Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія прагнозы экспэртаў Свабоды на 2024 год спраўдзіліся


Лукашэнка падчас плэнарнага паседжаньня 29-га кліматычнага саміту ААН, 12 лістапада 2024. Баку, Азербайджан
Лукашэнка падчас плэнарнага паседжаньня 29-га кліматычнага саміту ААН, 12 лістапада 2024. Баку, Азербайджан

У канцы 2023 году мы задалі 18 экспэртам некалькі пытаньняў пра тое, чаго чакаць у Беларусі і сьвеце ў 2024 годзе.

Сёньня, у апошні дзень году, настаў час падвесьці вынікі і вызначыць, чые прагнозы аказаліся найбольш дакладнымі.

На нашы пытаньні адказвалі наступныя экспэрты:

  • Рыгор Астапеня, доктар палітычных навук, дырэктар па дасьледаваньнях у Цэнтры новых ідэяў (Варшава, Польшча);
  • Тацяна Ашуркевіч, палітычная аглядальніца;
  • Дзьмітры Балкунец, палітычны камэнтатар;
  • Філіп Біканаў, сацыёляг, удзельнік праекту «Беларускі трэкер пераменаў»;
  • Кацярына Глод, палітычная аналітык, супрацоўніца Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі (Лёндан, Вялікая Брытанія);
  • Валер Карбалевіч, палітычны аглядальнік Радыё Свабода;
  • Аляксандар Класкоўскі, палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва «Позірк»;
  • Генадзь Коршунаў, сацыёляг, дасьледнік Цэнтру новых ідэй;
  • Вераніка Лапуцька, паліталягіня, сузаснавальніца дасьледнага цэнтру EAST Center (Варшава, Польшча);
  • Вольга Лойка, галоўная рэдактарка выданьня Plan B;
  • Зьміцер Лукашук, рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі»;
  • Вадзім Мажэйка, доктар культуралёгіі, палітычны аналітык і кансультант, каардынатар майстэрні думак «Наша Візія»;
  • Марына Рахлей, паліталягіня, экспэртка Нямецкага фонду Маршала ЗША (Бэрлін, Нямеччына);
  • Леся Руднік, паліталягіня, кіраўніца Цэнтру новых ідэй (Варшава, Польшча), дактарантка паліталёгіі ва Ўнівэрсытэце Карлстаду (Швэцыя);
  • Яўгенія Сугак, журналістка, аўтарка грамадзка-палітычных Youtube-праектаў «Мне тоже не нравится» i «Часики тикают»;
  • Роза Турарбекава, паліталягіня, кандыдатка гістарычных навук;
  • Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік Радыё Свабода і вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце»;
  • Тацяна Чуліцкая, паліталягіня, экспэртка дасьледчага цэнтру BIPART.

На пачатку 2024 году іх адказы былі апублікаваныя:

Тады ж быў апублікаваны мой аналіз прагнозаў.

Глядзім, якія з прагнозаў і чаканьняў леташняга сьнежня спраўдзіліся ў 2024 годзе.

Які будзе курс рубля адносна даляра ЗША на канец 2024 году?

На 31 сьнежня 2023 году афіцыйны курс даляра паводле НББ складаў 3,1775 беларускага рубля. На 30 сьнежня 2024 году ён складаў 3,4301 рубля за даляр — рост на 8%.

12 з 18 экспэртаў прадказалі курс у інтэрвале 3,4–3,6 рубля, траціна ад усіх апытаных назвалі лічбу 3,5 рубля за даляр, найбольш дакладны прагноз даў Віталь Цыганкоў (3,45 рубля за даляр).

Які пад канец 2024 году будзе сярэдні заробак у даляравым эквіваленце?

Паводле Белстату, у лістападзе 2024 году намінальны сярэдні налічаны заробак па краіне склаў 2331,8 рубля. Паводле курсу Нацыянальнага банку на 30 лістапада, сёлета гэта 649 даляраў у эквіваленце — рост у параўнаньні зь лістападам 2023 году на 15 даляраў (на 2%).

Найбольш дакладны прагноз (650 даляраў) далі Рыгор Астапеня і Яўгенія Сугак. Прагноз, блізкі да сапраўднага сярэдняга заробку ў канцы 2024 году (ад 620 да 670 даляраў), далі Кацярына Глод, Валер Карбалевіч, Аляксандар Класкоўскі і Віталь Цыганкоў. Астатнія экспэрты прадказвалі пераважна меншыя лічбы сярэдняга заробку на канец году — у сярэднім 600 даляраў. Два экспэрты назвалі лічбу 700 даляраў.

Хто будзе прэм’ер-міністрам Беларусі ў сьнежні 2024 году?

У канцы сьнежня 2024 году кіраўніком ураду заставаўся Раман Галоўчанка. Ён дзясяты прэм’ер-міністар незалежнай Беларусі. У працягласьці знаходжаньня ў фатэлі прэм’ера Галоўчанка ўжо перасягнуў усіх сваіх папярэднікаў, акрамя Сяргея Сідорскага, які кіраваў урадам даўжэй за 7 гадоў.

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

У канцы 2023 году дзьве траціны экспэртаў, апытаных Свабодай, прадказвалі, што Галоўчанка захавае сваю пасаду і пад канец 2024 году. Двое меркавалі, што ўрад сёлета ўзначаліць Дзьмітры Круты. Насамрэч Круты стаў кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі.

Ці адбудуцца ў Беларусі ў 2024 годзе масавыя пратэсты, мірныя альбо нямірныя?

Масавых пратэстаў сёлета ў Беларусі не было.

Гэта напрыканцы мінулага году прадказвалі ўсе без выключэньня экспэрты, апытаныя Свабодай.

Колькі ў Беларусі будзе палітвязьняў у канцы 2024 году?

Паводле ацэнак праваабарончай супольнасьці, на канец сьнежня 2023 году ў Беларусі налічвалася 1477 палітзьняволеных. На 30 сьнежня 2024 году ў Беларусі, паводле праваабарончай супольнасьці, было 1265 палітвязьняў.

Збольшага экспэрты не чакалі істотнай зьмены колькасьці палітвязьняў у краіне. Мэдыянны прагноз іх колькасьці быў 1450. Палова апытаных лічыла, што палітвязьняў у канцы 2024 году будзе менш, палова — што больш. Даволі дакладны прагноз (1300) далі Зьміцер Лукашук, Марына Рахлей і Віталь Цыганкоў.

Ці ўступіць беларускае войска ў вайну ва Ўкраіне на баку Расеі на працягу 2024 году?

У 2024 годзе беларускае войска не ўступіла ў вайну ва Ўкраіне.

На працягу году, паводле заяваў афіцыйных асобаў, часткі беларускага войска перакідаліся бліжэй да мяжы з Украінай і адводзіліся ад яе, аднак гэтыя манэўры не ператварыліся ва ўдзел у баявых дзеяньнях.

Усе 18 экспэртаў у гэтым пытаньні далі правільны адказ. У канцы ж 2022 году прагноз, што беларускае войска не пашлюць ваяваць ва Ўкраіну ў 2023 годзе, даў толькі кожны другі экспэрт.

Ці ўчыняць расейскія войскі новы наземны напад на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі?

Новага расейскага наземнага нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі ў 2024 годзе не адбылося.

Ракетныя абстрэлы Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі, якія спыніліся ў кастрычніку 2022 году, не аднаўляліся да канца 2024 году. Сёлета не зьяўлялася зьвестак аб істотным павелічэньні кантынгенту расейскіх войскаў, разьмешчаных на тэрыторыі Беларусі.

Што новага расейскага нападу на Ўкраіну зь Беларусі ў 2024 годзе ня будзе, прадказалі ўсе 18 экспэртаў. У канцы 2022 году дзьве траціны экспэртаў меркавалі, што такі напад адбудзецца ў 2023 годзе. Аднак яго не было ні летась, ні сёлета.

Ці скончыцца ў 2024 годзе вайна Расеі з Украінай? Калі так, то чым яна скончыцца?

Вайна Расеі з Украінай у 2024 годзе ня скончылася. Баявыя дзеяньні распаўсюдзіліся на міжнародна прызнаную тэрыторыю РФ (УСУ занялі частку тэрыторыі Курскай вобласьці Расеі), у вайну ўступілі ўзброеныя злучэньні КНДР. З пачатку году расейскія войскі працягвалі наступ на ўсходзе Ўкраіны, заняўшы значныя тэрыторыі.

Амаль усе экспэрты (17 з 18-ці) далі правільны адказ, што вайна сёлета ня скончыцца.

Якой будзе яўка на парлямэнцкія і мясцовыя выбары ў лютым 2024 году?

Паводле інфармацыі ЦВК, яўка на парлямэнцкіх выбарах 2024 году склала 73,46%. З памылкай ня больш за 3 адсоткавыя пункты правільна прадказалі яўку на выбары ў Палату прадстаўнікоў Рыгор Астапеня, Тацяна Ашуркевіч, Дзьмітры Балкунец, Аляксандар Класкоўскі, Генадзь Коршунаў, Вольга Лойка, Леся Руднік і Тацяна Чуліцкая.

Колькі грамадзянаў Беларусі возьмуць удзел у выбарах чальцоў Каардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу?

У выбарах у Каардынацыйную раду трэцяга складу, якія прайшлі 25–27 траўня сёлета, узялі ўдзел 6723 чалавекі.

Найбольш дакладныя прагнозы (5 тысячаў) далі Філіп Біканаў і Леся Руднік. Блізкія да правільнага адказы (10 тысячаў) далі Тацяна Ашуркевіч, Аляксандар Класкоўскі і Яўгенія Сугак. Адна экспэртка дала вельмі нізкі прагноз — 250 чалавек. Астатнія назвалі лічбы, значна большыя за 6723, пераважна — дзясяткі тысяч.

Ці стане Аляксандар Лукашэнка старшынём Усебеларускага народнага сходу? Калі ня ён, то хто?

24 красавіка Ўсебеларускі народны сход новага скліканьня выбраў сваім старшынём Аляксандра Лукашэнку. Такі вынік прадказвалі ў канцы мінулага году дзьве траціны (12 з 18) экспэртаў, апытаных Свабодай. Чацьвёра экспэртаў меркавалі, што старшынёй УНС стане Натальля Качанава.

Колькі разоў на працягу 2024 году Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з Уладзімірам Пуціным?

Сёлета Лукашэнка і Пуцін сустракаліся 12 разоў (у 2023 годзе — 9 разоў, пазалетась — 12 разоў). Шэсьць разоў гэта былі асабістыя сустрэчы (пяць разоў у Расеі і адзін раз у Беларусі) і 6 разоў — сустрэчы ў межах самітаў міжнародных арганізацыяў.

На працягу году Пуцін двойчы наведаў Беларусь. Лукашэнка браў удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане (на ім Беларусь прынялі ў склад ШАС) і саміце BRICS у Казані, на якім Беларусь займела статус краіны – партнэра гэтай арганізацыі.

Дакладную колькасьць сёлетніх сустрэчаў Лукашэнкі і Пуціна назвалі Кацярына Глод, Генадзь Коршунаў, Вадзім Мажэйка і Яўгенія Сугак.

Ці будзе існаваць у канцы 2024 году Аб’яднаны пераходны кабінэт?

У канцы 2024 году Аб’яднаны пераходны кабінэт працягваў існаваць. На працягу году яго шэрагі пакінулі 4 сябры — Валер Сахашчык, Валер Кавалеўскі, Вольга Гарбунова і Аліна Коўшык. Зь першапачатковага складу Кабінэту, сфармаванага ў жніўні 2022 году, у яго складзе засталіся старшыня Сьвятлана Ціханоўская і яе намесьнік Павал Латушка. Пры гэтым сёлета чальцамі Кабінэту сталі Вадзім Кабанчук, Уладзімер Астапенка, Вольга Зазулінская, Маргарыта Ворыхава і Арцём Брухан.

Правільны прагноз — што АПК будзе існаваць і ў канцы 2024 году — далі 17 з 18 экспэртаў, апытаных Свабодай у сьнежні 2023 году.

Ці Аб’яднаны пераходны кабінэт выпусьціць і легалізуе «пашпарт Новай Беларусі»?

Праект «пашпарт Новай Беларусі» сёлета ня быў запушчаны. У 2024 годзе адбыўся скандал, зьвязаны з абвінавачаньнямі ў сувязях з рэжымам Лукашэнкі літоўскай фірмы, якой зьбіраліся замовіць друк «пашпартоў Новай Беларусі». Адказны за гэты праект у Аб’яднаным пераходным кабінэце Валер Кавалеўскі сёлета падаў у адстаўку з АПК і спыніў працу над праектам.

Правільны прагноз (што сёлета праект нават не пачне рэалізоўвацца) дала траціна экспэртаў: Філіп Біканаў, Дзьмітры Балкунец, Генадзь Коршунаў, Вадзім Мажэйка, Віталь Цыганкоў і Тацяна Чуліцкая. Пры гэтым большасьць экспэртаў (11 з 18) прагназавалі, што праект сёлета будзе запушчаны.

Ці адбудзецца ў 2024 годзе афіцыйная сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім?

Афіцыйнай сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай з Уладзімірам Зяленскім сёлета не адбылося. У 2024 годзе Ціханоўская не наведвала Ўкраіну.

Правільны прагноз — што такой сустрэчы сёлета не адбудзецца — далі 15 экспэртаў з 18.

Як зьменіцца колькасьць памежных пунктаў паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу (Польшчай, Літвой і Латвіяй)?

Першага сакавіка 2024 году Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы зь Беларусью — «Катлоўка» (зь літоўскага боку — «Лаварышкі») і «Прывалка» («Райгорад»).

На працягу году заставаліся адкрытымі 5 пунктаў пропуску на межах з краінамі Эўразьвязу:

  • з Латвіяй: «Грыгораўшчына» (з латвійскага боку — «Патэрніекі»);
  • зь Літвой: «Каменны Лог» (зь літоўскага боку — «Меднікі») і «Беняконі» («Салечнікі»);
  • з Польшчай: грузавы — «Казловічы» (з польскага боку — «Кукурыкі»), пасажырскі — «Берасьце» («Тарэспаль»).

Дакладнага адказу на гэтае пытаньні ня даў ніводзін з экспэртаў. Тое, што на працягу году будзе закрыты яшчэ адзін пункт пропуску, прадказвалі тры экспэрты, столькі ж — што колькасьць пунктаў пропуску на межах Беларусі з краінамі ЭЗ у 2024 годзе павялічыцца, 11 экспэртаў меркавалі, што ня зьменіцца.

Хто стане пераможцам літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця?

Ляўрэатам прэміі Гедройця сёлета стаў філёзаф Валянцін Акудовіч з кнігай «Трэба ўявіць Сызыфа шчасьлівым». Другую і трэцюю прэміі атрымалі адпаведна Ганна Янкута («Час пустазельля») і Зьміцер Бартосік («Забіць упалмінзага»).

Ніводзін з экспэртаў, апытаных Свабодай у сьнежні 2023 году, не назваў правільна імёны аўтараў, якія сёлета атрымалі прэмію Гедройця.

Якое месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі ў канцы 2024 году будзе займаць беларуска Арына Сабаленка?

У канцы 2024 году Арына Сабаленка заняла першае месца ў сусьветным рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. У канцы 2023 году яна займала ў гэтым рэйтынгу другое месца, у 2022 годзе — пятае, у 2021-м — другое.

Два экспэрты — Тацяна Ашуркевіч і Генадзь Коршунаў — дакладна прадказалі першае месца Сабаленкі ў рэйтынгу. Таксама Дзьмітры Балкунец правільна спрагназаваў, што Сабаленка трапіць у ТОП-3.

Хто стане наступным прэзыдэнтам ЗША?

Пераможцам сёлетніх прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША стаў кандыдат ад Рэспубліканскай партыі, экс-прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

Дональд Трамп
Дональд Трамп

Летась правільны прагноз дала палова апытаных экспэртаў — Рыгор Астапеня, Дзьмітры Балкунец, Кацярына Глод, Валер Карбалевіч, Аляксандар Класкоўскі, Вольга Лойка, Леся Руднік, Яўгенія Сугак і Віталь Цыганкоў.

Камэнтар Юрыя Дракахруста

Спраўдзіліся прагнозы, у якіх экспэрты, апытаныя Свабодай год таму, былі аднадушныя ці амаль аднадушныя.

Масавых пратэстаў у Беларусі сёлета не было, беларускае войска не ўступіла ў вайну, таксама не было і расейскага нападу на Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. Усе экспэрты без выключэньня прадказвалі, што так і будзе.

Таксама спраўдзіліся прагнозы, якія давала пераважная большасьць: вайна ва Ўкраіне ня скончылася і яе інтэнсіўнасьць ня зьнізілася ў параўнаньні з канцом 2023 году, дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сёлета не сустрэлася з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Хоць Аб’яднаны пераходны кабінэт сёлета страціў больш за палову сваіх сяброў (яго пакінулі 4 чалавекі), але на месцы тых, хто пайшоў, прыйшлі новыя асобы, і як інстытуцыя АПК захаваўся і ў канцы году, што і прадказвала большасьць экспэртаў.

Таксама спраўдзіліся прагнозы, якія давалі каля дзьвюх трацінаў — што Раман Галоўчанка захавае пасаду прэм’ер-міністра і што Лукашэнка зойме пасаду старшыні Ўсебеларускага народнага сходу новага скліканьня.

Прагнозы многіх аказаліся досыць дакладнымі адносна курсу даляра да беларускага рубля: 12 з 18 экспэртаў прадказалі курс у інтэрвале 3,4–3,6.

Мэдыянная ацэнка экспэртамі сярэдняга заробку на канец 2024 году складала 600 даляраў у эквіваленце. Насамрэч сярэдні заробак у лістападзе склаў 650 даляраў.

Недакладнымі ў цэлым аказаліся прагнозы колькасьці палітвязьняў на канец 2024 году. Мэдыянным прагнозам іх колькасьці было 1450 палітвязьняў, іншымі словамі, захаваньне іх колькасьці прыкладна на ўзроўні канца 2023 году. Насамрэч іх аказалася менш за 1300 чалавек — скарачэньне на 17% у параўнаньні са сьнежнем 2023 году.

Таксама экспэрты моцна памыліліся з ацэнкамі магчымай колькасьці ўдзельнікаў галасаваньня за дэлегатаў Каардынацыйнай рады. Пераважная іх большасьць меркавала, што ў гэтых выбарах будуць удзельнічаць дзясяткі тысяч беларусаў. Прагнозы, блізкія да сапраўднай колькасьці — 6723 — далі нямногія.

Толькі траціна экспэртаў спрагназавала, што праект «пашпарта новай Беларусі», ініцыяваны дэмакратычнымі сіламі, нават не пачне рэалізоўвацца. Амаль удвая большая колькасьць меркавала, што сёлета праект прынамсі будзе запушчаны.

Роўна палова экспэртаў дала правільны прагноз, хто будзе выбраны прэзыдэнтам ЗША: 9 экспэртаў назвалі Дональда Трампа. «Ракіроўку» Джо Байдэна і Камалы Гарыс у якасьці кандыдата ад Дэмакратычнай партыі не прадбачыў ніхто; сярод тых, хто не назваў Трампа, большасьць назвала Байдэна.

Найбольшую колькасьць дакладных прагнозаў на 2024 год (13) далі Дзьмітры Балкунец, Аляксандар Класкоўскі і Яўгенія Сугак. На другім месцы ў дакладнасьці (12) апынуліся Тацяна Ашуркевіч, Генадзь Коршунаў і Віталь Цыганкоў. На 11 пытаньняў далі дакладныя адказы Рыгор Астапеня, Валер Карбалевіч і Леся Руднік.

На пачатку 2025 году на сайце Свабоды — прагнозы экспэртаў наконт таго, што можа чакаць краіну і сьвет у новым годзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG