Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве памерла 18-гадовая беларуска, на лекаваньне якой зьбіралі грошы


Лізавета Брылеўская, фота з Інстаграму дабрачыннага фонду KinderVita
Лізавета Брылеўская, фота з Інстаграму дабрачыннага фонду KinderVita

Днямі ў Варшаве ад анкалягічнай хваробы памерла 18-гадовая беларуска Лізавета Брылеўская, для якой у траўні 2024 году зьбіралі грошы на лекаваньне, паведаміў дабрачынны фонд KinderVita.

«Шок, неразуменьне, спусташэньне — гэта толькі частка таго, што адчувае ўся наша каманда. Ліза змагалася да апошняга і верыла, што будзе здаровай, але лёс распарадзіўся інакш. Рак атакаваў так імкліва, што не пакінуў ніводнага шанцу на жыцьцё, хоць мы з вамі пасьпелі закрыць збор і верылі, што ўсё атрымаецца», — напісалі супрацоўнікі фонду.

Як паведамляе Hrodna.life, разьвітаньне зь Лізаветай Брылеўскай праходзіць сёньня, 3 ліпеня, у Горадні з 9:00 да 16:00 на праспэкце Касманаўтаў, 74А. У 18:00 пачнецца разьвітаньне ў царкве ў Радуні (Воранаўскі раён), яно працягнецца да 4 ліпеня. Лізавету пахаваюць на мясцовых могілках 4 ліпеня ў 16:00.

Як удакладняе выданьне, у Лізаветы з 2019 году было анкалягічнае захворваньне — саркома крыжава-копчыкавай вобласьці. У траўні 2024 году для яе быў арганізаваны збор у памеры 138 600 эўра. Гэтыя грошы былі неабходныя для лекаваньня ў нямецкай бальніцы Шарытэ. Сабраць суму ўдалося за тыдзень.

У Беларусі варыянтаў лекаваньня больш не было, а прайсьці шэсьць курсаў хіміятэрапіі ў Варшаўскім дзіцячым цэнтры здароўя дзяўчына не змагла, бо яе арганізм быў моцна аслаблены. На пачатку чэрвеня Лізе стала горш, і транспартаваньне з Варшавы ў Бэрлін стала немагчымым.

Сродкі, сабраныя на лячэньне Лізаветы, накіруюць на лекаваньне іншых падапечных дабрачыннага фонду KinderVita.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG