Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не хачу, каб стала сорамна, што я чагосьці не зрабіў». Беларус з TikTok-відэа — пра гатоўнасьць ваяваць за Польшчу


Каляж
Каляж

Больш за 700 тысяч праглядаў у TikTok польскага выданьня onet набрала відэа, дзе два беларусы адказваюць на пытаньне, ці гатовыя яны ваяваць за Польшчу. Адзін зь іх адказвае станоўча і тлумачыць гэта тым, што ўжо згубіў адну радзіму — Беларусь — і не хоча губляць другую.

Свабода знайшла гэтага чалавека і распытала яго пра матывацыю ваяваць за Польшчу.

Вячаслаў нарадзіўся ў Менску. У 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, тройчы быў арыштаваны і ў 2021 годзе вымушана з’ехаў зь Беларусі ў Польшчу. Там вывучыў мову, скончыў унівэрсытэт, працуе.

Днямі Вячаслаў з сябрам ішоў з мацоўні, калі журналістка польскага інтэрнэт-выданьня onet.pl падышла з пытаньнем пра іх адносіны да вайсковай службы, ці гатовыя яны пайсьці на яе.

«Мы адказалі. Я нічога не чакаў. А потым мне сябар скідвае гэтае відэа. Так неспадзеўкі гэтая папулярнасьць мне на галаву трапіла», — кажа Вячаслаў.

Ён тлумачыць, чаму сапраўды гатовы бараніць Польшчу ў выпадку вайны.

«Няма, мне падаецца, нармальных людзей, якія хочуць вайны, але падзеі апошніх гадоў перад усімі намі ставяць гэта пытаньне наконт вайны, і я для сябе вырашыў».

Інтэрвію Вячаслава глядзіце тут

Вячаслаў называе некалькі прычын «за» і толькі адну супраць.

«Па-першае, я выехаў з Беларусі ў 2021 годзе, згубіў проста ўсё, што ў мяне было. Усё жыцьцё засталося там. Пачаў будаваць [яго] наноў тут, у Польшчы. Пра гэтую краіну я раней ня ведаў амаль нічога, таму што я ніколі ў Польшчы ня быў. У мяне няма польскіх каранёў, я не валодаў польскай мовай. Але тут я пазнаёміўся з цудоўнымі добразычлівым і вельмі шчырымі людзьмі. Я пазнаў краіну, пазнаў культуру, мову. Першая эміграцыя мне далася вельмі цяжка, таму я не гатовы пачынаць, дзе-небудзь яшчэ, і таму ў выпадку вайны я гатовы пайсьці [ваяваць].

Па-другое, усе мы ведаем, з кім бы гэта магчымая вайна адбылася — мы кажам пра беларускі рэжым, а пра Расею — з гэтымі суб’ектамі ў мяне, як і ў некалькіх соцень тысяч беларусаў, засталіся незакрытыя рахункі.

Ну, а адзіная прычына „супраць“ ісьці на вайну — гэта, вядома, страшна паміраць, але, як гаворыцца, сьмелы памірае толькі адзін раз, а баязьлівец памірае кожны дзень».

Вячаслаў
Вячаслаў

Беларус кажа, што яму ня сорамна за 2020 год:

«Я ня выехаў з пачуцьцём, што я чагосьці не дарабіў, што я забаяўся — я выходзіў, я змагаўся. Таму я не хачу, каб у маёй будучыні наступіў той момант, калі мне стане сорамна, што я чагосьці не зрабіў».

Магчымасьць вайны ў Эўропе, у тым ліку і ядзернай, Вячаслаў цалкам дапускае:

«Калі адбылося поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну, я лічыў, што гэта немагчыма, таму што ёсьць нейкія рацыянальныя прычыны, якія стрымаюць Расію, і гэтак далей. А калі пачалася вайна, гэта мяне шакавала. Таму я лічу ўсё, што заўгодна можа адбыцца».

Вячаслаў кажа, што вельмі ўдзячны Польшчы за тое, што яна ветліва і шчыра адкрылася для беларускіх уцекачоў, якія патрабавалі на той момант дапамогі.

«Я ў Беларусі ня быў ужо амаль пяць гадоў. Я адчуваю, як я адрываюся — можа, я не адрываюся ад беларушчыны, але вось ад самой краіны адрываюся. Я гляджу на здымкі, як дрэвы маленькія былі каля маёй школы, а цяпер ужо велічэзныя вышэй, за апошні паверх. Таму ў пэўным сэнсе так, я Беларусь страціў і, напэўна, калі я вярнуся ў Беларусь, спатрэбіцца нейкі яшчэ пэрыяд, калі я буду прывыкаць, наноў адкрываць для сябе Беларусь.

А што да другога дома, насамрэч я ўжо чую, што цяпер і пакуль Польшча стала маім домам. Я гэта ўсьвядоміў, калі я выехаў з Польшчы ў Чэхію і потым вяртаўся. І я адчуў, ведаеце, што я еду дамоў, што ўжо нарэшце, што вось ёсьць нейкае месца, якое я магу назваць сваім домам. І тады я ўсьвядоміў.

Мне падаецца, гэта ў Караткевіча было, што я пазнаў свой дом, калі выйшаў за яго муры. І гэта тычыцца і Беларусі, і Польшчы. Калі я так зьехаў з Беларусі, я настолькі глыбока ўсьвядоміў сабе, наколькі я яе люблю. Так і з Польшчай. Калі я выехаў з Польшчы і потым вяртаўся, зразумеў, наколькі я ўжо прывык і наколькі я палюбіў Польшчу. Таму я абяцаю ўсім, хто ня верыць: не дай Бог, каб гэтае здарылася, але ў выпадку чаго, вядома, што застаецца толькі бараніць тое, што мы любім».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG