На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
— Якія былі найбольш важныя падзеі ў Беларусі ў 2024 годзе?
Карбалевіч: Я б вылучыў пяць падзеяў, працэсаў, якія былі найбольш важнымі і найбольш моцна паўплывалі на ўсё грамадзка-палітычнае жыцьцё.
Першае — палітычныя рэпрэсіі. Яны працягваліся і нават узмацніліся, распаўсюджваліся на новыя сацыяльныя групы, на новыя дзеяньні (было крыміналізавана, напрыклад, атрыманьне данатаў).
Другая падзея, якую я б адзначыў, — гэта пачатак датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў. Да апошняга гадалі, спрачаліся, ці будзе Лукашэнка ў іх удзельнічаць, ці пачынаецца транзыт улады. Сваім удзелам Лукашэнка зьняў усе пытаньні і закрыў гэтую тэму.
Трэцяя падзея, дакладней, працэс, — гэта 7 хваляў памілаваньня палітвязьняў, агулам каля 200 чалавек. І гэта новая зьява. Гэта азначае, што сытуацыя для рэжыму трохі дыскамфортная, і ён хацеў бы намацаць нейкі плян Б, нейкі запасны варыянт.
Чацьвёртая падзея — тое, што адбылося з Усебеларускім народным сходам. Многія чакалі, што ён можа стаць новым цэнтрам улады. Ну, а высьветлілася, што гэта ня так, што гэты орган проста замарозілі і адсунулі ўбок — можа, да нейкіх лепшых часоў.
Нарэшце, пятая падзея — гэта тое, як Расея выкарыстоўвала Беларусь дзеля таго, каб пужаць Захад нейкімі ваеннымі пагрозамі. Сёлета Ўладзімір Пуцін двойчы прыяжджаў у Беларусь. Першы раз у траўні, і гэта супала з вучэньнямі па выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі, якія праходзілі ў Беларусі і ў Расеі. Другі раз ён быў у сьнежні, і было абвешчана, што Расея разьмесьціць у Беларусі ў 2025 годзе ракеты сярэдняй далёкасьці «Арэшнік». Гэта азначае, што Беларусь усё больш ангажаваная ў расейскія вайсковыя пляны і выкарыстоўваецца дзеля таго, каб палохаць Захад.
Цыганкоў: Сярод найбольш важных падзеяў году ў Беларусі я б адзначыў палёты баявых дронаў над яе тэрыторыяй. Гэта важная падзея, якую дзяржаўная прапаганда спрабуе ігнараваць ці прыглушаць. І ясна чаму. Таму што гэта разбурае галоўны наратыў Лукашэнкі пра мірнае неба над галавой. Аказваецца, над беларусамі лятаюць дроны, прытым невядома адкуль, як заяўляе прапаганда,— ці яны расейскія, ці яны ўкраінскія. Хоць зразумела, што яны пераважна расейскія і даводзіцца падымаць у паветра самалёты, зьбіваць гэтыя дроны, і невядома яшчэ, на каго яны могуць упасьці і якую шкоду ўчыніць.
Другая тэма — гэта зьмена ядзернай дактрыны Расеі, у якой узгадваецца Беларусь. Цяпер нават няядзерны напад на Беларусь Расея будзе лічыць падставай для выкарыстаньня ядзернай зброі ў адказ.
Таксама важнай была дынаміка мігранцкага крызісу. Мы пра яго ў 2023 годзе ўжо забылі, але сёлета нам пра яго нагадалі. Летам 2024 году ён дасягнуў пэўнага піку, калі загінуў польскі памежнік ад рук мігранта. І гэта была, бадай, самая напружаная сытуацыя ў гэтым мігранцкім крызісе. Але потым адбылася пэўная дээскаляцыя.
Яшчэ як важную зьяву я б адзначыў рост рэальных даходаў насельніцтва. Ён склаў прыблізна 9–10%. Ён адбыўся на фоне рэзкага падзеньня даходаў у 2022 годзе, гэта рост аднаўляльны. Але такога значнага росту не прадказвалі ні незалежныя, ні, здаецца, праўладныя эканамісты.
Ну, і апошняя зьява — гэта выхад шэрагу беларускіх музычных альбомаў, які адбыўся сёлета па-за межамі Беларусі. Нашы самыя папулярныя гурты выдалі новыя альбомы, якія музычныя крытыкі ацанілі як беспрэцэдэнтныя, як, можа, самыя пасьпяховыя ў іх гісторыі.
Форум