. А калі мы бачым гэтую непасьлядоўнасьць паміж дзеяньнямі Польшчы і Літвы, значыць, што нешта там адбываецца пад дываном, як кажуць.
Вадзім Мажэйка: Адносіны Літвы і Польшчы самі па сабе досыць няпростыя. Нядаўна былі скандалы, якія тычыліся выказваньняў літоўскіх чыноўнікаў адносна адукацыі на мовах нацыянальных меншасьцяў. У кантэксьце Літвы гэта ў тым ліку польская мова. Магчыма, сапраўды ёсьць нейкія ўнутраныя разыходжаньні. Але я дапускаю цалкам іншае тлумачэньне, якое акурат упісваецца ў візыт спадара Кандратовіча. Умоўна кажучы, спачатку Польшча выконвае ролю дрэннага паліцыянта, які закрывае мяжу, а Літва — добры паліцыянт. А потым наадварот, Літва — дрэнны, а Польшча — добры паліцыянт. То бок можна дапусьціць, што ёсьць дамоўленасьць, каб у розныя часы разьмяркоўваць ролі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум