Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі распачалі крымінальную справу супраць сьпявачкі Манетачкі. Яна расказвала пра свае беларускія карані


Манетачка (Лізавета Гырдымава)
Манетачка (Лізавета Гырдымава)

Пракуратура Масквы паведаміла аб адкрыцьці крымінальнай справы супраць расейскай сьпявачкі Манетачкі (Лізаветы Гырдымавай).

Яе абвінавацілі ў парушэньні заканадаўства аб замежных агентах. Сьпявачка зьехала з Расеі пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе.

Манетачка публікуе свае посты ў сацсетках без абавязковай для «замежнага агента» маркіроўкі. У яе відэакліпах таксама не паказваецца, што яна «замежны агент».

У паведамленьні пракуратуры гаворыцца, што крымінальная справа можа быць распачатая супраць расейскага пэдагога і блогеркі Тамары Эйдэльман. Яе западозрылі ў рэабілітацыі нацызму за крытыку Дня вайсковай славы Расеі.

Акрамя таго, крымінальная справа будзе заведзеная супраць актрысы Яны Траянавай. Яе абвінавацілі ва ўзбуджэньні нянавісьці і варожасьці ў дачыненьні да расейцаў за інтэрвію неназванаму тэлеканалу. Траянава рэзка крытыкуе расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

Распачаць крымінальныя справы супраць Манетачкі, Эйдэльман і Траянавай маскоўская пракуратура патрабавала яшчэ ў чэрвені. Усе тры абвінавачаныя раней былі ўнесеныя Міністэрствам юстыцыі РФ у сьпіс «замежных агентаў».

Паводле прад’яўленага артыкула Манетачцы можа пагражаць да двух гадоў пазбаўленьня волі. Паколькі яна пакінула Расею, прысуд могуць вынесьці завочна.

Нядаўна сьпявачка пабывала на шоў «О(б)суждаем», дзе расказала пра свае беларускія карані. «У маёй бабулі карані зь Беларусі. І яна заўсёды гэта падкрэсьлівае, любіць і заўсёды просіць перадаць гэта і ўдакладніць, што таксама да вас трохі належым. Яна ўсё жыцьцё гэтым ганарылася і мяне навучыла гэтым ганарыцца. Я вас люблю. Вы адна з найлепшых нацый на сьвеце», — адзначыла Лізавета Гырдымава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG