Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«То пяльмені ўводзілі, то нешта накшталт шаўрмы». Чым кормяць дзяцей у школе


Школьнае харчаваньне, архіўнае фота
Школьнае харчаваньне, архіўнае фота

Лукашэнка зноў раскрытыкаваў школьнае харчаваньне. Свабода паглядзела, чым харчуюцца беларускія школьнікі і ці падабаецца ім гэтая ежа.

Лукашэнка на мінулым тыдні выказаўся пра школьнае харчаваньне. Абураўся тым, што школьнікі шмат не даядаюць і выкідаюць, казаў, што «атручваць няякаснай ежай» дзяцей і «абкрадаць» іх — злачынства.

Пасьля гэтага стала вядома, што за карупцыю затрымалі прадпрыемстваў, якое забясьпечвала харчаваньнем установы адукацыі.

«Ім бы хацелася бульбы фры і гамбургераў зь піццай»

Настаўніца адной з школаў Беларусі Марыя* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказала, што большасьць дзяцей харчуюцца ў школьнай сталоўцы, бывае, што і ўся кляса. З сабой дзеці прыносяць толькі дадатковыя перакусы. У буфэце дакупляюць найчасьцей сасіскі ў цесьце, смажанкі.

«Рэдкія такія клясы, дзе паўклясы не харчуюцца. Нармальна яны ядуць», — падзялілася досьведам яна.

З назіраньняў настаўніцы, шмат не даядаюць і выносяць найперш вучні малодшых клясаў. Падлеткі, якія раней маглі грэбаваць школьнай ежай, пачынаюць зьядаць усё, бо расьце арганізм і хочацца есьці.

«Дзеці заўсёды скардзяцца. Вядома, ім бы хацелася бульбы фры і гамбургераў зь піццай. Але гэта не здаровы лад жыцьця, ня пройдзе», — кажа яна.

З канкрэтных нараканьняў школьнікаў на ежу, якія яна чула: недасолена, перавараная макарона, астыў абед, пакуль раскладалі.

Беларус Зьміцер* (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказаў, што ягоныя дзеці харчуюцца ў школе, але шмат што не зьядаюць. Зрэшты, гэтыя ж стравы яны не ядуць і дома, бо ня любяць. На ягоную думку, дзяцей у школе кормяць разнастайна. Бацька адзначае, што дае з сабой дзецям слодычы на перакус, бо іх яны дакладна зьядуць.

«Бракуе кухараў»

У сацыяльных сетках у адказ на Лукашэнкаву крытыку школьнай ежы зьявілася шмат падобных камэнтароў: маўляў, бракуе спэцыяў, соўсаў, катлеты і запяканкі цьвёрдыя, ежа халодная, перасоленая ці недасоленая. Ёсьць думка, што ў школьным рацыёне так трымаюцца прынцыпаў здаровага харчаваньня, што ежа робіцца занадта прэснай і нясмачнай.

«Кухары кажуць, што гатуюць паводле тэхналягічных картаў і нічога ня могуць зьмяніць. Пытаньне да тэхнолягаў: чаму нельга распрацаваць смачную ежу?» — пішуць у сетках.

Людзі ўспаміналі часы, калі школы былі «прымацаваныя» да саўгасаў, тады, паводле іх, якасьць прадуктаў у школьных сталоўках была вышэйшая.

Адзін з бацькоў выказаў у сеціве супрацьлеглую думку: дзяцей дома кормяць ня надта здаровай ежай, прыкладам, сасіскамі ці чыпсамі з узмацняльнікамі смаку, таму потым яны адмаўляюцца есьці здаравейшую, але больш прэсную ежу ў школе.

«Дзеці цяпер, не паспытаўшы, адразу талеркі адносяць назад. Ім трэба сталоўку назваць KFC і карміць адпаведна. Бацькі самі прывучылі гадасьцю карміць. Ім цяпер сорамна простую ежу есьці», — мяркуе інтэрнэт-карыстальніца.

Былі і камэнтары, маўляў ў школе гатуюць смачна, кормяць нават шашлыком, але гэта дзеці сталі пераборлівыя і сытыя ў параўнаньні з «галоднымі» 1990-мі, калі ў Беларусі ўводзілі бясплатнае школьнае харчаваньне. Але такіх выказваньняў — на баку кухараў — у сетках менш.

У інтэрнэце ў адказ на крытыку Лукашэнкі зьвярнулі ўвагу на іншую праблему — брак кадраў у школьных сталоўках і малыя заробкі.

«А чаму не падымаюць пытаньне, што няма каму працаваць, бракуе кухараў, на пэнсіянэрах трымаецца сталоўка», — напісаў інтэрнэт-карыстальнік.

Адзін з камэнтатараў прызнаўся, што працуе кухарам у школе за 800 рублёў. Паводле сьпісу вакансіяў школьных кухараў, апублікаваным у інтэрнэце, ім гатовыя плаціць ад 700 рублёў (за 0,75 стаўкі) да 1400.

«То пяльмені ўводзілі, то нешта накшталт шаўрмы»

Праблему вялікай колькасьці адкідаў спрабуюць разьвязаць. Настаўніца Марыя адзначыла, што камбінат школьнага харчаваньня, які забясьпечвае школьнікаў абедамі, часта, «ледзь ня кожны тыдзень», праводзіць апытаньні, наколькі дзеці ежай задаволеныя, а што ў рацыёне варта памяняць.

«Яны глядзяць, што шмат адкідаў, таму стараюцца рэгуляваць. Яны то пяльмені ўводзілі, то кшталту шаўрмы. Зь незвычайнага даюць блінцы з тварагом, зь яблыкамі — дзеці ядуць», — кажа яна.

Новыя прадукты ў сёлетнім школьным рацыёне — салера і дайкон. Школьнае мэню складаецца больш як з 130 страваў. Аднак, паводле настаўніцы, асноўнымі складнікамі застаюцца смажаная ці вараная бульба, макарона, рыс, грэчка і нешта мясное.

«Бываюць нагетсы зь сьвініны, але дзеці іх ня любяць, бо, паводле нормаў, кухары ня могуць ані спэцыяў шмат дадаваць, ані солі. У іх, паводле іхных нейкіх стандартаў, дзіцячае мэню», — патлумачыла Марыя.

Настаўніца адзначыла, што пасьля Лукашэнкавай крытыкі школьнага харчаваньня вучняў зноў сталі апытваць, ці яны задаволеныя тым, чым іх кормяць.

У сацыяльных сетках некалькі чалавек пацьвердзілі, што такія апытаньні праводзяць сярод школьнікаў часта, але пасьля іх не заўважна асаблівых зьменаў.

За школьныя абеды выходзіць 60–85 рублёў у месяц

Адзін абед у школе каштуе прыкладна 3–3,7 рубля. У месяц выходзіць 60–85 рублёў, калі дзіця есьць адзін раз на дзень. Сёлета ў кастрычніку цэны на школьнае харчаваньне вырасьлі на 5%.

Бясплатна кормяць дзяцей з шматдзетных сем’яў, сем’яў з малым даходам, сіротаў, дзяцей з інваліднасьцю, вучняў спэцыялізаваных спартовых клясаў. Таксама бясплатныя сьняданкі для вучняў 1–4 клясаў і абеды для вучняў 5–11 клясаў у вёсцы.

Як паведамлялі дзяржаўныя сайты, у гэтым навучальным годзе бясплатна харчуюцца 65% школьнікаў у Менску. Бацькі рэшты вучняў аплочваюць толькі кошт прадуктаў, а дзяржава аплочвае прыгатаваньне абедаў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG