Лінкі ўнівэрсальнага доступу

200 эўра на 20 гадоў. Як на Падляшшы спрабуюць уратаваць магілы беларускіх дзеячаў


Экскурсія па праваслаўных могілках, дзе пахаваныя беларусы. Беласток
Экскурсія па праваслаўных могілках, дзе пахаваныя беларусы. Беласток

Расказваем, навошта актывісты ў Беластоку пачалі кампанію захаваньня магілаў беларускіх дзеячаў і што для гэтага неабходна зрабіць.

У Беластоку зьбіраюць грошы, каб зьберагчы пахаваньні беларускіх дзеячаў. Тэрмін арэнды магілаў скончыўся. Калі іх не працягнуць, помнікі могуць прыбраць і пахаваць у гэтым месцы іншых нябожчыкаў. Ініцыятар збору Аляксей Трубкін расказаў Свабодзе, навошта зьберагаць пахаваньні, колькі на гэта трэба грошай і хто з падляскіх беларусаў ёсьць на вядомым фота лідэраў БХД.

На Падляшшы, усходнім рэгіёне Польшчы, які цягам гісторыі належаў да розных дзяржаваў, спрадвеку жывуць этнічныя беларусы. Яны звычайна вызнавалі праваслаўе. На праваслаўных могілках і пры цэрквах дагэтуль захаваліся надпісы кірыліцай на помніках і крыжах. У Беластоку пахавана з паўтара дзясятка беларускіх дзеячаў з Таварыства беларускай школы, Беларускага камітэту, Беларускага грамадзка-культурнага таварыства, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.

У Польшчы, каб захаваць месца на могілках за чалавекам, трэба плаціць за арэнду месца. Некаторыя беларускія пахаваньні ўжо пратэрмінаваныя. Нашчадкаў няма або яны невядомыя, немагчыма заклікаць іх паклапаціцца пра лёс магілаў.

Пратэрмінаваная арэнда

Аляксей Трубкін паходзіць з Наваполацку, але ў Беластоку жыве амаль 20 гадоў. Ён дзеяч беларускай дыяспары на Падляшшы, аўтар праекту зьберажэньня пахаваньняў беларускіх дзеячаў на праваслаўных могілках Усіх сьвятых у Беластоку.

Аляксей Трубкін
Аляксей Трубкін

Як расказаў Свабодзе Аляксей, аб праблеме пахаваньняў ён даведаўся пяць гадоў таму, калі ўбачыў на помніках абвесткі аб завяршэньні арэнды месца пад пахаваньне. Сярод іх былі і магілы беларусаў. У паперы кіраўніцтва могілак прасіла адгукнуцца сваякоў нябожчыка.

«Кожны год на сьвяты яны абклейвалі ўсе неаплачаныя месцы», — кажа суразмоўца.

Такія абвесткі клеяць на надмагільлі, за якія пратэрмінавалі аплату
Такія абвесткі клеяць на надмагільлі, за якія пратэрмінавалі аплату

Арэнду месца пад пахаваньне ў Польшчы трэба рэгулярна аплочваць. Калі ёсьць запазычанасьць, у любы момант помнік могуць зьнесьці і пахаваць на гэтым месцы іншага нябожчыка, тлумачыць Аляксей. Сваякоў гэтых памерлых беларускіх дзеячаў не засталося або зь імі няма кантакту.

«Калі заваліцца помнік, ніхто ня будзе прыходзіць, яго прыбяруць. А на гэтым месцы пахаваюць кагосьці іншага. Гэта цалкам рэальны сцэнар. Сяргей Богуш пахаваны ў 1942 годзе, помнік гадоў 1960-х. Ён стаіць, але можна дакрануцца да яго і адчуць, што ён ужо не трывалы», — камэнтуе Трубкін.

Пакуль што на беластоцкіх праваслаўных могілках ставяцца да праблемы цярпліва і чакаюць пратэрмінаванай аплаты. Аднак быў выпадак, калі на каталіцкіх могілках пахавалі чалавека на месцы папярэдняга пахаваньня.

«Зьменіцца пробашч, і невядома, што будзе», — адзначае Трубкін.

Аляксей Трубкін праводзіць экскурсію па праваслаўных могілках у Беластоку
Аляксей Трубкін праводзіць экскурсію па праваслаўных могілках у Беластоку

Беларусы, якія прыяжджалі на могілкі на Дзяды, а таксама на экскурсіі, рэгулярна бачылі гэтыя абвесткі. Падляскія дзеячы абмяркоўвалі паміж сабой, як вырашыць пытаньне. Разьвязаньне яго ўпіралася ў час і грошы.

«У дваццатым годзе было трохі не да таго», — камэнтуе Аляксей.

«Беларусы тут не зусім чужыя»

Урэшце ў канцы 2024 году вырашылі арганізаваць збор грошай. Зьбіраюць 2650 эўра, каб аплаціць арэнду некалькіх месцаў пахаваньня на 20 гадоў наперад, а таксама кампэнсаваць пазыкі. Гэта пахаваньні Мікалая Чарнецкага, Сяргея Богуша і ягонай сям’і, Кастуся Кіслага і ягонай сям’і. Некаторыя магілы — на некалькі чалавек. Адно месца каштуе каля 200 эўра на 20 гадоў.

Лявон Богуш другі справа ўверсе. Беларускі хор, Беласток, 1943 год
Лявон Богуш другі справа ўверсе. Беларускі хор, Беласток, 1943 год

Аляксей Трубкін прызнаўся, што першапачаткова глядзеў на збор скептычна.

«Адна справа тое, што можна памацаць рукамі: кніжка, кружэлка або інтэрнэт-праект, які можна паглядзець. А тут... Я ня чуў, каб хтосьці зьбіраў на такое», — мяркуе Трубкін.

Ён адзначае, што пахаваньні — гэта справа, якой займаюцца адзінкі. Кіраўнік «Беларускай нацыянальнай памяці» Анатоль Міхнавец 15-20 гадоў таму езьдзіў па Эўропе і выяўляў месцы пахаваньня вядомых беларусаў. Нядаўна выйшла «Кніга могілак. Беларускія пахаваньні ў сьвеце» Натальлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, пералічвае суразмоўца.

Па стане на 12 лютага сабралі менш за палову неабходнай сумы — 1180 эўра. Асобнае пытаньне — замена надмагільляў, бо яны ўжо старыя. Аднак пакуль пра гэта гаворкі не ідзе. Таксама, на думку Аляксея, у будучыні варта было б зрабіць беларускамоўныя подпісы на помніках, бо такіх цяпер мала, зьмясьціць сьціслую інфармацыю пра людзей, якія шмат зрабілі для беларушчыны.

«Ці ёсьць хоць адна беларуская дошка ў Беластоку? Няма. А тут цэлыя помнікі, якія могуць быць ня толькі месцамі, дзе пахаваныя беларусы, што займаліся беларускай справай. Ёсьць яшчэ тры беларускія помнікі пакуль не вядомых асобаў, але калі прыкласьці высілкі, іх імёны могуць дапоўніць шэраг найбольш славутых мясцовых беларусаў», — кажа пра важнасьць ініцыятывы яе аўтар.

Надпіс на надмагільлі Мікалая Чарнецкага па-беларуску
Надпіс на надмагільлі Мікалая Чарнецкага па-беларуску

Ён адзначае, што цяпер беларусы добра калі ведаюць назвы беларускіх арганізацый, якія дзейнічалі на Беласточчыне, а ўжо імёны дзеячаў часам ня ведаюць нават гісторыкі. Старонкі ў Вікіпэдыі, дзе захоўваецца памяць, могуць выдаліць, мяркуе Аляксей. Таму, паводле яго, варта дбаць пра фізычныя месцы прысутнасьці беларусаў.

«Трэба захаваць, папулярызаваць. Тады яно застанецца і будзе. А то пасьля скажуць: вы ніхто і завуць вас ніяк. Прыехалі сюды, то дзякуй, да пабачэньня. А так можна сказаць, што беларусы тут былі, ёсьць і будуць, мясцовыя і прыежджыя. Што беларусы тут не зусім чужыя», — разважае Аляксей.

Колькі ўсяго пахаваньняў беларускіх дзеячаў на Беласточчыне, невядома.

«Калі ўзяць з 1930-х гадоў, гэта сотні людзей, якія былі ў ТБШ, Беларускім камітэце, Беларускім грамадзка-культурным таварыстве», — кажа Трубкін.

На ягоную думку, найбольш вядомых беларусаў, якія пахаваныя ў Беластоку, каля 15 чалавек. Гэта сын Ларысы Геніюш Юрка Геніюш, пісьменьнік і журналіст Мікола Гайдук, ксёндз Антон Лявош, які ёсьць на фота са сьвятарамі і лідэрамі БХД Адамам Станкевічам, Язэпам Германовічам, Вінцэнтам Гадлеўскім.

Лідэры БХД. Стаіць зьлева ксёндз Антон Лявош, сядзяць зьлева направа: Адам Станкевіч, Язэп Германовіч, Вінцэнт Гадлеўскі. Вільня, 1930-я гады
Лідэры БХД. Стаіць зьлева ксёндз Антон Лявош, сядзяць зьлева направа: Адам Станкевіч, Язэп Германовіч, Вінцэнт Гадлеўскі. Вільня, 1930-я гады

Музыка, пэдагог і тэатрал

Кастусь Кіслы

Бацька беларускага музыканта Кастуся Кіслага паходзіў са Слонімшчыны. Кастусь нарадзіўся пад Варшавай у 1898 годзе. У час Першай усясьветнай вайны жыў у Марыюпалі і Турэччыне. Там пазнаёміўся зь беларускім адраджэнскім рухам.

Кастусь Кіслы з жонкай і дачкой. 1930-я гады
Кастусь Кіслы з жонкай і дачкой. 1930-я гады

Пераехаў у Слонім, дзе арганізаваў царкоўны і сьвецкі хоры. У 1933 годзе пераехаў у Беласток. Арганізаваў і кіраваў школьным праваслаўным хорам, вёў сьвецкі хор Таварыства беларускай школы. Уводзіў у рэпэртуар беларускія песьні. У 1939 годзе яго арыштавала НКУС. Кіслы некалькі гадоў правёў у турме.

Хор сабора сьвятога Мікалая ў Беластоку. Пасярэдзіне Кастусь Кіслы, справа Лізавета Кіслая. Беласток, 1930-я гг.
Хор сабора сьвятога Мікалая ў Беластоку. Пасярэдзіне Кастусь Кіслы, справа Лізавета Кіслая. Беласток, 1930-я гг.

Потым вярнуўся ў Беласток. З 1944 году быў у эміграцыі ў Нямеччыне, Бэльгіі, ЗША. Паўсюль працягваў музычную дзейнасьць, зьвязаную зь беларускай спадчынай. Незадоўга да сьмерці вярнуўся ў Беласток. Памёр ва ўзросьце 81 года. У магіле Кастуся Кіслага пахаваныя таксама ягоныя жонка і дачка.

Пахаваньне сям’і Кіслых
Пахаваньне сям’і Кіслых

Мікалай Чарнецкі

Беларускі публіцыст і пэдагог Мікалай Чарнецкі нарадзіўся ў 1899 годзе ў вёсцы, якая цяпер знаходзіцца каля самай польска-беларускай мяжы. Скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю. Быў актывістам Грамады беларускай моладзі ў Горадні, сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў.

Настаўнікі Клецкай гімназіі. Мікалай Чарнецкі другі зьлева
Настаўнікі Клецкай гімназіі. Мікалай Чарнецкі другі зьлева

З 1921 году жыў у Празе, скончыў Праскі ўнівэрсытэт. Удзельнічаў у беларускім студэнцкім руху. У 1929 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, працаваў настаўнікам беларускіх гімназій у Радашкавічах і Клецку. Пазьней жыў у Вільні, выдаваў часопіс «Золак». Чарнецкага перасьледавалі польскія ўлады за дзейнасьць у беларускім нацыянальна-вызвольным руху.

Працаваў у асьвеце на Падляшшы. Пасьля 1940 году Мікалая Чарнецкага арыштавала НКУС, ён уцёк з-пад арышту. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку. Удзельнічаў у беларускім нацыянальным падпольлі. Яго забілі ўдзельнікі польскага подпольля ў студзені 1944 году. Пражыў 44 гады.

Магіла Мікалая Чарнецкага
Магіла Мікалая Чарнецкага

Лявон і Сяргей Богушы

Магілы сям’і Богушаў адшукаў Аляксей Трубкін, кажа суразмоўца. Іхныя імёны былі забытыя. Невядомыя месца і дата нараджэньня. Браты Лявон і Сяргей Богушы былі актыўнымі ўдзельнікамі беларускага нацыянальнага руху.

Лявон Богуш
Лявон Богуш

Лявон Богуш браў удзел у стварэньні тэатру пры ТБШ у Беластоку, і тэатральнага таварыства «Полымя», быў салістам хору пры Беларускім камітэце ў Беластоку. У магіле Лявона Богуша пахаваныя ягоная жонка, якая працавала разам зь ім у Беларускім камітэце, а таксама бацька і маці. Брат Сяргей пахаваны асобна.

Пахаваньне сям’і Богушаў
Пахаваньне сям’і Богушаў
Пахаваньне Сяргея Богуша
Пахаваньне Сяргея Богуша

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG