Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітвязень — увесь беларускі народ». Вызваленая з турмы Паліна Шарэнда-Панасюк дала прэс-канфэрэнцыю ў Вільні. ВІДЭА

абноўлена

Паліна Шарэнда-Панасюк падчас канфэрэнцыі ў Вільні. 10 лютага 2025 г.
Паліна Шарэнда-Панасюк падчас канфэрэнцыі ў Вільні. 10 лютага 2025 г.

Палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк, якая выйшла на волю ў лютым пасьля чатырох гадоў за кратамі, расказала на прэс-канфэрэнцыі ў Вільні пра ўмовы ўтрыманьня ў турме і іншыя акалічнасьці палітычнага перасьледу яе ўладамі Беларусі.

На самым пачатку Шарэнда-Панасюк назвала «абсалютным тэрорам» тое, што адбываецца ў краіне, і катаваньні, празь якія яна прайшла.

«За пару дзён да спатканьня чалавек трапляе ў ШЫЗА. Прыдумляюць нейкую прычыну і кідаюць туды. І ні спатканьня, ні тэлефанаваньняў ужо ня будзе».

Пра катаваньні й зьдзекі

На прэсавай канфэрэнцыі прысутнічала галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна. Яна сказала на пачатку:

«Больш за 270 содняў Паліна правяла ў ШЫЗА і карцарах. Супраць яе ўжывалі карную псыхіятрыю, яна трымала галадаваньне. Яе вызваленьне — гэта і наша перамога».

Паліна пачала выступ з такіх словаў:

«Гэтыя чатыры гады можна ахарактарызаваць як жыцьцё сярод нелюдзяў. Дзякуй усім, хто дапамагаў мне і маёй сям’і, хто зьбіраў перадачы. Усім журналістам, якія трымалі тэму палітвязьняў у фокусе ўвагі. Тое, праз што праходзяць тысячы палітвязьняў у Беларусі, — гэта тэрор, катаваньні й зьдзекі. Зараз палітвязень — гэта ўвесь беларускі народ, які застаўся ў закладніках.

Абсалютная беспакаранасьць і расейскі „парасон“ над рэжымам Лукашэнкі даюць кáтам адчуваньне, што яны могуць рабіць са зьняволенымі ўсё, што захочуць.

Я хачу перадаць прывітаньне ПК-24 — Вользе Маёравай, Вікторыі Кульшы, Алене Гнаўк. Іх становішча вельмі цяжкое. Вікторыя Кульша — чалавек, перад якім я схіляюся. Яна не здаецца, нягледзячы на крытычны стан здароўя. Яна трымала галадаваньні, яе кідалі ў ШЫЗА (умовы там можна параўнаць з падваламі НКВД), але нават там яна працягвала галадаць».

Паліна Шарэнда-Панасюк і Натальля Радзіна
Паліна Шарэнда-Панасюк і Натальля Радзіна

Пра падпісаньне паперы аб «канфідэнцыйным супрацоўніцтве»

Маральныя катаваньні яна назвала цяжэйшымі за фізычныя. Паліна Шарэнда-Панасюк заявіла, што людзей катуюць увесь час, прымушаючы іх падпісваць прашэньні аб памілаваньні. Яна падпісала паперы аб супрацы, ёй надалі пазыўны Эдэльвэйс.

«Калі ты не падпішаш гэтае прашэньне, то застанесься за кратамі бясконца. Заключны этап — здымкі на дзяржаўнай тэлевізіі і падпісаньне паперы аб „канфідэнцыйным супрацоўніцтве“. Першую такую паперу я падпісала ў ПК-24, другую — 3 лютага. З майго боку гэта быў тактычны крок. Яны выпрацавалі альгарытм вызваленьня людзей. Ім недастаткова давесьці чалавека да інваліднасьці — ім трэба, каб ён здрадзіў сваім ідэалам.

Я заклікаю ўсіх, хто падпісваў гэтыя дакумэнты, публічна заявіць пра гэта».

Пра перамовы з Лукашэнкам

Былая палітзьняволеная супраць перамоваў з Лукашэнкам і за працяг санкцыйнага рэжыму, у тым ліку эканамічную блякаду.

«Калі я чую пра перамовы з Лукашэнкам, мне становіцца сьмешна. Лукашэнка — гэта не самастойная фігура, а расейская марыянэтка. Калі ў мяне бралі інтэрвію, разам з прапагандыстамі прыяжджаў расеец — ён курыраваў гэтую групу».

Пры гэтым ня ўсе сілавікі пачуваюцца ўпэўнена нават у турмах:

«Расеец, які кіраваў журналісцкай групай, сказаў: „Я вам называцца ня буду“. Ён заўсёды хадзіў у капюшоне. Я думала, што ён будзе дзьверы адчыняць нагамі, але, магчыма, ён проста не давярае трываласьці рэжыму».

Далейшы гандаль з Лукашэнкам і адсутнасьць санкцыяў менавіта за палітвязьняў Шарэнда-Панасюк назвала «ганьбаю цывілізаванага сьвету», бо ў Беларусі людзей забіваюць і катуюць — «і гэта доўжыцца ня год і ня два, а 30 гадоў».

Пра карную псыхіятрыю

Таксама былая палітзьняволеная адказала на пытаньне пра сваю цыдулку, у якой фактычна яна разьвітвалася з роднымі.

«Я пісала родным „мы можам з вамі не пабачыцца“. Не спрацавала інтэрвію на дзяржаўнай тэлевізіі, калі я пайшла на гэтыя умовы, і я была ў вялікай дэпрэсіі, то я падумала, што ім пастаўлена задача мяне проста зьнішчыць».

Паліна Шарэнда-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк

Выказалася былая палітзьняволеная і пра карную псыхіятрыю, якую выкарыстоўваюць пры дыктатуры Лукашэнкі.

«Карная псыхіятрыя — ляяльнасьць да рэжыму прыраўноўваецца да нормы, а любыя адхіленьні ад яе — да псыхічных захворваньняў. Назваць сябе палітвязьнем — гэта ўжо „дыягназ“: паранаідальны разлад асобы».

За ўвесь час зьняволеньня Шарэнда-Панасюк не называла месца, дзе яе ўтрымлівалі, турмой.

«Усе 4 гады я не называла сябе асуджанай, іх гэта вельмі злавала».

На пытаньне пра словы Зянона Пазьняка, які раней заявіў, што палітзьняволеную вызвалілі пасьля ягонага звароту, Паліна адказала:

«Я ня ведаю, якія намаганьні да майго вызваленьня прыкладаў Зянон Станіслававіч. Калі і прыкладаў, ня думаю, што ў атачэньні Лукашэнкі прыслухоўваюцца. Я лічу, што маё вызваленьне — гэта вынік ціску на рэжым».

Адносна выказваньня былой прадстаўніцы ў сацыяльных пытаньнях Аб’яднанага пераходнага кабінэту Вольгі Гарбуновай «А Паліна Шарэнда-Панасюк? Дзеля чаго гэтая барацьба? Яна бессэнсоўная. Проста зьнішчэньне чалавека і сям’і», сама Паліна адказала, што ня ведае такога чалавека, як Гарбунова, і таксама ня ведае, што яна зрабіла дзеля Беларусі, а таму не бярэцца выказвацца на гэтую тэму.

Пра сустрэчу з Кацярынай Бахвалавай (Андрэевай)

У турме Паліна Шарэнда-Панасюк перасякалася і з палітзьняволенай журналісткай тэлеканалу «Белсат».

«У жніўні 2022 году я перасяклася з Бахвалавай. На той момант, я разумею, яна ўжо была там. Яе пачалі цкаваць, яна перастала ўсьміхацца, баялася падыходзіць да нас. На фабрыцы яна пралятала міма, яна вачыма давала разумець, што ня можа падысьці. Плакала. Было бачна, што чалавека ламаюць».

Пра выезд з краіны

Выезд з краіны Паліна назвала вымушаным ходам, каб захаваць сябе ў палітыцы і ўзьяднацца зь сям'ёй. Сустрэчу зь дзецьмі Шарэнда-Панасюк назвала «фантастычным момантам». Яна ўспомніла, што калі яе саджалі ў турму, дзеці былі зусім малыя, а цяпер старэйшы сын — падлетак.

Таксама Паліна Шарэнда-Панасюк адказала на пытаньні Свабоды пра этапы і пра аркуш зь вядомым пасланнем уладам, які яна паказала ў судовай клетцы.

«Калі пасьля суду мяне везьлі ў СІЗА ў Берасьці, яны ўключылі песьню „Саша останется с нами“, зьдзекаваліся. Агулам я палічыла, што за чатыры гады я каля 20 разоў была ў „сталыпінскім вагоне“, каля 80 — у аўтазаку, а колькасьць ператрусаў у розных формах хіба ўжо дасягнула 200 разоў. Ты губляеш рэчы, твае рэчы вытрасаюць адну на адну, ламаюць, крадуць. Усё адбываецца ў зьдзеклівай форме. У СІЗА ў Гомлі сказалі, напрыклад, што дазваляюць усё толькі ў празрыстых ёмістасьцях, таму забралі ўсе пасты, шампуні, крэмы».

Пра зьдзекі пасьля першага суду і прапагандыстаў

Таксама палітычная актывістка «Эўрапейскай Беларусі» адказала на пытаньне пра перадачы.

«Цягам першых двух месяцаў палітзьняволеных робяць так званымі „злосьнікамі“, то бок тымі, хто нібыта супраціўляецца адміністрацыі. Фабрыкуюць некалькі парушэньняў і заводзяць чарговую справу. Закупляцца „злосьнік“ можа толькі на дзьве базавыя велічыні ў месяц. Чалавек аўтаматычна абмяжоўваецца ў магчымасьці нешта сабе нешта набыць. За кратамі аднастайная вугляводная ежа, ніякіх малочных страваў. Пачынаюцца праблемы з зубамі, суставамі. У ПКТ табе перакрываюць усе перадачы, хоць фармальна яны не забароненыя. Цягам 10 месяцаў, як я сядзела ў ПКТ, я не магла атрымліваць ніякіх перадач».

Яшчэ адно пытаньне Свабоды датычылася інтэрвію прапагандыстам зь дзяржаўнай тэлевізіі. Для чаго ёй задавалі пытаньне пра прыналежнасьць Вільні, ці быў у «інтэрвію» расьпісаны сцэнар.

«Безумоўна, сцэнар быў. Яны хацелі дыскрэдытаваць пэўныя структуры. Тое, што ім, напэўна, найбольш балела ў гэты момант, а я павінна была пацьвердзіць ці абвергнуць гэта».

Як даведалася пра вайну ва Ўкраіне

«Для мяне гэтая вайна пачалася з гуку самалётаў, і тады я зразумела, што нешта адбываецца.

А канчаткова стала зразумела, што адбываецца, тады, калі я сустрэлася зь людзьмі ў сакавіку 2022 году. Я трапіла ў СІЗА і тады даведалася, што гэта было ўварваньне Расеі менавіта зь беларускай тэрыторыі ва Ўкраіну. Людзі з розных месцаў Гомельшчыны расказвалі, што расейскія вайскоўцы здымалі ў іхных мястэчках, гарадах кватэры, закуплялі гарэлку, палі былі застаўленыя верталётамі, танкамі, іншай вайсковай тэхнікай».

Пра Тацяну Канеўскую

«З Тацянай Канеўскай я не была знаёмая, але яна сваімі якасьцямі лідэр. Вельмі сьветлая жанчына, і я спадзяюся, што таксама ўдасца дамагчыся яе вызваленьня. Спадзяюся, што мы з Тацянай яшчэ шмат зробім дзеля Беларусі. Прашу змагацца і за яе вызваленьне!»

Пра гераізм палітвязьняў

«Я б кожнаму палітвязьню сказала, што ён герой, бо ён выжыў ва ўмовах „Паўночна-Заходняй Карэі“, у якую цяпер ператворана Беларусь. Усе гэтыя людзі для мяне героі. Мы, беларусы, мусім навучыцца паважаць сваіх жывых герояў. Мы мусім выхоўваць сваю генэрацыю герояў. У падмурку нашай адроджанай нацыі мусяць быць героі. Іх трэба падтрымліваць і фінансава, і маральна. Тады нашая нацыя будзе моцная і мужная».

Перасьлед Паліны Шарэнды-Панасюк

  • Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году, з таго часу яна знаходзілася за кратамі.
  • У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прысудзіў Шарэндзе-Панасюк 2 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 («Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта») КК. Падчас сьледзтва і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказаньні, а таксама падкрэсьліла, што не прызнае суду: «Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом ня маюць».
  • У красавіку 2022 году палітзьняволенай прысудзілі яшчэ адзін год зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ адзін год паводле таго ж артыкула.
  • За час зьняволеньня ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, зьявіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакалі муж Андрэй Шарэнда і двое сыноў — Славамір і Стах.
  • 1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю.
  • Раніцай 6 лютага стала вядома, што Паліну Шарэнду-Панасюк вывезьлі зь Беларусі пры дапамозе кампаніі эвакуацыі BySol і партнэраў. Увечары муж з сынам і неабыякавыя беларусы кветкамі й воплескамі сустрэлі яе на вакзале ў Вільні.
  • Абвешчаны на плятформе BySol збор грошай для Паліны пасьпяхова адбыўся ўжо ў першы дзень, набраўшы неабходную суму 5 тысяч эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG