«Я буду курыраваць дзейнасьць рэспубліканскага і абласных штабоў. Мы будзем наўпрост працаваць з партыйным кіраўніцтвам па рэалізацыі рэспубліканскіх партыйных мерапрыемстваў», — расказаў Яраслаў Давыдзенка БЕЛТА.
Давыдзенку 19 гадоў, ён нарадзіўся ў Сьветлагорску. У 14 гадоў патрапіў у Моладзевы парлямэнт пры Сьветлагорскім раённым Савеце дэпутатаў. У 2023-м паступіў на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, на аддзяленьне паліталёгіі. З 2025 году — сябра Беларускай партыі «Белая Русь». Ад пачатку сёлетняга навучальнага году стаў кіраўніком вайскова-патрыятычнага выхаваньня і настаўнікам грамадазнаўства менскай школы № 91 імя Хасэ Марці.
25 ліпеня 2025 на пасяджэньні Вышэйшага палітычнага савету партыі «Белая Русь» было абвешчана аб стварэньні моладзевага партыйнага руху «Іскра». Сёньня ў менскім Доме моладзі праходзіць першае пасяджэньне руху. Старшыня «Белай Русі» Вольга Чамаданава заявіла, што моладзь будзе фармаваць кадравы рэзэрв для партыі і што «Іскра» ня будзе альтэрнатывай для ніводнай моладзевай арганізацыі.
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў лічыць, што хаця і «ёсьць нейкія паралелі з БРСМ, але гэтыя арганізацыі будуць ісьці кожная сваім шляхам, паколькі задача БРСМ — прыцягваць як мага больш моладзі і прышчапляць ёй пэўную ідэалёгію, а „Іскра“ ствараецца для маладых карʼерыстаў, для тых, хто зьбіраецца рабіць палітычную карʼеру. Калі параўноўваць з СССР — то гэта як бы маладыя члены партыі, бо ў камсамол уступалі фактычна ўсе, а ў члены партыі прымалі самых актыўных камсамольскіх дзеячоў».
Форум